Пра негатыўны ўплыў сучаснага кіно і відэагульняў на розумы гавораць ужо даўно. Маўляў, гэтыя з’явы масавай культуры абуджаюць у людзях самыя нізкія інстынкты, падштурхоўваюць іх да жорсткасці і злачынстваў. З такім сцверджаннем можна было б паспрачацца, і нават навукоўцы ўсё часцей гавораць, што наўпростай сувязі паміж захапленнем баевікамі і злачыннымі паводзінамі няма, але жыццё часам даказвае адваротнае. Мы вырашылі ўспомніць некалькі жорсткіх злачынстваў, якія былі здзейсненыя пад уражаннем ад відэагульняў і кіно.
«Цёмны рыцар»
Першынства ў «забойчым» хіт-парадзе адназначна варта аддаць кінагерою Джокеру і яго верным паслядоўнікам. Прыроднае асяроддзе жыцця гэтага выдуманага злыдня — сусвет DC Comics — не зрабіла на злачынцаў ніякага ўплыву. Для іх спускавым рычагом (у літаральным разуменні) паслужыў выхад фільма Крыстафера Нолана «Цёмны рыцар» аб супрацьстаянні Бэтмэна і Джокера.
За магчымасць пераняць славу вядомага злыдня ўхапіўся каларадскі хлопец Джэймс Холмс. Гісторыя забойства, здзейсненага ім, глыбока шакавала ўвесь свет. Тады, у 2012 годзе, хлопец без згрызотаў сумлення ўварваўся ў залу кінатэатра, дзе мірнае насельніцтва горада Аўрора праглядала прэм’еру «Цёмнага рыцара: Адраджэнне легенды». 24-гадовы кілер адкрыў стральбу «без разбору па ўсіх запар», як сцвярджаюць сведкі. У выніку такой «імправізацыі» загінула 12 чалавек, 70 атрымала раненні. Для рэалізацыі сваёй задумы хлопец загадзя абзавёўся вінтоўкай, двума пісталетамі 40 калібру, помпавай стрэльбай і газавай гранатай. Акрамя таго, умелы забойца перад расстрэлам паспеў замініраваць уласную кватэру. Паводле сцверджанняў паліцэйскіх, матывы Джэймса невядомыя. Суд над кілерам доўжыцца да гэтага часу, а эксперты праводзяць экспертызы для высвятлення стану свядомасці хлопца. Тым часам сусветныя СМІ ледзь не з першага дня трагедыі празвалі Холмса Джокерам.
Яшчэ адным маньякам, які атрымаў славу Джокера, стаў бельгіец Кім дэ Гелдэр. Хлопец зладзіў разню ў дзіцячым садку, куды з’явіўся ў грыме блазна (як і бэтмэнаўскі персанаж). Выхавальнікі спачатку ўспрынялі ўсё як розыгрыш. Кашмар стаў явай, калі ўзброены нажом Кім накінуўся на дзяцей і выкладчыкаў. Ад раненняў памерлі два дзевяцімесячныя малыя і 54-гадовая выхавальніца. Яшчэ дзесяць дзяцей і трое дарослых былі шпіталізаваныя. Следства так і не змагло разабрацца ў матывах забойцы. Сам бельгійскі Джокер прызнаўся: «Я клоўн-забойца, гэта ўсё гульня». Немалаважным у справе з’яўляецца і той факт, што Кім здзейсніў забойства праз тры дні пасля гадавіны смерці Хіта Лэджэра. Праўда, роля ні ў адным фільме хлопцу не свеціць — ён прыгавораны да пажыццёвага зняволення.
«Інтэрв’ю з вампірам»
Не менш маляўнічым можна назваць напад, здзейснены ў традыцыях фільма «Інтэрв’ю з вампірам». Праз год пасля выхаду легендарнага фільма Ніла Джордана з маладымі Брэдам Пітам і Томам Крузам, у 1995 годзе ў сонечным Сан-Францыска аб’явіўся сапраўдны служка цемры. 25-гадовы Дэніэл Стэрлінг так натхніўся містычнай драмай, што сцісла паўтарыў яе сюжэт у рэальным жыцці. Ён напаў на сваю 23-гадовую сяброўку і нанёс ёй сем нажавых раненняў. Пасля здзейсненага ён пачаў піць кроў сваёй ахвяры ў найлепшых традыцыях хорараў пра вампіраў. Дзіўна, але дзяўчыне маньяка ўдалося застацца ў жывых. І нават не стаць пры гэтым вампірам. А вось бойфрэнд-крывасмок адбываў гады сваёй маладосці ў псіхіятрычным шпіталі — дактары палічылі яго вар’ятам. Праўда, сам Дэніэл сцвярджае, што віной усяму — шэдэўр Джордана. Маўляў, яму проста «моцна спадабаўся фільм».
«Крык»
Яшчэ адным заўзятым і вельмі неадэкватным прыхільнікам індустрыі фільмаў жахаў аказаўся 24-гадовы бельгіец Цьеры Жарадын. Гэты кіроўца грузавіка вырашыў стаць жывым прататыпам забойцы з карціны «Крык». Для гэтага ён абзавёўся спецыяльным касцюмам, акурат як у фільме, вялікімі і вострымі кухоннымі нажамі і, само сабой, ахвярай. Ёю стала 15-гадовая дзяўчынка, якая жыла непадалёк ад забойцы. Як гэта прынята, яна нічога і не падазравала, калі прыйшла да Цьеры «паглядзець кіно». Пакінуўшы дзяўчынку на час, забойца пераапрануўся ў касцюм, узяў у рукі нажы і здзейсніў напад, пакінуўшы на целе ахвяры 30 раненняў. Пра ўчыненае маньяк паведаміў уласнаму бацьку і супрацоўнікам. А пасля, ужо ў аддзяленні паліцыі, свае дзеянні Жарадын апраўдваў невымернай любоўю да трылогіі (на той момант існавала тры часткі фільма) «Крык».
«Байцоўскі клуб»
З’яўленне фільма «Байцоўскі клуб» стала важнай падзеяй не толькі для прыхільнікаў творчасці Чака Паланіка і Дэвіда Фінчэра, але і для выдасканаленых злачынцаў. Так, канец эпохі 1990-х і пачатку нулявых быў адзначаны з’яўленнем сапраўдных байцоўскіх клубаў. Іх колькасць з кожным годам узрастала і вылічалася сотнямі. Мы раскажам аб самых незвычайных і скандальных.
У Аўстраліі, да прыкладу, мясцовыя тайлеры дэрдэны мыла не варылі, а адразу ўпрыгожвалі твары сінякамі. Яны намотвалі свае футболкі на кулакі (тут Дэвід Фінчэр праслязіўся б) і распачыналі бойкі, адна з якіх скончылася смерцю падлетка. Пасля гэтага інцыдэнту мясцовая паліцыя пачала масавы пераслед такіх клубаў. Прыкрыць атрымалася больш за 30 байцоўскіх кантор.
Праўда, не ва ўсіх клубах справа даходзіла да забойстваў. У Брытаніі, да прыкладу, у 2005 годзе сярод зняволеных розных турмаў з’явілася традыцыя вяртаць даўгі з дапамогай кулачных баёў. Наколькі выніковымі аказваліся такія бойкі — невядома. Але суцішыць зняволеных і знішчыць традыцыю паліцыі не ўдавалася некалькі гадоў.
Тым часам у Нью-Джэрсі чатыром падлеткам так спадабаўся фільм Фінчэра, што яны стварылі тэматычнае відэа, на якім зафіксавалі бойку ў стылі «Байцоўскага клуба», за якой натхнёна сачыў натоўп студэнтаў. 15-хвіліннае відэа хлопцы выклалі ў інтэрнэт. Праўда, паспыталі яны тонкасці не славы, а разбіральніцтва з мясцовай паліцыяй. Вартавыя парадку абвінавацілі падлеткаў у папулярызацыі гвалту.
Сувязяў з паліцыяй, дарэчы, удалося пазбегнуць хлопцам з Крамянёвай даліны. Менавіта там у 2006 годзе паўстаў дзіўны «Байцоўскі клуб джэнтльменаў», у якім забаўляліся таленавітыя праграмісты. Іх сустрэчы праходзілі кожныя два тыдні і старанна здымаліся на відэа. Мабыць, каб захаваць факт іх сапраўдных, а не віртуальных боек. Гэтыя відэа джэнтльмены выкладвалі ў інтэрнэт, дзе ў іх з’явілася нямала прыхільнікаў. Але прыцягнуць хлопцаў да адказнасці паліцыі так і не ўдалося. Зрэшты, хто ведае, якія яшчэ цуды дзеюцца ў Крамянёвай даліне.
Grand Theft Auto
Адным з найбольш скандальных выпадкаў у гісторыі стала забойства васьмігадовым хлопчыкам сваёй 90-гадовай бабулі. Адбылося гэта ў 2013 годзе ў амерыканскім штаце Луізіяна. Заўзяты прыхільнік Grand Theft Auto IV, пагуляўшы ў яе на PlayStation 3, узяў рукі пісталет і ўмомант знайшоў яму прымяненне — стрэліў у галаву роднай бабулі. Дзе дзіця знайшло пісталет, паліцыя штата не ўдакладняе. Вартавыя парадку толькі выказалі абурэнне з нагоды таго, што васьмігадовы хлопчык гуляў у забароненую дзецям гульню. Зрэшты, факт іх незадаволенасці для суда ніякай вагі не меў. Бо па законе штата Луізіяна дзеці ва ўзросце да дзесяці гадоў вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці. У гэтым выпадку застаецца спадзявацца на сілу бацькоўскага рэменя.
Гарачымі прыхільнікамі GTA аказаліся таксама двое падлеткаў з горада Рэйнхем, што ў амерыканскім штаце Масачусэтс. Двое хлопцаў, 12-ці і 16-ці гадоў, узброіўшыся кактэйлямі Молатава, пачалі атакаваць гараж і дом. Падпаленыя бутэлькі яны раскідвалі па вуліцы і каля жылых дамоў. Спыніць раз’юшаных хлапчукоў удалося толькі паліцыі, якая прыбыла на месца злачынства. Копам малалетнія «тэрарысты» адкрылі ўсе карты. Яны сказалі, што на такое вар’яцтва іх натхніла гульня Grand Theft Auto, у якую хлопчыкі гулялі ўсю ноч.
Counter-Strike
Нясоладка жывецца і сваякам геймераў, якія фанацеюць ад Counter-Strike. Так, у недалёкім 2012-м хлопец з Санкт-Пецярбурга Максім (прозвішча не выдаецца) забіў сваю маму. Па словах юнага маньяка, на такі крок ён пайшоў праз тое, што жанчына замінала яму гуляць. Забойца нанёс маці некалькі нажавых раненняў у грудзі і… спакойна працягнуў гульню. Жанчына памерла не адразу. Яна паспела патэлефанаваць у хуткую, але выратаваць ёй жыццё не ўдалося. Мяркуючы па ўсім, пасля зробленага Counter-Strike з жыцця хлопца знік назаўжды.
Яшчэ адзін забойца — фанат Counter-Strike аб’явіўся ў Румыніі. 15-гадовы Ёнат Савін настолькі занурыўся ў гульнявы свет, што на рэальны зусім забыўся — прапускаў школу, не размаўляў з бацькамі. Тады мама будучага забойцы вырашыла пазбавіць хлопца інтэрнэту, скараціўшы кабель. Такія дзеянні жанчыны прымусілі геймера ўзяць у рукі нож і некалькі разоў ўдарыць ім родную маму. Пакінуўшы яе сплываць крывёй, хлопец забраў з дому ўсе грошы і пайшоў з імі ў інтэрнэт-кавярню, дзе мірна працягнуў гульню. Труп жанчыны знайшоў яе муж. Ёнат жа па вяртанні дадому прызнаўся ў зробленым са словамі: «Думаю, я той, каго вы шукаеце».
Legend of Mir
Да вар’яцтва, як выявілася, можа давесці і MMORPG Legend of Mir 3. Прычым выстаяць перад спакусай не змог нават дарослы мужчына. 41-гадовы кітаец Ку Чэнвэй не падзяліў са сваім сябрам, Жу Кааюанем, віртуальны меч, які яны выйгралі ў вядомай карэйскай гульні. Вяршыць правасуддзе Ку вырашыў сам з дапамогай вялікага кухоннага нажа, якім ён адваяваў права на валоданне віртуальным. Праўда, яго напарніку па RPG гэта каштавала жыцця.
Assassin’s Creed
Неспакойна спіцца і стваральнікам Assassin’s Creed 3. Бо менавіта іх гульня стала прычынай забойства, якое здзейсніў 28-гадовы брытанец Марк Сэндлэнд. Звар’яцелага бацьку вывела з сябе ягонае ж дзіця, якое плакала цягам гульні. Гора-бацька ў прыступе лютасці вырашыў прымусіць немаўля замаўчаць назаўжды. Ён схапіў дзяўчынку і пачаў трэсці яе з усіх сіл, наносячы ёй удары. Паліцыя па прыбыцці выявіла на целе дзіцяці сінякі, якімі былі пакрытыя твар і цела. Акрамя таго, дактары дыягнаставалі ў дзяўчынкі кровазліццё ў мозг. Нягледзячы на намаганні геймера падацца дактарам вар’ятам (Марк пакутаваў на частыя прыступы эпілепсіі), суд прызнаў яго вінаватым і адправіў за краты.
Марыя Фильчагава, furfur