Чаму адных дзяўчат хлопцы паважаюць, а перад іншымі нават не адчыняць дзвярэй? Як выкараніць непавагу да сябе?
Я надоечы дазволіла сабе параўнаць удзельнікаў міжполавых стасункаў з пеўнямі і курамі, за што мяне ледзь не адлучылі ад царквы. Прызнаю сваю памылку і пасыпаю галаву попелам. Параўнанне няслушнае. Калі з кім і можна параўнаць мужчынаў, дык гэта толькі з найлепшымі сябрамі людзей — з сабакамі. Не-не, ніякіх псеўдафеміністычных дэкларацый аб тым, што (раблю рэверанс і выбачаюся: гэта цытата) “усе мужчыны — кабялі”. Рыхтык гендарныя аспекты паводзінаў сабачых хлопчыкаў і дзяўчынак нас не цікавяць. Параўнанне датычыць вузкай і спецыфічнай сферы — дрэсіроўкі.
Дрэсіроўка мужчын нічым не розніцца ад дрэсіроўкі сабак. Нічым. Цярплівасць, вытрымка і настойлівасць з нашага боку, шматлікія паўтарэнні, шчырыя заахвочванні і падзякі і галоўнае — цвёрды характар суб’екта дрэсуры.
(Дарэчы, памылкова думаць, нібыта мужчыны лепей разумеюць каманды голасам, чым браты нашы меншыя. Параўнайце дзве фразы: “Выкінь, калі ласка, елку” і “Ці не здаецца табе, што голы шкілет хвойнага дрэва пасярод кватэры ў сакавіку мала сумяшчаецца як з абрадавым колам, так і з этыкай сямейных дачыненняў?” Канечне, кароткія адназначныя каманды больш зразумелыя і хлопчыкам, і пёсікам — але не будзем забягаць наперад.)
Такая вялікая колькасць кпінаў ляціць на адрас хлопцаў! Маўляў, яны не дапамагаюць у побыце, не бяруць на сябе адказнасць, паводзяцца як інфантыльныя хлопчыкі, здраджваюць… Дарагая сяброўка, калі ў тваім жыцці спрэс трапляюцца мужчыны, якія ставяцца да цябе без павагі, — хто ў гэтым вінаваты? Ах, на жаль, на жаль, мушу канстатаваць, што няма каго вінаваціць, апрача сябе самой.
Дык як усё ж не дапускаць непавагі ў дачыненні да сябе?
Прычына першая. Не тыя мужчыны
На жыццёвым шляху трапляюцца і мужчыны, і сабакі, якіх немагчыма выхаваць.
Аднойчы мы ўзялі ў сям’ю сапсаванага шчанюка-дабермана. Ён да дарослага веку прасядзеў на ручках у сваёй гаспадыні, не ведаў ні ашыйніка, ні павадка і пачуваўся хутчэй любімым сыночкам, чым абаронцам дома і сям’і. Паводзіўся ён у нас паскудна ажно з першага дня. Скончылася ягонае жыхарства ў нас тым, што ён, адганяючы ад міскі з кашай маю сястру, укусіў яе за твар. І ўжо праз тыдзень пачаў на ланцугу ахоўваць чужы дом.
Тры месяцы спатрэбілася нам, каб зразумець, што злосны сабака, сапсаваны неразумнай папярэдняй гаспадыняй, непрыдатны для жыцця ў сям’і. Аднак значна больш за тры месяцы трывалі мае дачыненні з чалавекам, які, што праўда, не кусаў маёй сястры, аднак вырабляў такое, ад чаго я цяпер хіба здзіўлена паціскаю плячыма: навошта было так доўга трываць абразы?
Чаму жанчыны пачынаюць дачыненні з мужчынамі, якія для таго не прыдатныя? А таму, што такія мужчыны звычайна вельмі яркія і заўважныя асобы з экстраардынарнымі паводзінамі. Яны ўражваюць дзяўчат:
– уменнем радавацца жыццю, весялосцю і бестурботнасцю (вечныя інфантыльныя хлопчыкі);
– вялікім талентам ці нават геніяльнасцю (такім талентам, які дазваляе заплюшчыць вочы на першыя прыкметы алкагалізму);
– парадаксальнымі ідэямі ўтварэння новага лепшага грамадства (клінічная карціна шызафрэніі);
– смеласьцю і адвагай (кіраванне машынай на празмернай хуткасці таксама ўваходзіць у лік адважных учынкаў);
– прыгожымі кампліментамі і падарункамі (не табе адной).
Не трэба трываць здрады і абразы ад чалавека, на якога немагчыма паўплываць. Нават калі ён сто разоў прыгожы і таленавіты. Нават не спрабуйце.
Прычына другая. Незразумелыя каманды
Некаторыя дзяўчаты памылкова мяркуюць, нібыта хлопцы павінныя разумець іх без словаў. Так узнікаюць на роўным месцы крыўды і скандалы, паходжанне якіх — загадка для мужчын.
Ці будзеце вы аддаваць сабаку каманды з дапамогай тэлепатыі? Мы адназначна залічым да вар’ятак кінолага-аматарку, якая спрабавацьме ў думках загадаць сабаку пайсці на месца. Аднак не выклікаюць ніякага здзіўлення дзяўчаты, якія доўгія гады пакутуюць ад таго, што ім не дораць кветак. Пакутуюць моўчкі — замест таго, каб проста зрабіць непразрысты намёк. Адкуль мужчына здагадаецца, што вы марыце пра каву ў ложак на Дзень святога Валянціна?
А кветкі і кава ў ложак, між тым, — гэта ўжо нават архітэктурныя празмернасці. Жанчыны звычайна моўчкі трываюць нават адсутнасць элементарных правілаў паводзінаў. Між тым, мужчыны любяць гуляць па правілах і ахвотна іх выконваюць — толькі калі правілы ім вядомыя.
Чаму ваш кавалер падвозіць вас на машыне да прыпынку, а не да пад’езда? Чаму ён не адчыняе перад вамі дзверы? Чаму ён дазваляе сабе жартаваць з вас у прысутнасці сваіх сяброў? Абавязкова скажыце яму, што з вамі так паводзіцца нельга.
Я нават паўтару гэта: абавязкова скажыце, што з вамі так паводзіцца нельга. Усталюйце правілы: несці цяжкія торбы з крамы — ягоны абавязак; калі вы вяртаецеся па цемры — ён вас праводзіць (ці сустракае); ніякія жарты ў ваш адрас у кампаніі ягоных сяброў не маюць права на існаванне; і проста не выходзьце з машыны, пакуль перад вамі не адчыняць дзверы.
Прычына трэцяя: зашмат мітусні
Бывае, што дзяўчына заўважае неадпаведнае стаўленне да сябе — і адразу пачынае паніку: скандалы, слёзы ці пілаванне. Не трэба так! Калі вы празмерна хвалюецеся, вы страчваеце ўсю перавагу. Што там казалі пра нервовага Цэзара? Ты нервуешся, Цэзар, ты, маўляў, не маеш рацыі. Жанчына, якая нервова адстойвае свае правы, адразу іх усе губляе. Мужчына разумее, што вы залежыце ад ягоных паводзінаў, і пачынае дазваляць сабе нашмат больш. Спакойна зрабіце заўвагу раз, другі і — калі трэба — трэці.
(Хаця колькі разоў рабіць заўвагу — залежыць ад цяжкасці правапарушэння. Наўрад ці вы датрываеце да трэцяй ягонай здрады з вашай сяброўкай; а вось пра жаданы букет кветак можна і пяць разоў нагадаць.)
Прычына чацвёртая: вы забыліся пра пячэнькі
Мужчына стараецца дзеля вас — не пакідайце ягоныя ўчынкі без увагі. Нават ваш сабака атрымлівае пячэнькі за ўдала ўзяты бар’ер. А мужчыну варта проста сказаць “дзякуй”. Зразумейце, як вам пашанцавала з мужчынам, які вас проста любіць і шануе; не патрабуйце немагчымага: не змушайце кандыдата гістарычных навук распачынаць за вас бойку, а майстра спорту па боксе — хадзіць з вамі на танга. Не забывайце сказаць “дзякуй” і за вымыты посуд, і за выкінутае смецце, і за адчыненыя дзверы.
Кожная вартая павагі; і не трэба згаджацца з дрэнным стаўленнем да сябе.
Югася Каляда
Малюнкі з Wonderzine