Валацуга лёс кляне, цягне торбу на спіне.
Мужчыне дазволена несці жаночую торбу толькі ў адным выпадку: калі той яе скраў.
Жаночая торбачка – забароненая тэрыторыя для мужчыны; яна пазбаўлена функцыі торбы; яна – аксэсуар, элемент касцюма. Аднак азірніцеся, і вы заўважыце іх: даму і яе галантнага кавалера, упрыгожанага гендэрна чужым аксэсуарам. Не спяшайцеся грэбліва адводзіць вочы ад таго, хто носіць жаночыя торбачкі і наведвае тэатр у спартовым строі. Абудзіце ў сабе ветлівую цікаўнасць Міклухі-Маклая, адкажыце на пытанне: чаму ён так робіць? У таго, хто не папсаваны выхаваннем, лепей працуюць інстынкты: мужчына дапамагае.
Палымянае вітанне дасылаем мы, сучасныя змагаркі за “роўнасць”, нашым папярэдніцам-суфражысткам: бінга! атрымалася! Цяпер жаночая торбачка з дэкаратыўнага элементу канчаткова ператварылася ў непад’ёмны цяжар. Мяхі, большыя па памерах за класічныя сакваяжы і партфелі, – увайшлі ў моду, шматкроць растыражаваныя калекцыямі ад куцюр і прэт-а-партэ.
Дзяўчынка з аб’ёмным скураным “аксэсуарам” не выклікае здзіўлення. Затое што нясецца наўздагон барадатаму хіпстэру ў вузкіх штанішках? – “Глядзі, пацан з жаночай торбай ходзіць!”
Мужчыны – вось каму можна пазайздросціць. Яны не любяць, калі ў іх “рукі занятыя”. І пры любой нагодзе намагаюцца пазбыцца лішніх прадметаў. Мужчыны любяць перасоўвацца па горадзе з кашальком у кішэні – і ўсё. А жанчына злучана са сваёй торбай нібыта нябачнай крывяноснай сістэмай. І на прапанову дапамагчы ёй несці гэты мех з цэглай выхаваная жанчына адказвае абурэннем: “Мужчына можа несці жаночую торбачку толькі ў адным выпадку: калі ён яе скраў!”
Ці вы з тых, хто цягае вялікую торбу? А ці можна зазірнуць? А хаця не, не трэба, у мяне была такая самая. Што там, усярэдзіне? Што ўзвальвае на свае плечы сучасная жанчына?
Там ноутбук, бо вы з ім працуеце. Там пухлая тэчка фармату А4: у ёй статутныя дакументы фірмы, лісты ў ІМНС і ФСЗН, накладныя і рахункі. Там два яблыкі на абед – сабе, бо трэба пільнаваць фігуру; і слоік з супам, і кантэйнер з катлетамі – на абед мужчыне, якому з вамі вельмі пашанцавала (толькі ён яшчэ не зразумеў). У тую ж торбу ўвечары, пасля працы, змесціцца і тое, што вы набылі ў прадуктовай краме. Настаўніца цягне сшыткі, медсястра дзіцячага садочка – транспартуе ў паліклініку дзіцячыя “аналізы”. Як пашчасціла жанчынам, якія даглядаюць дзіця! – у вазочку так багата сховаў, куды змесцяцца і прадукты, і цацкі, і памперсы, і ўпакоўка баначак з прыкормам.
Як пазбыцца гэтага цяжару? Я не пэўная, што маю адказ. Не хадзіць на працу, наймаць няню і пакаёўку? Жанчыны атрымалі тое, да чаго імкнуліся, у поўным аб’ёме. Паспрабуй каму-небудзь давесці, што жанчына не абавязана працаваць, – і цябе пакрыюць вечнай ганьбай твае ж каляжанкі. Ды я і сама з жахам уяўляю такі чорны дзень – дзень, калі жанчыны абвесьцяць страйк: тады намёртва спыніцца усё эканамічнае жыццё краіны, і мы патонем у бязладдзі. Ну як, як тут не цягаць на сабе вялікую торбу?
Аднойчы я была паскардзілася на сваю цяжкую долю торбу, і мужчына прапанаваў мне насіць заплечнік. Я не звярнула ўвагі на гэты трывожны званочак, – а дарма: неўзабаве я назаўжды пакінула калісьці агульны дом – так, з заплечнікам: аб’ёмам сто літраў і вагою, роўнай маёй. Хто вінаваты ў тым, што я не запатрабавала дапамогі? – толькі я сама.
“Жэня, – вучыла мяне падлетка мая мудрая цётка, – запомні: торба – гэта аксэсуар!” І я нарэшце зразумела ўвесь сэнс гэтай сэнтэнцыі. Памер торбы паведамляе ўсяму свету, колькі вы гатовыя ўзваліць на сябе. Не трэба ўдаваць, нібыта вам не цяжка. Няхай цяжкую працу выконваюць мужчыны; няхай яны нясуць на сабе абавязкі і адказнасць – а іначай наш негалосны прыхаваны матрыярхат канчаткова легалізуюць.
Трэба зрабіць над сабой намаганне і выйсці з дому з маленькай торбачкай. Тады ніхто не скажа: “Пакладзі сабе, бо мне ў кішэні не змяшчаецца”. Торба – гэта аксэсуар, і мяне ніхто не пераканае ў адваротным.