23.05.2013 | Чорна-белыя вершы

Вольга Гронская // “Пяць”

Вольга Гронская – паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца. Нарадзілася 10 чэрвеня 1978 года ў г.п. Крывічы Мядзельскага раёна. Скончыла рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэту БДУ і аспірантуру пры ім. Двухразовая пераможца “Фестывалю аднаго верша”. Першая кніга Вольгі Гронскай “АдВольная міфалогія” выйшла ў 2013 годзе.

 

 

 

 

А калісьці надыдзе дзень,
і ён табе скажа: «Ма,
гэта не шапка, а смех адзін!
Хочаш — насі сама».
Кіне яе на канапу,
пойдзе ў свой пакой і
ўключыць там Muse, ці Coldplay,
ці нешта яшчэ такое
(што будуць слухаць у дваццаць трэцім
гэтыя дзеці?).

А неяк убачыць дзіцячае фота
на сайце і скажа: «Ну вы далі!
У мяне там зуба няма, і ўвогуле — выдалі.
Павесь лепш туды Далі».
Кіне ў заплечнік рыдар
(плэер, айфон, тамтам)
і — «Не чакайце, мам!»
Махне рукой, усміхнецца
ды апынецца там,
дзе побач з дзяўчынкай-скерца
стане сэрца шалёна біцца.
Як і тваё, дарэчы:
ты з гэтага часу штовечар
пачнеш класціся позна, правяраць тэлефон…
Звоніць. Гэта не ён?

Цяпер ты таксама не спіш. Пакуль —
таму, што кашляе, прачынаецца, просіць тваю руку
(ведае: ад любога цмока і ведзьмака
абароніць гэта рука).
І ты закідаеш дэдлайны і важныя прапановы —
на гарышча, у куфар, дзе цень.
Бо калісьці надыдзе дзень,
і ён сыдзе — дарослы — жыць.
А пакуль — верабейкам сонным — папросіць піць,
і яму яшчэ толькі пяць.
Можна гладзіць па валасах,
трымаць за руку,
сцерагчы яго сон
і самой
не спаць.
ew1

Чорна-белыя вершы // Пра праект // Удзельнікі папярэдніх выпускаў

Беларускае Лiтаратурнае Радыё ЕЎРАРАДЫЁ relax.by Культурный журнал Саюз беларускіх пісьменнікаў

Адзін каментар у “Вольга Гронская // “Пяць””

  1. Ксенія says:

    Яка краса. Не знаю білоруської, але практично все зрозуміла)

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика