Выстава “Бела-чорна-белыя рытмы” вядомага мастака, грамадскага і культурнага дзеяча Латвіі і Беларусі Вячкі Целеша адкрыецца 24 ліпеня ў галерэі “Тызенгаўз” у Гародні.
Вячка Целеш, ураджэнец Ваўкавышчыны, ужо другі раз прадставіць гарадзенцам сваю творчасць. Яго першая выстава прайшла ў Гародні яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэтым разам у 17 працах Вячкі Целеша ўвасобіўся яго талент графіка.
Вячка Целеш – мастак, педагог, мастацтвазнаўца, філакартыст, грамадскі дзеяч. З 1958 году жыве ў Латвіі, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў. Працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу і графікі, а таксама ў экслібрысе. З 1995 году – сябра Беларускага саюзу мастакоў. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, іншых музеях Беларусі, у замежных дзяржаўных і прыватных зборах.
У 1990 годзе Вячка Целеш спрычыніўся да стварэння міжнароднага аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.