Свежая навіна: у адным з двароў Екацярынбурга, як паведамілі сродкі масавай інфармацыі, знайшлі клетку з безгаспадарчым… тыграм. Прынамсі, гаспадар жывёлы пакуль не знойдзены. Між тым спецыялісты, што вывучалі ўмовы ўтрымання тыгра, адзначылі дзве праблемы. Па-першае, памеры клеткі былі даволі малымі для драпежніка — 4х4 метры. Па-другое, такія ўмовы ўтрымання могуць уяўляць небяспеку не толькі для дзікай кошкі, але і для жыхароў горада, бо клетка знаходзілася непадалёку ад жылога квартала…
Безгаспадарчых тыграў на нашых вуліцах, на шчасце, пакуль яшчэ не знаходзілі, а вось іншых жывёлін, у тым ліку і экзатычных (змей, чарапах, яшчарак), якія збягалі ад сваіх гаспадароў, — неаднойчы. І колькасць такіх выпадкаў апошнім часам расце, што дало падставы Міністэрству прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя нагадаць: многія з гэтых відаў жывёлы трапляюць пад дзеянне Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (далей — віды СІТЕС).
Пад дзеянне Канвенцыі трапляюць такія віды жывёлы, як воўк, выдравыя, мядзведзі, кашачыя (рысь, леапард, тыгр і інш.); птушкі — сокалападобныя (дзённыя драпежныя птушкі), сакаліныя, папугаепадобныя (амазоны, ара, какаду і інш.); асобныя віды чарапах, хамелеоны, ігуаны, кракадзілы; змеі — сямейства ўдаваў, пітонаў, асобныя кобры.