У Мінску прайшлі майстар-класы па вулічным тэатры славенскага рэжысёра Яшы Енула. Яша Енул — сузаснавальнік і рэжысёр вядомай славенскай тэатральнай групы “Люд”, якая займаецца эксперыментальнымі (у тым ліку вулічнымі і інтэрактыўнымі) формамі тэатра і выступала са сваім спектаклем “Уварванне іншапланецян” на фестывалях у Брэсце, Мінску і Магілёве. У рамках інтэнсіўных майстар-класаў як для студэнтаў Акадэміі мастацтваў, так і для вольных слухачоў прайшлі трэнінгі па развіцці здольнасцяў да інтэрактыву і імправізацыі, былі праведзеныя сесіі вулічнага перфомансу.
У словазлучэнні “вулічны тэатр” мне не падабаюцца абодва словы. “Вуліца” робіцца ўсё больш абстрактным паняццем. Раней яно абазначала прастору паміж будынкамі для праходу ці праезду. І нейкім чынам уласныя імёны будынкаў надавалі вуліцам пазнавальнае аблічча. Вуліцы зрабіліся безасабовымі. Форум вулічных тэатраў, які праходзіў на вуліцы Карла Маркса, быў класнай падзеяй для мінакоў, але так і не зрабіўся ёй для жыхароў. Рабіць тэатр на вуліцы — гэта як хадзіць абедаць у госці.
У рамках майстар-класа Уладзімір Галак, які робіць даследаванні па гэтай тэме, вывеў паходжанне вулічных форм тэатра з гісторыі тэатра ўвогуле. Маўляў, яшчэ старажытныя грэкі і сярэднявечныя еўрапейцы глядзелі тэатр на вуліцы. Гэта сапраўды так. Нават у тэатральным будынку шэкспіраўскага “Глобуса” не было даху. Але мне такое разуменне вулічнага тэатра няблізкае. Бо гэта той самы традыцыйны тэатр, якому ў нашых шыротах перашкаджае выступаць на вуліцы толькі надвор’е.
Я маю нахабнасць сцвярджаць, што тэатр істотна не змяняецца на вуліцы. Але яго ўспрыняцце быццам размываецца, бо прырода заўсёды цікавейшая за штучныя дэкарацыі. Дрэнны тэатр пачынае здавацца не такім дрэнным. Ігра акцёраў робіцца нібыта празрыстай, нібыта сама сабой з’яўляецца дыстанцыя з тым, што ты глядзіш. Збольшага спектаклям гэта ідзе на карысць, але пытанне, ці такое ідзе на карысць самім акцёрам і публіцы? Акцёрская прафесія патрабуе дакладнасці і тонкасці падыходу. Гледачу таксама неабходна быць уважлівым і пільным. І гэта натуральна адбываецца толькі ва ўмовах сцэны. Сцэна — неабходны медыум такой камунікацыі.
Наконт тэатральнасці вулічнага тэатра таксама ёсць што сказаць. Сучасны тэатр абсалютызаваў падзел на публіку і выканаўцаў. Адна з галоўных праблем вулічных тэатраў — арганізаваць публіку такім чынам, каб іх было бачна. Прасунутыя вулічныя тэатры спачатку арганізуюць вакол сябе кола, саджаюць першыя шэрагі гледачоў ці нейкім чынам выбіраюць месца, каб добра было бачна і не заміналі гучны шум і яркія агні. Іншымі словамі зрабіць тую самую сцэну.
Быць бачным, быць заўважным, выконваць, атрымліваць апладысменты — вось што такое сучасны тэатр. Гэта аўтарытарная сістэма, дзе адзін кажа, а ўсе астатнія слухаюць.
Вуліца, плошча, майдан — традыцыйна дэмакратычныя месцы. Самы высокі і магутны лідар губляецца ў натоўпе. На вуліцы і на плошчы неабходна навучыцца асабліваму спосабу камунікацыі. Гэтая камунікацыя адначасова павярхоўная і сутнасная. Што нам трэба ад людзей навокал? Звычайна зусім нічога. Але мы звяртаемся па іх дапамогу, калі згубіліся, калі мы ў бядзе і, нарэшце, калі нам сапраўды ёсць чым падзяліцца…
Вуліца вымагае свайго тэатра, які варта было б назваць іншымі словамі. У аснове гэтай дзеі ляжыць імправізацыя і інтэрактыў, але галоўнае — выпадковая, некантралявальная камунікацыя. Мы ўжо выкарыстоўвалі слова хэпэнінг, я думаю, можна прыдумаць прыдатны для гэтага варварызм.
Яша Енул расказвае аб тым, як тэатр “Люд” стаў вулічным, такую гісторыю: “Мы рабілі эксперыментальны тэатр у Любляне. І на нашы мерапрыемствы прыходзілі адны і тыя ж гледачы. Як правіла, гэта былі нашы сябры, якія таксама займаліся эксперыментальным тэатрам. Мы, як па коле, хадзілі на спектаклі адно да аднаго. Для нас выйсці на вуліцу — гэта быў спосаб разарваць гэтае кола. Выйсці да новай публікі”.
Трэнінг тэатральнай групы “Люд” накіраваны, па-першае, на тое, каб разняволіць артыста, натрэніраваць яго імкліва і адэкватна рэагаваць на зменлівае наваколле, па-другое, каб абудзіць яго фантазію, даць яму намацаць той багаты арсенал сродкаў камунікацыі, а па-трэцяе, навучыць бачыць наваколле і выкарыстоўваць яго асаблівасці для сваёй імправізацыі.
Адну з галоўных праблем, якую імкнуўся вырашыць Яша Енул падчас сваіх трэнінгаў, — гэта “зашмат усяго”. Любая імправізацыя імкнецца да гвалту і хаосу. Вельмі лёгка ўзвінціць рытм дзеі да вельмі хуткага, але як усім разам адначасова спыніцца? Ці яшчэ больш складана: як запаволіцца паступова, калі ўсё ідзе на высокім рытме?
“Самае важнае, чаму вы мусіце навучыцца, — гэта ўменне чуць і слухаць”, — паўтараў кіраўнік майстар-класа. Эгаізм і індывідуалізм — вось што найчасцей перашкаджае артыстам заставацца такімі ж цікавымі на вуліцы, як на сцэне. Артыст — гэта заўсёды індывідуальнасць. І хто добраахвотна адмовіцца ад яе?
Мэтай такога тэатра ёсць не столькі паведамленне. Не пазіцыя “я — артыст, я адкрыў у табе нешта новае”, а “давай разам з табой знойдзем нешта новае”. Тут ужо не так важная сама ідэя performing — выканання, тут сапраўды цела і фантазія робяцца сродкамі таго, каб у сусвеце з’явілася больш сувязяў і знаёмстваў.
Яша Енул расказаў пра новы праект, які “Люд” распачне ў хуткім часе. Ён называецца “мясцовы герой” (local hero). Яго сутнасць у тым, што выканаўца (гэта будзе фронтмэн “Уварвання” Грэга Маціўнік) будзе пэўны доўгі час выконваць абавязкі мясцовага супергероя ў пэўным раёне ці горадзе. Цяжка сказаць, якая праца будзе ў такога “героя”. Давядзецца яму забаўляць размовамі старых ці пашчасціць здзейсніць сапраўдны подзвіг? Цікава, што гэты эксперымент быў падтрыманы на самым высокім узроўні. Мне здаецца, у гэтым праекце вельмі адчуваецца ідэалогія гэтага камунікацыйнага мастацтва ў публічных прасторах.
На форуме вулічных тэатраў, які мае адбыцца 9—11 траўня ў верхнім горадзе, плануецца ўдзел іншага праекта тэатра “Люд” — “Streetwalker’s gallery”. Так што цікаўныя да эксперыментаў маюць шанец пазнаёміцца з вулічнымі формамі тэатра сам-насам.
Аляксей Стрэльнікаў