Выбіраючыся “на паляванне”, яны бяруць з сабой кошыкі і тэрмас з гарбатай. Яны палююць на грыбы ў лесе. Ім вядома, як вярнуцца дадому з добрым ураджаем і чым можна задобрыць гаспадара лесу. Пра тое, чым лес падобны да чароўнага царства і чаму нельга прыносіць яму шкоду, у новай серыі праекта «Захапленні» нам расказваюць акцёры кіно і тэатра імя Я. Купалы Яўгенія Кульбачная і Павел Яскевіч.
Павел. Грыбнікі бываюць вельмі розныя: меланхолікі, халерыкі, флегматыкі, кожны са сваім падыходам і тэмпераментам. Але галоўнае, ідучы ў грыбы, быць адважным, пільным і не пасіўным.
Яўгенія: А яшчэ важна не быць п’яным, інакш нічога талковага не выйдзе. Паход у лес — гэта як паляванне, як любая азартная справа. Шчыра прызнаюся, у мяне заўсёды ёсць задача абысці ўсіх канкурэнтаў і сабраць найбольшую колькасць грыбоў. Я арыентуюся на вынік, мяне натхняе выгляд поўнага кошыка, а самі грыбы я з лёгкасцю магу потым раздаць.
Павел: Для мяне ж пусты кошык — не падстава засмучацца. Я хаджу за грыбамі таму, што мне падабаецца іх есці, прычым часта проста падчас збору.
Павел: Грыбы — гэта асобны падвід жывых арганізмаў, аточаны арэолам чагосьці дзіўнага і фантастычнага, і таму з імі трэба быць асцярожным. Мы з Жэняй стараемся збіраць толькі тыя грыбы, у якіх ўпэўненыя на сто адсоткаў. Тут лепш перастрахавацца, і калі мы хоць крыху сумняемся ў бяспецы нейкага грыба, то пакідаем яго ў лесе. Некаторыя пласціністыя грыбы, якія адносяцца да тыпу паўядомых, здольныя моцна ўбіраць радыенукліды. Таму на нашых землях такія грыбы лепш абыходзіць бокам.
Яўгенія: Наш асноўны метад праверкі грыбоў на бяспеку — спрабаваць на смак. Мы спрабуем усе грыбы, першы раз проста на паляне, а потым яшчэ раз дома: яны не павінныя быць горкімі. Такая праверка заўсёды працуе.
Яўгенія: У нас існуюць свае маленькія сакрэты, каб прагулкі па лесе атрымліваліся прыемнымі і прадуктыўнымі. Напрыклад, я заўсёды бяру з сабой звычайную палачку, якая мне дапамагае ў гэтых шпацырах: ёю можна правяраць, ці цэлы знойдзены грыб, ці не стаілася ў лісці змяя. Таксама ў вопытных грыбнікоў, якія часта ездзяць у адны і тыя ж месцы, ёсць свае правераныя паляны, адкуль не прыйдзеш з пустым вядром.
Яўгенія: Але галоўнае пры ўваходзе ў лес — павітацца з яго гаспадаром, пакланіцца яму. У кожнай стыхіі ёсць свой гаспадар. Вось знаёмыя рыбакі расказваюць, што, вітаючыся з гаспадаром вады, наліваюць гарэлку проста ў рэчку ці возера, дзе ловяць рыбу. А мы вырашылі песціць нашага лесавіка каньяком і таму ў лесе часам наліваем яму сімвалічную чарку. Такім чынам паганства робіцца ў нейкай меры дастасавальным да нашага сучаснага жыцця, ды і заўсёды прыемна верыць у нейкую казку.
Павел: Самы выдатны момант, які для нас ужо стаў рытуалам, — гэта сняданак у лесе пасля збору ўраджаю. Пасля ранняга ўставання, дарогі і збору грыбоў мы пачынаем накрываць паляну: чорны хлеб, яйкі, соль, памідоры і гарбата — у лесе гэта смачна як нідзе! Думаю, варта ездзіць у грыбы хоць бы дзеля такіх момантаў.
Яўгенія: Сам працэс збору грыбоў вельмі супакойвае, дорыць гармонію, бо лес — гэта асаблівы казачны свет са сваёй атмасферай. У лесе вельмі добра маўчаць, заставацца сам-насам з сабой.
Павел: Часта я ўцякаю ў лес, каб адпачыць ад паўсядзённай мітусні і гарадскога шуму. Але лес бывае розны. Бывае, прыедзеш, а там з усіх бакоў: “Толька! Васька! Ау!” Не, я люблю ціхі, спакойны лес, дзе можна паразважаць, адпачыць душой.
Яўгенія: Існуе стэрэатып, што лес — гэта страшна, але як можна баяцца прыроды? Мне здаецца, прырода не нясе шмат небяспекі. Часцяком менавіта ў горадзе я адчуваю сябе больш неабароненай і ўразлівай.
Павел: Думаю, небяспечным горад робяць самі яго жыхары.
Яўгенія: Тым не менш паездка ў лес можа скончыцца непрадказальна: аднойчы мы заблукалі дзесьці пад Пухавічамі.
Павел: Тады мы проста паспадзяваліся адно на аднаго: я думаў, што Жэня запамінае дарогу, Жэня думала, што гэта раблю я. Ладна пагуляўшы па лесе, мы зразумелі, што дарогі назад не ведаем, даверыліся сваёй інтуіцыі і пайшлі наўздагад. Што цікава, тут жа адна за адной пачалі трапляцца грыбныя паляны.
Яўгенія: Мне было нават трохі страшна, таму што мы трапілі ў нейкія глухія месцы: вакол балота, зямля перакапаная дзікамі. Крычалі, аукалі ў злавесную цішыню — нікога. Блукалі мы тады некалькі гадзін, потым усё ж выйшлі ў нейкую вёсачку. Памятаю, што пасля такой прыгоды дадому мы вярнуліся стомленыя, брудныя і шчаслівыя.
Яўгенія: Мяне вельмі засмучае стаўленне большасці нашых людзей да лесу. Часам здаецца, што яны жывуць па прынцыпе «пасля мяне хоць патоп», пакідаючы ў лесе горы смецця. Калі так будзе працягвацца далей, то нашыя дзеці і ўнукі, на жаль, гэтага лесу проста не заспеюць. З лесам так нельга.
Яўгенія: У лесе адразу ж ачышчаюцца думкі, ён здольны лячыць і супакойваць. А калі летам яшчэ і цёпла, мне падабаецца проста легчы на мяккі мох і заснуць, зліўшыся з прыродай. Пасля такога адпачынку адчуваеш сябе абноўленым і маладым.
Ганна Трубачова, Каця Клімко
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны