Муж сышоў да даўганогай малалеткі; хлопец сказаў, што ты яму надакучыла; каханы прызнаўся, што ніколі не кахаў. Якары і трапы паднятыя, і вось пунсовыя ветразі ўжо зніклі за даляглядам. Ты ўсім кажаш: “Мы болей не сустракаемся”, — а самой сабе паўтараеш: “Мяне кінулі”. Прыемнага, мякка кажучы, мала. А самае непрыемнае — нязводная думка, якая ператвараецца ў навязлівую ідэю: “Як яго вярнуць?”
У гэтай няпростай справе нам дапаможа Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі і ягоны раман “Злачынства і пакаранне”. Што зрабіў Радыён Раскольнікаў пасля таго, як забіў бабульку? Ён вярнуўся на месца злачынства.
Добрыя навіны: ваш каханы, які вас кінуў, з вялікай імавернасцю яшчэ з’явіцца на даляглядзе.
Апрача пісьменнікаў у справе вяртання мужчыны ў дом нам дапамагаюць кінолагі. Не, не тыя, якія вывучаюць кінематограф, а тыя, якія разводзяць сабак. Калі паўстае пытанне, якога шчанюка ўзяць, хлопчыка ці дзяўчынку, то бок кабяля ці сучку, любы сабакалюб ахвотна патлумачыць розніцу. Сучкі хітрэйшыя, а сабачыя хлопчыкі — больш простыя ў паводзінах, затое яны часта ўцякаюць. А потым вяртаюцца.
Мне яшчэ не даравалі параўнанне жаноча-мужчынскіх паводзінаў з пеўнямі і курамі, але, выбачайце, параўноўваць мужчынаў з жывёламі — наогул даўняя традыцыя. І раз-пораз такія параўнанні аказваюцца дасціпнымі і трапнымі.
Яны вяртаюцца. Часта з гэтага не выходзіць нічога добрага. Ніхто ж не скасоўваў акалічнасці, якія прывялі да разрыву. Таму такія ”вяртанні” робяцца проста расцягнутым у часе разводам. А ў большасці выпадкаў зусім не варта аднаўляць дачыненні з тым, хто так непрыгожа з вамі абышоўся. Падумайце: ці ён сапраўды той, без якога вы не можаце жыць? Ці варта класці столькі сілаў і намаганняў, каб яго вярнуць?
Але ніякія цвярозыя аргументы не дзейнічаюць на дзяўчыну ў пакутніцкім стане. “Як зрабіць так, каб ён вярнуўся да мяне?” — і па-за межамі гэтага пытання жыцця для яе не існуе.
Бадай, кожная з нас трапляла ў такую непрыемную сітуацыю і кожная можа сцвердзіць: хлопцы вяртаюцца тады, калі іх вяртання ўжо ніхто не чакае. Вяртаюцца тады, калі яны не патрэбныя. Калі ў вас наладзілася асабістае жыццё. Тады, калі вы зусім не хочаце, каб ён вярнуўся.
Каб выйсці з непрыемнага стану чакання і марных спадзяванняў, варта проста перастаць чакаць. Варта любіць сябе і паважаць настолькі, каб ягоны сыход не расцэньваўся як найвялікшая трагедыя ў жыцці.
Як проста сказаць: “Паважай сябе!” Але на роўным месцы самапавага не з’яўляецца. Каб цябе паважалі, трэба зрабіць штосьці вартае павагі. І павага да сябе — не выключэнне. Цябе кінулі? Час дзейнічаць.
Па-першае, перастаць спадзявацца на ягонае вяртанне. Гэтую думку варта абмінаць, як яміны на дарозе. Трэба думаць пра штосьці іншае.
Па-другое, самы час знайсці сабе заняткі, якія зоймуць усе думкі. І на першым месцы ў шэрагу карысных заняткаў для вяртання мужчынаў стаіць спартзала. Праўда, мала купіць абанемент. Давядзецца яшчэ і займацца. Адзін занятак на тыдзень нейкімі танцамі — гэта не тое. Тры трэніроўкі да сёмага поту і дрыжыкаў у каленках дзейнічаюць значна больш эфектыўна. Давядзецца па сорак хвілінаў ганяць сябе на бегавой дарожцы, а потым яшчэ гадзіну цягаць жалезкі. Каб лепей бегалася, на трэнажор можна прычапіць уяўны фотапартрэт той, да якой сышоў “здраднік”. Са злосці можна прабегчы дыстанцыю, роўную даўжыні экватара.
Заняткі ў спартзале даюць бачны вынік праз месяц, і складана будзе не паважаць тую, якая зірне на вас з люстэрка. Ды і прыходзіць з фітнэс-клуба дадому бліжэй да ночы і адразу валіцца ў ложак, засынаючы праз секунду, — найлепшы спосаб не памнажаць сумных думак.
Па-трэцяе, апрача спорту варта яшчэ чым-небудзь заняцца. Пераважная большасць жанчын згадваюць пасляразводны час як самы плённы, свабодны і шчаслівы. Арганізм прымушае рухацца, уцякаючы ад пакут; жанчына прагне помсты і сатысфакцыі; і вось абуджаюцца ўсе прыхаваныя рэсурсы, у ход ідуць усе сродкі, і мімаволі адбываюцца гераічныя ўчынкі. Кінутая жанчына здольная звярнуць горы: менавіта тут атрымліваюцца другія вышэйшыя адукацыі, мяняюцца працы, адкрываюцца бізнэсы і вырастаюць самыя прыгожыя кветкі на падваконні. Хіба ёсць тут час успамінаць пра аднаго нехарошага хлопца?
І звычайна ў самы неспрыяльны час Карлсан вырашае наведаць калісьці пакінуты дах. Ён паляцеў быў, не абяцаючы вярнуцца, і вось ён тут. Радыён Раскольнікаў, абураны тым, што бабулька не звяртае на яго ўвагі, прыйшоў даведацца, што не так. Вы атрымалі смс пра тое, што снег пайшоў, і віншаванне з першым днём зімы. Мужчыны заўжды вяртаюцца, таму будзьце асцярожныя.
Югася Каляда