This movie requires Flash Player 9
23.12.2016 | Ёсць Маладосць!

Yёsць! Крысціна Баранава: “Лобзік ці будаўнічы фен — найлепшы падарунак для дэкаратара”

Студэнтка 5 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Крысціна Баранава (Пержукова), хоць атрымае дыплом толькі праз год, ужо мае пэўны вопыт самастойнай творчасці. У ліку грунтоўных праектаў, над якімі працавала маладая мастачка, варта згадаць ілюстрацыі да беларускамоўнага перакладу кнігі Карэла Чапэка “Паштарская казка” (“Мастацкая літаратура”, 2014), сцэнаграфію (у супрацоўніцтве з Лідай Малашанка) да пастаноўкі Купалаўскага тэатра “Каханне як мілітарызм” (рэжысёр Дзмітрый Цішко). Цяпер працуе як мастак па дэкарацыях у кінапраекце “Неруш” і рыхтуецца да прэм’еры дзіцячага спектакля ў Віцебскім тэатры “Лялька”. Пра перавагі акадэмічнай адукацыі ў прафесіі мастака, адказнасць творцы і крытэрыі паспяхова зробленай працы мы для праекту “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!” і гутарым сёння з Крысцінай.

 

Цікава і адказна

— Творчая прафесія ў любым выпадку мае пад сабой вялікую адказнасць. Так, боязна брацца за новыя сур’ёзныя праекты, але гэта і вельмі цікава. Калі мы ставілі першы спектакль у Купалаўскім тэатры, гэта быў проста касмічны працэс. І вось я скончыла працу над сваім другім спектаклем у віцебскім тэатры “Лялька”. Там працавала над дэкарацыямі і лялькамі. Прэм’ера адбудзецца ў лютым, таму не магу сказаць, што гэта завершаны праект. Ён яшчэ рыхтуецца. Спадзяюся, што рыхтаваць трэцюю пастаноўку будзе крыху прасцей.

Сам-насам з роздумамі

— Усё залежыць ад калектыву. Тэатр — гэта іншы свет. Калі доўга там знаходзішся, пачынаеш адчуваць сябе іншапланецянінам ці рыбкай у акварыуме. Калектыўная праца — гэта заўсёды дастаткова складана, асабліва калі табе 24, а ты даеш заданні сталярам, якім за 40-50. Прафесіяналы заўсёды з разуменнем ставяцца да ідэй маладых творцаў. А праца над кнігай — гэта абсалютна іншы працэс, адасоблены ад усяго свету. Гэтак жа нервуешся, знаходзішся ў пошуках. Але гэта толькі твой пошук, які ты робіш адзін. Далей да працэсу падрыхтоўкі кнігі далучаюцца мастацкі рэдактар, вытворцы, тэхнолагі, паліграфісты… Наогул, самае неверагоднае для мяне — што ўсё створанае пачынае жыць сваім асабістым жыццём. Карціна, ілюстрацыі да кнігі, сцэнаграфія да спектакля. Людзі будуць гэта ўспрымаць. А ты ўжо пайшоў далей.

Калі нешта атрымліваецца не так — лепш перарабіць

— Працуючы ў любым відзе мастацтва, чалавек ніколі не ведае, атрымалася ў яго добра ці не. Адказам могуць быць водгукі людзей, якія пабачаць тваю работу. Сам жа творца ніколі не бывае да канца задаволены вынікам сваёй працы. Пасля прэм’еры ўсё адно захочацца нешта перарабіць. Творчы працэс — з’ява бесперапынная, і гэта добры знак. Калі не падабаецца сваё, значыць, ты вырас прафесійна. У працы важна мець планку, ніжэй за якую нельга апускацца, а сам узровень павінен кожны раз падвышацца. Яго ці галавой, ці сэрцам разумееш. Таму калі нешта не падабаецца — перараблю ўсё дзясяткі разоў, каб з упэўненасцю магла сказаць, што гэта мая праца. Я спадзяюся, што і за сценамі акадэміі, пасля атрымання дыплома, прадоўжу рабіць тое ж, што і цяпер. Буду працаваць як мастак тэатра і кніжны графік.

Маладосць і актуальнасць

— Мне падаецца, што мастак заўсёды малады. Асабліва калі займаецца актуальным мастацтвам, хоча ствараць актуальныя рэчы. Ва ўмовах сённяшняга часу мастаку трэба быць вельмі хуткім. Выстаўкі, праекты, трэба адразу ж адгукацца на прапановы. У нашы дні хто колькі “набегаў” — столькі і мае. Напрыклад, я ставіла спектакль у Віцебску, і гэта ад мяне патрабавала пры неабходнасці знаходзіцца ў тым горадзе. Быў пэўны перыяд, калі я жыла і ў Мінску, і ў Віцебску. Больш за тое, мастаку немагчыма жыць, адмежаваўшыся ад усяго свету. Можа, у часы Ван Гога так было можна. Але сёння прафесія мастака — гэта пастаянныя кантакты з людзьмі, бо трэба, каб пра цябе ведалі, памяталі. Чым больш кантактаў — тым большая магчымасць выжыць на рынку. Не толькі ў матэрыяльным плане. Цяпер нам трэба шмат, вельмі шмат візуальнай інфармацыі. Шэраг з 8 фотаздымкаў мы прагортваем за 10 секунд, а потым гэта ўсё раствараецца ў патоках інфармацыі. Калі не будзеш нагадваць пра сябе, на цябе забудуцца. Многія старэйшыя мастакі, якіх я ведаю, дадуць фору маладым па колькасці выстаў, праектаў. Захапляюся імі і дзіўлюся працаздольнасці! У мяне часам узнікае адчуванне, што яны той-сёй з іх мае двайнікоў, ці валодае тэлепортам.

Талент ці адукацыя?

— Інтуітыўна, грунтуючыся толькі на таленце, можна працаваць у сферы мастацтва. Я ведаю людзей, якія цудоўна малююць, хоць не вучыліся ў акадэміі, каледжы ці яшчэ дзе-небудзь. Але ж па маіх уражаннях нават мастацкі каледж не дае настолькі грунтоўную адукацыю, як акадэмія. Хаця б таму, што, каб авалодаць базавымі навыкамі малявання, трэба маляваць кожны дзень цягам гадоў шасці. Нават калі нічога больш не возьмеш з акадэмічнай адукацыі, то сам дойдзеш да нейкіх тэхнічных рашэнняў проста таму, што кожны дзень будзеш мець неабходнасць, патрэбу маляваць. Нягледзячы на тое, што хварэеш, лянуешся, баліць галава, кепскі настрой. Ёсць аб’ём працы, які трэба здаць, і ты малюеш, таму што так трэба. Студэнты-мастакі нават летам не могуць адчуваць сябе спакойна, бо мы здаём пленэрную практыку ў кастрычніку, і толькі па яе выніках залічваюць на наступны курс.

Што за *** ваш квадрат Малевіча

— Праца на пленэры заўсёды прадугледжвае кантакт з мясцовымі жыхарамі. Дзе б ні схаваўся — цябе знойдуць. Будуць размаўляць, цікавіцца. Спачатку ты гэта ўспрымаеш як жах, бо калі не адкажаш, нейкім чынам не адрэагуеш, то людзі проста стануць за спінай і будуць глядзець, як ты малюеш. Былі выпадкі, калі мы з сяброўкай на некаторы час адыходзілі ад мальбертаў і альбомаў, а як вярталіся, бачылі, што малюнкі ўжо зацікаўлена разглядаюць мясцовыя пацаны. Нават ёсць фотаздымкі, зробленыя ў такія моманты. Ёсць і топ самых папулярных пытанняў ад мясцовых: ці верыце вы ў Бога? Што за *** ваш квадрат Малевіча? З цягам часу ў мяне атрымалася нешта накшталт лекцыі па гісторыі мастацтва і тэалогіі для стасункаў з такімі цікаўнымі. Неабходна ж пра нешта з людзьмі размаўляць!

Акрамя малявання я люблю… маляваць

— Мяне вельмі натхняе тэатр, асабліва лялечны. Я сябе бачу хутчэй як мастака лялечнага тэатра. Спадзяюся, у мяне атрымаецца супраца менавіта з лялечнікамі. У цэлым на працу, творчасць натхняе ўсё, але многае залежыць ад унутранага стану, настрою. У розныя перыяды жыцця розныя рэчы падаюцца класнымі — ад гэтага залежыць і настрой у жывапісе, ілюстрацыях. Часам падаецца, вось тады я нешта знайшла ў сваёй працы, свой стыль, зрабіла выдатную работу, трэба намаляваць у тым жа кантэксце так жа, але пераглядаю, пачынаю працаваць і разумею, што гэта ўжо не мой стан і больш так намаляваць не змагу, дакладней магу, але не хачу. Вельмі натхняюць прырода і горад. Чым большы горад — тым мне цікавей. Ва ўрбаністычным асяроддзі захапляе ўсё, асабліва калі горад хутка змяняецца, многа ўсяго адбываецца, кіпіць.

Адасобленасць мастака

— Усе мае новыя знаёмыя — толькі з маёй прафесійнай сферы. Я амаль не кантактую з людзьмі, з якімі не працую. Так было не заўсёды. Цяпер проста не хапае часу. Так, ёсць сябры з дзяцінства, якія сталі дактарамі, праграмістамі. Наша праца сама па сабе прадугледжвае мноства кантактаў, а дома часам ужо нават не хочацца ні з кім размаўляць, бо стамілася. Можа, гэта і ёсць адасобленасць мастака, таму што іншыя колы людзей мне амаль недасягальныя. Вось уявіце, 12 гадзін ночы, мы з аднакурснікамі выпаўзаем з практыкі ў бутафорскім цэху Купалаўскага тэатра, стомленыя, усе ў пенапластавай стружцы, побач, у кавярні “Аўстэрыя Уршуля”, грае музыка, людзі танчаць танга. Некалькі разоў адбывалася так, што я заставалася працаваць у тэатры ўначы. Цікавае адчуванне. Нікога няма, ціха. З усіх бакоў на цябе глядзяць лялькі, партрэты акцёраў. І толькі вялікая поўня сочыць за табой. Ды яшчэ каты наведваюць час ад часу, зазіраюць у вокны. Так, крыху не па сабе, але ўсё ж кампанія.

А яшчэ ведаеце, што для дзяўчат з нашай групы выдатны падарунак? Не, не пунсовая кветачка! Лобзік, будаўнічы фен, маленькія ціскі, гравёр і нават цыркулярная піла! Уявіце сабе, мы ўмеем (а калі не ўмеем, то навучымся абавязкова) гэтым карыстацца!

 

Чароўны свет тэатра

— Калі пачынала вучыцца на спецыяльнасці “тэатральна-дэкарацыйны жывапіс”, я думала, што проста пагляджу, як знутры ўладкаваны механізм тэатру, а займацца буду іншым. Але гэты свет аказаўся настолькі цікавым, што нідзе больш працаваць не хочацца. Я ведаю некаторых мастакоў тэатра, якія зарабляюць грошы ў кіно, але абавязкова робяць на год адну-дзве тэатральныя пастаноўкі. Калі ты паспрабаваў працу ў тэатры, то няважна, што там заробак невялікі, усё роўна будзеш туды імкнуцца проста таму, што гэта вельмі цікава.

Хачу вучыцца шыць

— З самага дзяцінства ў нас з братам было насычанае творчае жыццё. Дома мы клеілі на сцены аплікацыі, ладзілі тэатральныя пастаноўкі. Бацькі настолькі якасна рыхтаваліся да Новага года, што я 12 гадоў верыла ў Дзеда Мароза. Мы жылі ў атмасферы казачнасці. У 1 год і 10 месяцаў я пайшла ў гурток “У госці да Цюбіка” пры Нацыянальным мастацкім музеі. Потым была мастацкая школа, мастацкі каледж, цяпер вучуся ў акадэміі мастацтваў. Я сёння, канечне, кажу, што не хачу працягваць навучанне пасля атрымання дыплома, але ж сама выдатна разумею, што спатрэбяцца дадатковыя прафесійныя веды. Мастак тэатра павінен умець чарціць, пілаваць, хаця б ведаць, як шыць, добра разумець многія творчыя працэсы і тэхнічныя рэчы. Таму планую пайсці на курсы кройкі і шыцця. Я ж павінна не толькі намаляваць касцюм, але і ведаць, як ён пашыты, зроблены, якую тканіну выкарыстаць, якая там канструкцыя. Здаецца, працэс вучобы ніколі не скончыцца, табе заўжды трэбы быць у трэндзе, паспяваць за ўсім, што адбываецца вакол.

 

 

Марына Весялуха

Фота з асабістага архіва Крысціны Баранавай


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика