Выходзіць зборнік апавяданняў лаўрэата Нобелеўкі-2013 Эліс Манро — упершыню на рускай мове. Ліза Біргер тлумачыць, чаму прызнаную канадку да гэтага часу тут не выдавалі і навошта яе трэба чытаць.
Шчыра кажучы, зборнік «Зашмат шчасця» менш за ўсё падыходзіць для першага знаёмства з творчасцю Эліс Манро. Хоць бы таму, што ў зборніку 2009 года пісьменніца сама парушае асноўныя законы сваёй прозы. Законаў гэтых, скажам, тры: у цэнтры апавядання павінен стаяць звычайны чалавек, часцей за ўсё жанчына, з ім мусіць здарыцца самая звычайная падзея, напрыклад, развод, і адбывацца гэта павінна ў цяперашнім часе і месцы, часцей за ўсё ў той самай канадскай правінцыі Антарыа, якую Манро праславіла гэтак жа, як Фолкнэр — амерыканскі Поўдзень. Але ўжо ў загалоўным аповедзе, гераіняй якога робіцца рускі матэматык Соф’я Кавалеўская, усе гэтыя правілы парушаныя, ды і ў іншых пастаянна адбываюцца ўсякія дзівацтвы, якіх Манро столькі гадоў так старанна пазбягала. Але зборнік надта своечасова выйшаў — пасярэдзіне паміж Нобелеўскай прэміяй і «Міжнародным Букерам» — і, відавочна, трапіўся пад гарачую руку выдаўцу, які не вельмі ўяўляў, хто такая гэтая Манро і як яе чытаць.
Але і для чытача, зразумелая справа, галоўнае пытанне будзе не ў тым, пра што і як піша Эліс Манро: да восені мінулага года ён нічога пра яе не чуў і сёння адкрые гэты зборнік, перш за ўсё жадаючы даведацца, ці такая ўжо яна добрая для Нобелеўскай прэміі, і загадзя прадчуваючы, што аўтар не апраўдае ўскладзеных на яго чаканняў. Бо мы ўжо прывыклі несправядліва лічыць, што Нобелеўскую прэмію даюць не за літаратурныя заслугі, а за местачковасць, што “дзе?” і “пра што?” важнейшыя за “як?”. Тым больш што ў айчынных высокіх літаратурных колах Манро, якая за сорак гадоў кар’еры стала абсалютнай зоркай англамоўнага свету, ігнаравалі цалкам свядома. Так, галоўны рэдактар часопіса “Иностранная литература” Аляксандр Лівергант, цудоўны перакладчык і рэдактар, на пытанне РІА “Навіны”, ці заслугоўвае Манро Нобелеўскай прэміі, паблажліва працадзіў, што яна “моцны, але невялікі пісьменнік”, “аўтар доўгіх апавяданняў і аповесцяў з некаторым феміністычным ухілам”. І здаецца, што адно ў яго ўяўленні неаддзельнае ад іншага, што пісьменнік “пра жаночае” вялікім быць не можа па змоўчанні, што любая спроба высокага палёту загразне ў яго ў дробным варушэнні побыту.
Манро і праўда з першага погляду непадобная да пісьменнікаў, якіх мы запісалі ў каралі сучаснага апавядання. Яна не мае карвераўскай звышздольнасці выцягнуць сутнасць чалавечага існавання з дробнай дэталі, убачыць у нязначнай падзеі трагедыю эсхілаўскага размаху. У яе ўсё наадварот: буйны план, жыццё, разгорнутае ва ўсім маштабе, — і пісьменніцкай задачай робіцца ўхапіць у гэтым жыцці самае важнае, вылучыць асноўную падзею і пачуццё ці месца, якое ўсё тлумачыць. Ведучы бясконцы ўнутраны маналог, яе героі (часцей, вядома, гераіні) як заезджаную пласцінку прайграюць унутры сябе ўсё гэта самае важнае: успаміны пра дзяцінства, пра шлюб, пра дзяцей, пра нешта, убачанае аднойчы і пасля не забытае. “У жыцці чалавека бывае некалькі месцаў — ці ўсяго адно, — дзе нешта адбылося, а ўсе астатнія не лічацца”, — тлумачаць яны. Гэта такая паверхня жыцця, дзе сюжэт небяспечна мяжуе з плёткай. Вось ад гэтай жанчыны муж сышоў, даверліва паведамляе нам аўтар. Вось у гэтай сын у секту падаўся. А тая вось, толькі глянь, да таго хоча замуж, што ва ўпор не бачыць, як ёй здраджвае каханак.
Зрэшты, да плёткі апавяданне так ніколі і не скочваецца. Шмат у чым таму, што Манро заўсёды кажа і паказвае знутры персанажа, і гэта ператварае яе ў апавядальніка, які суперажывае героям. “Адбылася самая банальная катастрофа”, — пакутуе кінутая мужам жанчына пра страчанае жыццё. Банальнасць катастрофы, здаецца, і займае Манро перш за ўсё. Але менавіта прызнанне таго, што калі “муж сышоў да іншай” — гэта і ёсць самая сапраўдная катастрофа, і робіць яе прозу такой жаночай і, што ўжо там, вялікай.Пісьменніца гэтак жа працэджвае жыццёвыя падзеі, пакідаючы толькі самае галоўнае, як адточвае фразы, у якіх няма ніводнага лішняга слова. І якая яна феміністка, калі з тэксту ў тэкст самым галоўным для яе гераінь застаюцца дзеці і мужчыны.
Цікава, што пры ўсёй любові Манро да вялікіх сюжэтаў усе расказаныя ёю гісторыі не канчатковыя, усе мяркуюць шматкроп’е за фінальнай кропкай. Тэрапеўтычны эфект яе прозы ўзнікае ад таго, што трагедыя тут згладжваецца бясконцай чарадой паўтораў: як бы ні засяроджвалася апавяданне на галоўных падзеях жыцця, апісваюцца яны перш за ўсё праз успаміны герояў і да моманту дзеяння перажытыя і прынятыя. Насамрэч у апавяданні Манро амаль заўсёды ёсць два пункты адліку: зноўку перажыванае мінулае і крохкая сучаснасць, што знікае па меры пражывання. Іншымі словамі, гэта будзе не “апавяданне пра жанчыну, ад якой сышоў муж”, а “апавяданне пра жанчыну, ад якой сышоў муж і якая праз шмат гадоў чытае сваю гісторыю ў апавяданні”. Не “гісторыя жанчыны, якая перажыла рэвалюцыю”, а “гісторыя жанчыны, якая пабывала ў самай гушчы рэвалюцыйнай барацьбы і ўспамінае пра яе праз гады, калі падарожнічае па Еўропе”.
У нейкім сэнсе ўсе гэтыя тэксты ілюструюць заезджаную ў апошнія месяцы цытату Бродскага пра жыццё, якое “хіснула ўправа, хіснуўшы ўлева”. Жыццё сапраўды хістаецца. Так, уся гісторыя Соф’і Кавалеўскай патрэбная тут быццам для апошніх словаў гераіні пры смерці: “Зашмат шчасця”. Гэтае шчасце, здабытае ў катастрофе, гарантаванае не хісткай сучаснасцю, але будучыняй і мінулым.Дзеля прадчування гэтага шчасця і варта чытаць саму Манро, якая нічога, зрэшты, не абяцае.