24 красавіка ў магілёўскім клубе “Куба” вядомы гурт “Сердце дурака” прэзентаваў свой новы альбом “Война и любовь”.
Альбом быў запісаны і зведзены практычна ў апошнія тыдні і складаецца пераважна з новых песень Цімафея Яравікова, ідэйнага лідара калектыву.
Нягледзячы на тое, што нядзельны канцэрт быў не першым і не апошнім у даволі вялікім туры “СД”, для ўсіх прысутных ён меў культавае значэнне, бо выступаць давялося на малой радзіме, дзе, як вядома, і попыт вышэйшы.
Мерапрыемства пачалося амаль у час, і, на жаль, адной з прычынаў гэтага стала адсутнасць чэргаў на ўваходзе (сам Цімафей потым з усмешкай патлумачыў гэта эканамічным крызісам). Так, перад пачаткам пляцоўка пад сцэнай мела даволі сумны выгляд. Але ці то магілёўцы так любяць спазняцца, ці то пачулі з вуліцы мілагучныя акорды і вырашылі зазірнуць, ці то папросту хаваліся па завуголлях клуба, энергетыка Цімафея з таварышамі ўрэшце падцягнула да сцэны пэўную колькасць людзей. Хоць аншлагу не адбылося, атмасфера была даволі душэўнай (адзін з наведнікаў пажартаваў, што гук і выкананне задужа добрыя для такой колькасці гледачоў).
Першае аддзяленне цалкам складалася з новаальбомных песень, даволі розных, але аб’яднаных адной ідэяй і выкананых у жорсткім гітарным стылі, які цяпер прапагандуе гурт. А пасля невялічкага перапынку публіка з задавальненнем адцягнулася пад старыя любімыя хіты (спяваць якія Цімафей неўзабаве выйшаў у вышыванцы). Ну і па старой традыцыі ўсё скончылася абдымашкамі і сэлфі з Цімафеем і доўгай чаргой па аўтографы.
Перад, падчас і пасля канцэрта тут жа можна было набыць плыткі “Сердца дурака” і рознага кшталту атрыбутыку, якой гурт назапасіў вялікую колькасць. Што наведнікі з задавальненнем і рабілі.
Стварылася ўражанне, што публіцы ў цэлым усё спадабалася. Адзін стары магілёўскі музычны крытык прамовіў, маўляў, думаў, што будзе горш, і нават выказаў жаданне пераслухаць новы альбом. Дзякуй і на гэтым. Ды і астатнія, як падалося, засталіся задаволеныя. Хтосьці адзначыў, што “старая праграма раднейшая, але было душэўна”, нехта новы альбом ужо паспеў пачуць і ўпадабаць.
Пасля канцэрта па музыках было бачна, што ўсе свае сілы яны пакінулі на сцэне (часам было страшна за голас Цімафея: здавалася, ён не здолее так аддана, як апошні раз, спяваць і далей, але гады практыкаванняў зрабілі сваё – усё атрымалася). Гітарыст Аляксандр Балбераў (якога, дарэчы, адзначылі ўсе за высокі прафесіяналізм) прызнаўся, што было даволі складана, таму што гэта фактычна першы “электрычны” тур гурта ў такім складзе. Але дадаў, што “атрымліваецца добра, калі добра адрэпетавана”.
Сам Цімафей, здаецца, застаўся задаволены:
– Мы больш за тры гады не гралі ў Магілёве сапраўдную “электрычнасць”. Чаму? Не клічуць. Так, прыхільнікаў магло быць і болей. Але дзякуй тым, хто прыйшоў. Гэта нашы “залатыя” гледачы. Наперадзе яшчэ шмат канцэртаў па Беларусі, потым Масква і Піцер. Ёсць агромністае жаданне трапіць ва Украіну, але гэта складана цяпер з фінансавага пункту гледжання. Альбом жа мы рабілі ў доўг. І цяпер збіраем праз краўдфандынг грошы. На жаль, пакуль ёсць толькі палова неабходнай сумы…
Карацей, канцэрт, на нашу думку, атрымаўся. Усё было зроблена эмацыйна і пры гэтым на дастаткова высокім прафесійным узроўні. Таму ўсім ахвочым раім наведаць гэтае мерапрыемства ў сваім горадзе. І самім вызначыць хібы альбо вартасці таго, што прапануе гурт “Сердце дурака”. Тым больш што і сам Цімафей нагадаў на развітанне пра сваё старое крэда:
– Мы граем не для ўсіх, мы граем для кожнага
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва