Айчынныя тэатралы часта задаюць пытанне: чаму тыя ж берлінцы (парыжане, масквічы) рэгулярна ходзяць у тэатр, а мінчукі – не? Яно рытарычнае, бо відавочных адказаў безліч: у іншых краінах больш высокі ўзровень пастановак, непараўнальнае фінансаванне, даўнія традыцыі бавіць час у тэатрах і гэтак далей. Аднойчы рэжысёр Таццяна Траяновіч, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, звярнула ўвагу яшчэ на адну парадаксальную акалічнасць: каб у тэатр рэгулярна хадзілі, ён павінен стаць модным. Гучыць цалкам лагічна. Але як гэтага дасягнуць?
Каб адказаць на гэтае пытанне, спачатку агучу іншае: у якіх выпадках большасць СМІ піша пра тэатр? Першая сітуацыя – канфлікты ў калектывах. У апошнія гады гэта сыход з Тэатра оперы і балета харэографа Валянціна Елізар’ева; ліст у Адміністрацыю прэзідэнта купалаўскай актрысы Алены Іваннікавай, што паўплывала на змену кіраўніцтва ў яе калектыве; выступленне акцёраў ТЮГа супраць дырэктара Мікалая Казюліна; звальненне з РТБД дырэктара Ігара Сігова.
Другая сітуацыя – калі на тэатр пачынае ўплываць палітыка. Памятаеце гісторыю з купалаўскай пастаноўкай “Пана Тадэвуша”, з якой знялі “Пагоню”? Інфармацыя пра тое імгненна абышла ўсе сайты. Калі не браць пад увагу рэканструкцыю будынкаў (якая ў кожным калектыве праходзіць раз на паўстагоддзя), відавочна: гаворка пра “інтрыгі, скандалы, расследаванні”. А такі жанр не патрабуе асабістай прысутнасці чытача ў глядзельнай зале.
Як завабіць яго туды? Відавочна, што толькі тэатралы са стажам пойдуць у тэатр на пэўнага рэжысёра (часта, ведаючы прозвішча пастаноўшчыка, можна здагадацца, атрымаецца спектакль або не). Значыць, стаўка павінная рабіцца на акцёраў? Дарэчы, у савецкія часы яна спрацоўвала. Як пісаў тэатразнаўца Анатоль Сабалеўскі, “Купалаўскі тэатр (…) вельмі любілі гледачы. Любілі самааддана, пяшчотнай любоўю. І не проста тэатр, а менавіта акцёраў-зорак. У кожнага былі ўласныя куміры, і гледачы хадзілі не проста на спектаклі, а глядзець на ўласных любімцаў, можа, і не надта задумваючыся, якая п’еса ставіцца ці які рэжысёр яе сцэнічна ўвасобіў. (…). Асабліва добра ведалі сітуацыю рэжысёры, кожны з якіх стараўся ў сваіх спектаклях займаць знакамітасці. І калі на афішы выдрукоўвалася імя любімца публікі Глеба Глебава, то тэатральная зала, лічыце, гледачамі будзе забяспечана”.
Але цяпер беларусы ходзяць не на акцёраў, а на назвы (напрыклад, спектакль “Граф Люксембург”, што ідзе ў Музычным, перайменавалі ў “Таемны шлюб”, які пачаў прадавацца лепш) і жанры (камедыя заўжды па-за канкурэнцыяй). Прычым надзвычай давяраюць “сарафаннаму радыё”. Праўда, здараюцца выпадкі, калі нашы суайчыннікі раптоўна пачынаюць арыентавацца на імёны. Гаворка пра замежныя гастролі.
Сёлета прадзюсар Андрэй Чорны прывёз у Мінск два спектаклі Маскоўскага ТЮГа – “Лэдзі Макбет нашага ўезда” і “Скрыпку Ротшыльда”. На першым здарыўся аншлаг. Але наіўна спадзявацца, што большасць гледачоў спакусілася імем легендарнага рэжысёра Камы Гінкаса. Яны мэтанакіравана ішлі на Лізавету Баярскую. Прычым не на таленавітую тэатральную актрысу, адну з вядучых выканаўцаў у Малым драматычным тэатры, які ўзначальвае Леў Додзін, а на зорку фільмаў “Адмірал” і “Іронія лёсу. Працяг”. То бок на моднага і медыйнага персанажа. Паказальна, што на “Скрыпцы Ротшыльда”, спектаклі больш высокага ўзроўню ў параўнанні з “Лэдзі Макбет”, аншлагу не было. Бо там Баярская не іграла.
Няўжо ўся прычына ў папулярнасці, што дасягаецца поспехам у сферы кіно? Сапраўды, на вядомасць Святланы Зелянкоўскай не ў апошнюю чаргу паўплывала роля Анастасіі Слуцкай у аднайменнай кінастужцы Юрыя Ялхова. Дарэчы, стужцы, мякка кажучы, не надта ўдалай. А ўяўляеце, якой была б папулярнасць актрысы, калі б атрымаўся шэдэўр? Але беларускі кінарынак дастаткова малы. Пераважная большасць прадукцыі ідзе на Расію. Таму на галоўныя ролі запрашаюць пераважна раскручаных расійскіх зорак (кшталту Яўгена Міронава або Дзмітрыя Пяўцова). Выйсці з-за іх “шырокіх плячэй” амаль немагчыма. Беларускім салістам застаецца ролі другога плану, што не спрыяе іх папулярнасці.
Але кіно – далёка не адзіны спосаб “раскруткі”. Падыдзем да пытання з іншага боку. Што мы ведаем пра асабістае жыццё айчынных акцёраў? Ды бадай нічога! Жыццё Святланы Зелянкоўскай – скажам дзякуй яе мужу Сяргею Міхалку, лідару гурта “Brutto”! – усё ж такі выключэнне. Калі з’яўляецца нейкая інфармацыя, яна будзе выключна пазітыўнай (напрыклад, вядома, што Павел Харланчук гадуе ажно пяцярых дзяцей. Які акцёр або актрыса апошні раз расказвалі пра цяжкасці свайго асабістага жыцця? Пра свой развод? Але ў нас на такія тэмы разважаць не прынята. Гэтаксама, як не прынята рабіць адкрытыя фотасесіі ў глянцавых часопісаў. З аднаго боку, такіх часопісаў у нас мінімум, з другога – такія выданні амаль не цікавяцца тэатрам. Але што дрэннага, калі б якая-небудзь пакуль малавядомая актрыса зрабіла фотасесію ў жанры “ню”?
Зразумела, ніхто не кажа, што трэба крочыць шляхам расійскай балерыны Анастасіі Валачковай і рабіць навіну з кожнага свайго чыху. Але падрабязнасці асабістага жыцця, уключанасць у фармат свецкай хронікі, наогул, цытаванасць СМІ робяць акцёрам і рэжысёрам піяр, а значыць, робяць іх пазнавальнымі, медыйнымі і моднымі. А ў больш далёкай перспектыве робяць з творцаў легенды. Калі давяраць сведчанням відавочцаў, узровень ранніх спектакляў Барыса Луцэнкі цалкам адпавядаў найлепшым маскоўскім пастаноўкам. Але ў якой ступені ён вядомы на постсавецкай прасторы (зразумела, гаворка пра шырокую публіку)? І колькі інтэрв’ю ў месяц дае Барыс Іванавіч? А колькі Алег Табакоў?
Дык што рабіць? На маю думку, пакрысе агульнымі намаганнямі будаваць тэатральную “інфраструктуру”. Дзяржаве – выдзяляць на мастацтва больш грошай. Тэатрам – ставіць актуальныя спектаклі, якія будуць цікавыя сённяшняму гледачу; не шкадаваць часу на іх піяр; усяляк працаваць з журналістамі і нават прыдумляць для іх самыя разнастайныя нагоды (нават скандальныя), каб пра калектывы згадвалі як мага часцей. А гледачам, а асабліва крытыкам – часцей размаўляць са знаёмымі пра тэатр і раіць для прагляду добрыя спектаклі. Можа, тады беларускі тэатр нечакана стане модным і запатрабаваным.
Дзяніс Марціновіч