Звычайна бывае наадварот: людзі расказваюць, як вывучылі беларускую і пачалі размаўляць на ёй штодня. Для герояў гэтага матэрыялу беларускамоўнасць да пэўнага ўзросту была прынцыпам і важнай часткай жыцця. Але з часам сітуацыя змянілася, і цяпер у іх штодзённасці прэвалюе руская мова. Мы вырашылі разабрацца, што стала прычынай — змена асяродку, працы, рускамоўныя муж ці жонка, расчараванне ў ідэі ці нешта яшчэ.
Алена Скарабагатава, журналістка:
«Заняткі для цяжарных — па руску, новыя знаёмыя — рускамоўныя»
Рэч у тым, што прынцыповая беларускамоўнасць — гэта не зусім мой выпадак. Я са школы добра ведаю мову і менавіта ў школе пачала размаўляць па-беларуску не толькі на ўроках. Гэтаму паспрыялі мае дадатковыя заняткі перад уступнымі экзаменамі і тое, што з’явілася шмат беларускамоўных сяброў — можна было размаўляць па-беларуску і не адчуваць няўтульнасці і няўпэўненасці ў сабе.
Нішто не адбывалася ў адзін момант. Але менш я пачала карыстацца беларускай мовай, калі пайшла працаваць па размеркаванні — у цалкам рускамоўны калектыў, дзе даводзілася працаваць з расійскімі партнёрамі. Затым быў дэкрэтны адпачынак, і кола знаёмых яшчэ больш звузілася — само сабой. Заняткі для цяжарных — па-руску, новыя знаёмыя — рускамоўныя.
Калі нарадзіўся сын, мы не сталі ставіць мэтай, каб ён ад першага слова размаўляў па-беларуску. Цяпер ён ходзіць у беларускамоўны дзіцячы садок і арыентуецца ў беларускай мове, але недасканала. Цікава, што сын часта задае пытанні кшталту: а чаму мы жывем у Беларусі, а мова ў нас — руская? Калі просіць знайсці на Youtube мультфільм і не хоча глядзець яго па-ангельску, то просіць — давай па-беларуску.
Цяпер абставіны такія, як на запраўках А100 — з любым беларускамоўным суразмоўцам я пераходжу на беларускую, але па жыцці карыстаюся рускай мовай. Для мяне гэта так і не стала прынцыповым. Проста я не адчуваю ўпэўненасці ў сабе, каб перайсці на адваротны ад большасці бок.
Сяргей Сянкевіч, маркетолаг-аналітык:
«Сярод калег з новага атачэння беларускамоўных няма»
Думаю, не прынцып знік, а абставіны ці, можна нават сказаць, наваколле змяніліся. Зусім іншы кшталт знаёмых, з якімі падтрымліваю шчыльныя стасункі. Безумоўна, калі быў студэнтам БДУ, затым працаваў журналістам, то і ў коле знаёмых было шмат тых, хто мог размаўляць па-беларуску.
Пасля я пакінуў журналістыку, пачаў займацца маркетынгавым аналізам і даследаваннямі рынку. Сярод калег з новага атачэння стала нашмат менш беларускамоўных. Нават не памылюся, калі скажу, што іх зусім няма. Сярод кліентаў (контрагентаў) таксама. Тым больш што многія з кліентаў увогуле па-за межамі Беларусі. Ну, пра тое, што самі працы-справаздачы ніводзін з кліентаў не замаўляў на беларускай мове, можна нават і не казаць.
Але я не перастаў быць беларусам. Калі перасякаемся часам мы, прадстаўнікі старой тусоўкі, дык бачна, што ніхто на мову не забыўся. Магу нават сказаць, што дачка ў мяне расце падкрэслена беларускамоўная, хоць навучаецца ў рускамоўнай гімназіі і, зразумела, не ўвесь час па-беларуску размаўляе. І адзначу, што я яе так ужо моцна сваім прыкладам да гэтага не заахвочваў — хутчэй гэта выключна яе выснова, яе выбар.
Уздзеянне часу таксама выключаць не трэба. Напрыклад, на 90-я прыпаў пік нацыянальнай самасвядомасці, і не дзіўна, што беларускамоўных было больш. Цяпер зноў расце грамадская зацікаўленасць да нацыянальнага, у тым ліку ў бізнес-асяродку. Напрыклад, кампанія, у якой я працую, рэгулярна робіць рынкавую аналітыку для вольнага азнаямлення калег і партнёраў. Сёлета прынялі рашэнне, што рэпарты нашыя за мінулы год будуць на сайце выкладзеныя ў беларускамоўнай версіі. Так што ўсё да лепшага! Будзьма аптымістамі! Жыве Беларусь!
Падрыхтавала Аляксандра Дорская, budzma.by