Студэнты шукаюць недарагое жыллё. Інтэрнатаў і танных пакояў на ўсіх ахвотных не хапае. І ў той самы час з вуснаў у вусны перадаюцца легенды пра тое, як «заваёўнікі сталіцы» прыязджаюць у спадзяванні, што іх творчы кумір дапаможа ім з жыллём і працай.
«НН» звярнулася да некаторых пісьменнікаў з просьбай даць прытулак няшчаснай студэнцы. Легенда простая — першакурсніца філфака паспрабавала зняць кватэру, аддала $200, але трапіла да алкаголікаў і ледзь збегла адтуль. Любімы пісьменнік, якому яна тэлефануе, — апошняя надзея.
Адам Глобус быў вельмі ветлівым, слухаў уважліва і не перабіваў. Быццам унутрана быў гатовы да такога званка‑просьбы. Пасля сканчэння плаксівага маналога, перайшоў на «ты» і прапанаваў сустрэцца ля цэнтральнага «Макдональдса»: «Давай сустрэнемся і ўсё абмяркуем!»
Адам Глобус
Па голасу адчувалася, што ён насамрэч дапаможа.
А паколькі не хацелася ўжо зусім дакучаць пісьменьніку, прыйшлося даслаць смс, што дапамога больш не патрэбная, маўляў, дзякуй за неабыякавасць. Адказ быў сяброўскі: «То выдатна!»
Віктар Шніп званок сустрэў найбольш насцярожана. На пытанне «можна пажыць у Вас?» ён спытаў здзіўлена: «Дзе?» — «Ну, там, дзе вы жывяце…» «Ну, я жанаты… Гэта па‑першае. Па‑другое, у мяне дзеці, дый маці цяпер жыве з намі. Так што я сам у нялепшых умовах», — адказаў пісьменнік.
Віктар Шніп
Уладзімір Арлоў просьбу назваў «незвычайнай» і растлумачыў, што, пры ўсёй павазе да чытачкі, вымушаны адмовіць, бо жыве з сынамі. У кватэры папросту няма месца для яшчэ аднаго жыхара. Але нумар тэлефона спадар Арлоў узяў, паабяцаўшы ператэлефанаваць, калі знойдзе нешта сярод знаёмых.
Уладзімір Арлоў
Найбольш «студэнцкай бядой» пераняўся Зміцер Вішнёў.
Бедаваў, як гэта можна было аддаць $200 абы‑каму. Параіў звярнуцца ў міліцыю. Пытанняў і парадаў было шмат. Ён нават ператэлефанаваў на мабільны нумар са свайго хатняга, каб студэнтка не траціла свае грошы! «Ведаеце, у мяне такая скандальная рэпутацыя. Я ж маньяк. Вы не баецеся жыць з мужчынам?» — «Не».
Зміцер Вішнёў
Зміцер перайшоў «на ты» і прапанаваў «перакантавацца ў яго» са словамі «што ж, дзяўчо на вуліцы сядзець будзе». Кватэра, па яго словах, невялікая, месца мала, дый прыбраць трэба. Але да прыезду спадар Вішнёў паабяцаў усё зрабіць. Прыйшлося адмовіцца ад гасціннай прапановы, маўляў, жыллё ўжо знойдзена.
Зміцер папрасіў па прыездзе ў новую кватэру, набраць яго і сказаць, што ўсё добра.
«Будзь асцярожная ў вялікім горадзе!» — параіў новы знаёмы.
Беларускія пісьменнікі аказаліся неабыякавамі да чужога няшчасця. Яны гатовыя дапамагчы сваім чытачам у цяжкую хвіліну. «НН» выказвае падзяку ўсім удзельнікам розыгрышу.
Запісаў ЯМ