У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Вольгі Бабурынай «Правы выцінанкі». Выцінанка, якая лічыцца традыцыйным народным майстэрствам, апынулася побач з актуальным мастацтвам невыпадкова. У ажурных узорах з паперы мастачка ўвасобіла 30 артыкулаў «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека».
Многія сюжэты для выставы паўсталі ва ўяўленні аўтаркі адразу пасля прачытання Дэкларацыі: права на грамадзянства, напрыклад, адлюстравалася ў вобразе каляровага дрэва жыцця, а права на маёмасць натуральна праасацыявалася з шыкоўным маёнткам. Некаторыя артыкулы былі складанымі для ўвасаблення: «Адным з самых цяжкіх быў артыкул 9, дзе гаворыцца, што ні над кім не павінен учыняцца самавольны арышт, затрыманне або выгнанне. – кажа Вольга Бабурына, – Гэта такая балючая тэма. Я адразу ўспомніла фотаздымкі часоў вайны, залепленыя паперай вокны. Атрымалася праца ў чырвона-чорных колерах з вострымі, як іклы, элементамі».
Пераказаць касмапалітычныя абстрактныя артыкулы Дэкларацыі вобразнай мастацкай мовай, каб яны сталі зразумелымі і блізкімі кожнаму, – такую мэту паставіла сабе мастачка. Ідэя зрабілася папулярнай, і летась праваабарончы цэнтр «Вясна» выдаў калекцыю паштовак Вольгі з правамі-выцінанкамі. «Увогуле гэтая выстава можа пераязджаць з краіны ў краіну, бо пытанне правоў чалавека актуальнае паўсюль, – лічыць Вольга. – Іх веданне дапамагае ў многіх сітуацыях. Я сама сутыкалася, напрыклад, з парушэннем аўтарскіх правоў. А нядаўна занесла ў друкарню карцінкі, мне дрэнна надрукавалі і змушалі заплаціць, але я адстаяла свае правы пакупніка».
Сама назва выставы гаворыць пра тое, што Вольга Бабурына вырашыла надаць правы і выцінанцы як самастойнаму і сучаснаму віду мастацтва, з дапамогай якога можна выказвацца на любыя агульначалавечыя тэмы. Эксперыментаваць мастачка з Маладзечна пачала яшчэ ва ўніверсітэце, калі яе папрасілі зрабіць выцінанкі на тэму знакаў задыяка. «Спачатку абразілася, бо я ж такая традыцыйная, а пасля зразумела, што ўсё магчыма», – згадвае Вольга. З таго часу ў яе было некалькі выставаў, удзелаў у конкурсах, выйшла кніга «Мая выцінанка» ў сааўтарстве з Наталляй Сухой – у найбліжэйшы час, дарэчы, чакаецца яе перавыданне, а таксама ўжо ёсць ідэя наступнай кнігі-каталога з прыкладамі і нарыхтоўкамі для выцінанак. Мастачка вырашыла зарабляць на жыццё любімай справай, таму робіць таксама практычныя рэчы – завушніцы, паштоўкі, магніты з беларускімі жывёламі і сімваламі.
«Сёння выцінанка набывае новае жыццё, прычым цікавяцца ёй не замежнікі, а збольшага самі беларусы, – кажа Вольга. – Майстроў вельмі шмат, пальцаў дзвюх рук не хопіць, каб пералічыць усіх, хто мае свой пазнавальны стыль. Самыя вялікія выцінанкі рабіў Вячаслаў Дубінка – ад столі да падлогі, а Алена Шаліма пасля паўтарыла ягоную ідэю. Самыя маленькія, напэўна, раблю я на сваіх завушніцах. Але важна, каб беларускую выцінанку адрознівалі ад іншых – ад польскай, ад украінскай, каб гэта быў такі ж пазнавальны брэнд, як, скажам, расійская хахлама. І калі нехта за мяжой выразае нашыя ўзоры, яму варта ведаць, што гэта менавіта беларуская выцінанка».
Таму ўсіх аматараў выцінанкі, якія жадаюць навучыцца гэтаму майстэрству, Вольга заклікае захоўваць яго чысціню: «Ёсць кнігі, выставы, гурток ад Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, інфармацыі багата. Але прашу ўсіх навічкоў не браць з інтэрнэту невядома якія лякалы, лепш вучыцца беларускай выцінанцы, не змешваючы яе з іншымі традыцыямі».
Выстава «Правы выцінанкі» працягнецца ў Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва да 7 верасня.
Аляксандра Дорская, фота – Зарына Кандрацьева