«Сто чашек яблочного чая» – літаратурны дэбют барабаншчыка гурта “Apple Tea” Аляксандра Сапегі ад выдавецтва “Логвінаў”, кніга, прэзентацыя якой ладзілася ў галерэі “Ў” у сераду 14 кастрычніка.
“Apple Tea” – адзін з самых паспяховых і вядомых блюз-праектаў апошняга часу. Жыццё музыкі поўніцца гастролямі і вандроўкамі, нечаканымі знаёмствамі і вясёлымі здарэннямі, а таксама пасядзелкамі, галоўны спадарожнік якіх – іранічныя гісторыі.
Аляксандр Сапега:
– Падчас застолляў музыкаў часам гучаць неверагодныя гісторыі. Гэтыя гісторыі я заўжды хацеў запомніць, але забываў на наступны дзень. Я зразумеў, што трэба іх запісваць. Маім першым рэдактарам стала мая жонка, якая сказала, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца.
Неўзабаве кніга Аляксандра Сапегі «Сто чашек яблочного чая» змясціла сотню невялікіх гісторыяў, фрашак з жыцця музыкаў і навакольнага свету. Акрамя тэксту ў кнігу ўвайшлі фотаздымкі ўдзельнікаў гурта “Apple Tea”.
Прэзентацыя праходзіла пад жывы гук ад“Apple Tea”, віншаванні ды пажаданні ад сяброў аўтара – музыкаў, журналістаў і пісьменнікаў, якія завіталі на дзень народзінаў першай кнігі Аляксандра Сапегі. Невялікае фае галерэі “Ў” ледзь змясціла ўсіх ахвотных павіншаваць аўтара. У ходзе імпрэзы можна было частавацца яблыкамі, віном ды гарбатай, а прэзентацыя прайшла на вясёлай блюзавай ноце, з жартамі і добрым настроем.
Фота: aliaksei