У галерэі «Палац мастацтва» 1 лютага адкрыўся выставачны праект «1,10 КВАДРАТА», прысвечаны 110-годзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. Аднак праз тры дні выставу закрылі «па тэхнічных прычынах».
Адкрыццё выставы. Фота: Сяргей Ждановіч. Крыніца: Facebook
На выставе быў прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце, па славах арганізатараў, прынялі удзел сябры Беларускага саюза мастакоў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнеры і творчая моладзь. На выставе «1,10» былі прадстаўлены працы сучасных беларускіх аўтараў, якім неабыякава творчасць авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя.
«Чорны квадрат» – самы знакаміты твор Казіміра Малевіча. Яго назва стала метафарай радыкальнасці мастацкага мыслення, калі беспрадметнае ўзводзіцца ў найвышэйшую ступень. Квадрат увасобіў з максімальным лаканізмам ідэю «абсалютнага нуля», пачатку і канца ўсіх формаў, з’яў, светаў. Квадрат у сваім філасофскім значэнні заставаўся не да канца разгаданай загадкай і для свайго стваральніка. Малевіч бачыў у ім таямніцу, падобную космасу, неспасціжны “вобраз Бога”, які немагчыма перапісаць, змяніць ці перасягнуць, але можна, падобна іконе, паўтарыць, ён называў яго сваім галоўным творам, змясціў на вокладку ўласнай кнігі аб супрэматызме ў 1916 годзе, падпісваў ім, як манаграмай, свае лісты і познія фігуратыўныя карціны», — напісана ў анонсе выставы.
Арганізатары таксама адзначылі, што галоўнае ў выставе — нават не тэма, зададзеная куратарамі, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча.
Пасля адкрыцця выставы праўладная блогерка Таццяна Сідаровіч назвала творчасць Малевіча і яго паслядоўнікаў «маргінальным мастацтвам».
«Дарэчы ўспомніць, што пільная цікавасць да такіх твораў з'явілася ў праславутую перабудову і ў пачатку 90-х, калі зʼявіўся БНФ, бчб-сімволіка, розныя НКА, і творы, падобныя «квадрату», якія ўвасабляюць сабой «свабоду творчасці», «свабоду ад усяго» – ад сапраўднага нацыянальнага духоўнага мастацтва сталі актыўна прапагандавацца і ўкараняцца ў культурнае асяроддзе», – напісала яна.
Ці будзе працаваць выстава далей – пакуль не вядома.