Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі асобныя людзі ці групоўкі спрабавалі пабудаваць на абмежаванай плошчы, у асобнай вёсцы, ранча, плантацыі, грамадства, якое жыло б па законах сацыяльнай справядлівасці, своеасаблівае “царства божае”. Усяму свету вядомы эксперымент брытанскага філосафа Роберта Оўэна, які ў 1825 годзе заснаваў у Амерыцы камуну “Новая гармонія”, дзе праводзіў у жыццё прынцыпы ўраўняльнага камунізму. Вядомы і прыклад езуітаў, якія ў ХІХ стагоддзі спрабавалі стварыць сапраўднае Царства Божае ў Парагваі і шмат чаго дасягнулі. На жаль, менш рамантычныя суседзі – Аргентына, Бразілія і Уругвай – не ацанілі важнасці эксперыменту, пачалася вайна, якая скончылася для парагвайцаў натуральным генацыдам. Да маштабных сацыяльных эксперыментаў можна аднесці і СССР, у якім камуністы спрабавалі стварыць “царства Божае без Бога”, хтосьці прыпомніць камуны хіпі. Але сёння я раскажу пра іншую спробу пабудаваць справядлівае грамадства. У гісторыі яна вядомая як Паўлаўская Рэч Паспалітая.
Усё пачалося ў 1767 годзе – менавіта тады вядомы грамадскі дзеяч ВКЛ Павел Ксаверый Бжастоўскі набыў у Віленскім павеце ўладанне Мерач, які назваў у гонар сябе Паўлава. Бжастоўскі быў руплівым прыхільнікам ідэй Асветніцтва, высока цаніў Томаса Мора, Жан-Жака Русо і Анры Сэн-Сімона і вырашыў прывесці іх погляды ў жыццё. Для гэтага ў Бжастоўскага было ўсё – жаданне, грошы, талент і працавітасць. Калі ён толькі прыдбаў маёнтак, уладанне знаходзілася ў жахлівым стане. У артыкуле “Асветніцтва і аграрныя рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVIII ст” гісторык І.Ф. Кітурка цытуе з успамінаў Бжастоўскага: “Я ўбачыў зямлю, якая зарасла лесам… Па лясах трэба было шукаць жменьку здзічэлых людзей, якія жылі ў галечы, абцяжараныя паншчынай і ў стане нявольнікаў, як гэта было агульнапрынята ў тым краі”. Як бачым, умовы для стварэння ідэальнага грамадства ў валадара маёнтка былі не самыя спрыяльныя. Але гэта не спыніла Бжастоўскага.
Пачаў асветнік з заканадаўства – для прынцыпова новага ладу старыя законы і прыгоннае права падыходзілі не найлепшым чынам. У 1769 годзе Бжастоўскі распрацаваў і выдаў асноўны закон Паўлаўскай рэспублікі (менавіта рэспублікай ці нават Паўлаўскай Рэччу Паспалітай пачалі хутка называць міні-дзяржаву Бжастоўскага) – Статут. Асветнік не цярпеў рабства, таму адразу даў сялянам асабістую свабоду. Кожны грамадзянін рэспублікі меў права пакінуць маёнтак пры ўмове выплаты ўсіх даўгоў і калі знойдзе сабе замену. Характэрна, што гэтым правам амаль ніхто не карыстаўся. А дапаўненне Статута, якое выйшла ў 1791 годзе, дазволіла сялянам пакінуць рэспубліку нават без пошукаў замены, пры умовах выплаты 200 злотых, адрамантаванай хаты і пакідання збожжа на засеў. Польскі гісторык Юліян Бартысь падлічыў, што даход сярэдняй гаспадаркі ў Паўлаве у 80-х гг. XVIII стагоддзя складаў 1800-3000 злотых у год, так што плата за выхад непад’ёмнай, безумоўна, не была.
У прадмове да свайго статута Бжастоўскі напісаў, што асноўная мэта новага закона – каб жыхары раз і назаўсёды атрымалі ўпэўненасць у сваіх дастатках і “жылі як людзі, паводле права”.
Сяляне Бжастоўскага, атрымаўшы свабоду, былі падзеленыя на чатыры катэгорыі – баяры, чыншавыя, цяглыя і кутнікі. Першыя тры катэгорыі атрымалі ва ўласнасць зямлю, за якую неслі грашовую (чыншавыя), грашова-адпрацовачную (баяры) і адпрацовачную (цяглыя) павіннасці. З цягам часу адпрацовачная павіннасць была цалкам ліквідаваная і замененая чыншавай. Чыншавыя сяляне і баяры, акрамя працы, мелі права на зброю, каб “абараняць свае грунты”. Цяглыя сяляне з самага пачатку мелі права пераходу ў катэгорыю чыншавых – для гэтага ім патрабавалася паспяхова апрацоўваць валоку зямлі, зрабіць сваю гаспадарку рэнтабельнай і заможнай і даказаць гэта, прыдбаўшы 4 валоў і 6 кароў. Перадзяліўшы зямлю паміж сялянамі, Бжастоўскі фактычна ліквідаваў адну з галоўных праблем сялянства – цераспалосіцу, якая моцна перашкаджала весці гаспадарку. Кожны селянін атрымаў права карыстацца Мерацкай пушчай бязвыплатна, займацца, па сваім жаданні, рамёствамі ці гандлем, а таксама распараджацца сваёй маёмасцю без абмежаванняў і зямлёй (з абмежаваннямі – бо Бжастоўскі не хацеў, каб вольныя сяляне прадавалі сваю зямлю і перашкаджалі тым агульнаму развіццю Паўлаўскай Рэчы Паспалітай).
Уставам 1769 года былі зафіксаваныя 52 павіннасці сялян. Пры гэтым гаворка ішла не толькі пра гаспадарчыя павіннасці, такія як адпрацоўка. Ствараючы новае грамадства, Бжастоўскі хацеў рэгламентаваць ў Статуце ўсё жыццё сваіх сялян. Так, першая павіннасць, згодна са Статутам, была “быць добрымі католікамі”, другая – перад пачаткам і пасля заканчэння адпрацовак тры разы ўголас гаварыць тры малітвы і дзесяць запаведзей, сёмая забараняла пазычаць грошы на вяселле і хрысціны, каб праз гэта не бяднелі гаспадаркі, дзясятая забараняла сваркі паміж суседзямі і здачу зямлі ў арэнду людзям не з Паўлава. Дванаццатая павіннасць рэкамендавала пры пабудове новай хаты абавязкова закладваць коміны і мець зашклёныя квадратныя вокны памерам у локаць, пятнаццатая ўводзіла “сацыялістычнае спаборніцтва”: найлепшыя гаспадары мелі права насіць шапку з чырвоным верхам, якая іншым забаранялася.
Разумеючы, што адукаваны чалавек будзе лепш працаваць, Бжастоўскі не шкадаваў грошай на адукацыю. У 1770 годзе ён – першы ў Рэчы Паспалітай – адкрыў для сялян сельскагаспадарчую школу. Асноўны падручнік напісаў сам – ён называўся “Пра земляробства для выгоднасці гаспадароў, якія жывуць у Паўлаве”. Кніга была, па сутнасці, кароткім пераказам французскай “Справы пра земляробства”, якую Бжастоўскі раней сам пераклаў і выдаў у Вільні у 1770–1773 гг. Акрамя сельскай гаспадаркі ў школе вывучаліся чытанне, пісьмо, арыфметыка, рэлігія, спевы, геаграфія краю.
Строга рэгламентаванае жыццё сялян Паўлаўскай рэспублікі патрабавала адэкватнага кіравання. У гэтай сферы Бжастоўскі таксама правёў значныя рэформы. У маёнтку быў створаны орган мясцовага самакіравання, арганізаваны па прыкладзе брытанскага двухпалатнага парламента. Верхняя палата ў асноўным прызначалася асабіста валадаром маёнтка і складалася з губернатара, пісара, цівуна і арандатараў. Таксама ў яе уваходзілі выбарныя прадстаўнікі сялянства – бурмістр, цэнзар, два лаўнікі, двое ляснічых, двое мастаўнічых і дзясятнікаў. Ніжняя палата функцыянавала асобна ад верхняй і складалася з усіх свабодных гаспадароў надзелаў у Паўлаве.
Рэформы закранулі і фінансы маёнтка. У прыватнасці, была заснаваная каса, якая выдавала сялянам крэдыты грашыма, збожжам, рабочым быдлам. Была пабудаваная аптэка, сялян мог лячыць пастаянны фельчар.
Зразумела, што Бжастоўскі не абышоў увагай і ваенную справу. З сялян была арганізаваная пастаянная міліцыя, якая мусіла і сачыць за падаркам у маёнтку, і пры неабходнасці абараняць “дзяржаву”. Кожную нядзелю сяляне з карабінамі павінныя былі прыходзіць у 15 гадзін на адведзены ім двор, дзе адбываліся вучэнні. Дакладна вядома, што “міліцыянеры” з Паўлава бралі ўдзел у паўстанні Касцюшкі, і гэтае войска высока ацаніў падчас інсекецыі сам Якуб Ясінскі.
Нягледзячы на баяздольнасць міліцыі, 3 і 24 красавіка 1794 года Паўлава двойчы штурмавалі расійскія войскі і ўрэшце захапілі маёнтак. Бжастоўскі вымушаны быў эміграваць, праз год Рэч Паспалітая спыніла існаванне, а “Паўлаўскую рэспубліку” ўладар быў вымушаны прадаць Ф. Машынскаму – але толькі на ўмовах захавання асаблівага статусу Паўлава. У наступныя дзесяцігоддзі маёнтак не раз мяняў гаспадароў, але крыніцы сведчаць, што яшчэ доўгі час Паўлава падпарадкоўвалася не расійскім законам, а менавіта Статуту Паўла Бжастоўскага.
Характэрна, што сацыяльны эксперымент Бжастоўскага быў, у адрозненне ад камуны Оўэна і мноства іншых спроб, амаль цалкам паспяховы. Дабрабыт сялян Паўлава не вызываў ніякіх сумневаў, гаспадарка кожны год багацела, права выйсці з “рэспублікі”, як я ўжо пісаў, не выкарыстоўвалася ці амаль не выкарыстоўвалася. Незадаволенасць, якая межавала з нянавісцю, выказвалі толькі іншыя памешчыкі – ці не таму, што іх сяляне ўпотай беглі ў Паўлава ці намагаліся гэта зрабіць? Праўда, найбольш прагрэсіўныя памешчыкі не асуджалі вопыт Паўлаўскай Рэчы Паспалітай, а спрабавалі яго капіяваць. Напрыклад, такую спробу зрабіў у сваім валоданні Шчорсы апошні канцлер ВКЛ Яўхім Храптовіч. Але гэта зусім іншая гісторыя…
Дзяніс Буркоўскі