У святле апошніх геапалітычных падзей зусім недалёка ад Беларусі любыя тэмы, якія тым ці іншым чынам датычаць зямлі і права людзей на зямлю, непазбежна набываюць дадатковыя канатацыі. Але сіквел Аляксандры Бутар “Белыя Росы. Вяртанне” зусім не пра геапалітычныя працэсы. Або, прынамсі, не толькі пра іх. Крыху развагаў пра фільм, прэм’еру якога беларусы пабачаць гэтай восенню.
Калі я глядзела сучасны працяг славутага фільма 1983-га года Ігара Дабралюбава, то згадвала чамусьці не толькі першапачатковую стужку. Дакладней, я нават старалася наогул абстрагавацца ад яе. Бо зразумела адпачатку: калі падыходзіш з крытэрамі трывала геніяльнага твора да ацэнкі нечага свежастворанага, рызыкуеш або расчаравацца, або аблажацца. У Бутар і Мікалай Карачанцаў з’яўляецца ў карціне толькі ў адным кароткім эпізодзе, і правы на скарыстанне музыкі Яна Фрэнкеля (“Обломал немало веток, наломал немало дров…”) выкупіць не ўдалося, бо не ўдалося знайсці спадчынніка кампазітара, які валодаў бы гэтымі правамі, і сцэнар пісаў не толькі Аляксей Дудараў, а разам з рэжысёркай і Юліяй Гірэль. Усё не так, усё не тое?
Але паўстае пытанне, ці варта наогул параўноўваць фільм Дабралюбава з дэбютным поўнаметражным фільмам Аляксандры Бутар, якім выпала стаць сіквелу славутых “Белых Росаў”? Да гэтага Аляксандра сапраўды не працавала над поўнаметражнымі карцінамі і мела вопыт пераважна ў стварэнні музычных кліпаў і тэлешоу кшталту “Паўлінка NEW”. Але немагчыма не прызнаць апантанасці, шчырасці і непадробнага творчага азарту, з якім яна ўзялася за здымкі новага фільма пра супрацьстаянне горада і вёскі, сапраўдных чалавечых пачуццяў і грошай. Па сутнасці, каманда, якая працавала над фільмам “Белыя Росы. Вяртанне”, сваімі стасункамі падчас працы над фільмам сцвердзіла і пацвердзіла ўсе тыя гуманістычныя (даруйце за пафас) каштоўнасці, пра якія, уласна кажучы, і апавядаецца ў фільме. І нягледзячы на шлейф неадназначных эмоцый, якія сёння ў большасці ўсё-ткі выклікае назва кінастудыі “Беларусьфільм”, фільм зусім не аказаўся правальным. Гэта такі цікавы мікс жанравага кіно (магчыма, яно нават няблага б глядзелася ў тэлефармаце ў колькасці 4-х серый) і нечага вельмі камернага, тэатральнага і чуллівага.
Тэатральнага – таму што ў фільме здымалася шмат беларускіх акцёраў, вядомых нам больш па сваёй тэатральнай працы. Напрыклад, Віктар Манаеў у ролі гіпербалізавана нервовага і хцівага звонку, але добрага ўнутры Струка і Павел Харланчук у ролі прагнага да грошай бізнесмена Бодзі з Купалаўскага тэатра, Яўгенія Жуковіч у ролі нешматслоўнай закаханай ў Бодзю Паліны з Тэатра беларускай арміі, Сяргей Жбанкоў у ролі напарніка Бодзі Русачэнкі з тэатра імя Горкага, Ірына Ягорава-Каўрыга, Ганна Палупавана, Максім Паніматчанка… Фільм “Белыя Росы. Вяртанне” задзейнічаў літаральна ўсіх беларускіх акцёраў, прозвішчы якіх на слыху, і нават некаторых медыйных асобаў. Ну, і канечне, нельга забываць пра ажыятаж з удзелам Мікалая Карачанцава і Юозаса Будрайціса ў ролі таго самага Ходаса. Інфармацыйную нагоду стварыў і выхад саўндтрэка да фільма, у напісанні якога ўдзельнічаў кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, а асобныя песні запісалі гурты “Свитер бойз”, “Бурановские бабушки” і “J:морс”.
Чуллівасці фільму надае, так бы мовіць, галоўны мэсідж. На фоне прыўкраснага краявіду беларускай вёскі (які тэхнічна зняты так дасканала і высакаякасна, што мала падобны да нечага рэальнага, а нагадвае хутчэй застаўку для працоўнага стала) разгортваюцца страшныя падзеі. Інвестары хочуць зруйнаваць вёску Белыя Росы, а на яе месцы пабудаваць нейкі цэнтр, які сёння прынята называць шматфункцыянальным. І ў падтрымку гэтага драматургічнага канфлікту пачатковыя тытры суправаджаюцца а-ля рэкламай шматфукцыянальнай забудовы, макет якой зроблены трохмерным, а пра яе выгоды настойлівым рэкламным голасам расказвае дыктар. Словам, мы бачым спрадвечны кагнітыўны дысананс паміж старым укладам і новым, які імкліва наступае са сваімі каштоўнасцямі ў выглядзе бізнес-праектаў, бізнес-планаў, культу спажывання, рэчаў і бабла.
Гэтае наступленне, дарэчы, і ў рэальным жыцці даволі добра адчуваецца. Робіцца нават трошкі страшна ад гэтых новых культаў. І згадваюцца розныя формы сучаснага пакланення матэрыяльнаму, адлюстраваныя ў кінематографе ад “Окраины” Пятра Луцыка да “The Bling Ring” Сафіі Копалы. Але інвестары і шматфункцыянальныя цэнтры – гэта настолькі па-беларуску, што хочацца проста абняць і плакаць. І тое, што ў гэтым фільме, хоць і не без пэўнага пафасу, перамагае любоў, бізнесмены плююць на грошы, а вёска Белыя Росы застаецца, даючы магчымасць кінематаграфістам і надалей эксплуатаваць гэтую тэму, пакідае надзею на лепшае.
Як і застаецца надзея на тое, што беларускае кіно спакваля ўсё-ткі перамагае нейкія нябачныя бар’еры. І хаця дыскусію пра тое, на якой мове мусіць быць нацыянальнае кіно, асабліва калі там вядзецца пра вёску, можна працягваць, а здаровага піяру нашаму кіно ўсё яшчэ не хапае, нам ўсё роўна нічога не застаецца, акрамя як спадзявацца, што любоў пераможа. І, можа быць, прыкласці да гэтага хоць крыху намаганняў.
Воля Чайкоўская, budzma.by