Вяселле. З якім хваляваннем яго чакае кожная нявеста. Як кожная марыць быць самай прыгожай. А вось тут пачынаюцца варыянты, бо эталон прыгажосці ў кожнага свой. Прыхільнікі этна-руху лічаць найпрыгажэйшай традыцыйную народную вопратку і таму абіраюць яе для свайго вяселля.
Першае незвычайнае за апошнія гады, амаль поўнасцю традыцыйнае, вяселле на Любаншчыне адбылося у Анастасіі і Васіля. Незвычайным для сучаснікаў, а значыць традыцыйным было амаль усё. Доўга маладой давялося рыхтавацца да падзеі, сваімі рукамі па старажытных узорах і тэхналогіях вышыла і пашыла Насцечка фартушок, ручнікі, якіх на вяселле патрэбна аж 12, кашулі для маладых. Пад чулым кіраўніцтвам майстра-ткача ўсё лета ткала спецыяльную вясельную посцілку, дарэчы, па ўзоры тканага вырабу сваёй бабулі – як прыгожа красавалася посцілка з ільвамі, галубамі, букетамі сярод ручнікоў, кветак, стужак за плячыма маладых. Вянчала застольную кампазіцыю сапраўдная дуга, паводле любанскага звычаю ўпрыгожаная. Вясельная зала зіхцела жывымі і самаробнымі кветкамі, асабліва прыгожа выглядалі вялікія старажытныя хусткі ў якасці аздобы.
У вяночку з барвінкам, у саматканым андараку, а жаніх у вышыванцы, падпяразанай поясам, селі маладыя ў шыкоўныя аўто, каб ехаць на роспіс, і рушылі не да ЗАГСу, а да жывапіснага бярозавага гаю. Спецыяльна для гэтай пары была зробленая рэканструкцыя старажытнага беларускага абраду злучэння маладых, аб’яднаная з дзяржаўнай рэгістрацыяй шлюбу. Сышліся дарожкі з ручнікоў, аб’ядналіся іконы з вянчальнай пары, завязаліся на бярозкі ахвярныя ручнічкі, паляцела на гасцей збожжа з рук маладой. Завяршылася цырымонія лявоніхай пад дуду.
Разам са сведкамі селі маладыя ў конную карэту і паехалі праз родную вёску, а тут ужо па традыцыі дарогу перагароджвалі, сустракалі, віншавалі. У сваім двары кінулі ў калодзеж замок, найстарэйшая замкнула яго пры роспісе.
Вясельны стол ламаўся ад прысмакаў сярод якіх былі традыцыйныя беларускія і старажытныя стравы. Нялёгка было сучасным кухарам прыгатаваць верашчаку, кілбасы з півам, алкагольны абрадавы крупнік, абавязковы вясельны кісель… Незвычайным на вяселлі быў і тамада (маршалак па-беларуску), гучалі тосты і віншаванні толькі па-беларуску, ды з гумарам, з асалодай. Пад абрадавыя спевы зняла свякруха вянок і завіла нявесце намітку замест звыклай хусткі, караваі былі ўпрыгожаныя ў традыцыях родных месцаў маладых, зычэнні ад гасцей гучалі на роднай мове, нават госці з Масквы стараліся. Былі танцы традыцыйныя і сучасныя, весялосць і задор, быў мёд і піва, было вяселле ўсім на дзіва, маладым на радасць, будзе доўгае і шчаслівае жыццё.
Сяргей Выскварка
Фота: Аляксей Сталяроў