28 верасня 1939 года фашысцкая Германія і камуністычны Савецкі Саюз падпісалі Дамову аб мяжы. Гэтая дамова стала лагічным завяршэннем самага ганебнага этапу Другой сусветнай вайны, калі дзве імперыі літаральна за месяц раздзерлі польскую дзяржаву на кавалкі.
Звычайна шмат гаворыцца пра Дамову аб ненападзе паміж фашыстамі і камуністамі, ці пакт Молатава – Рыбентропа. Скандальную вядомасць мае знакаміты сакрэтны пратакол, у якім імперыі падзялілі сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе. Спачатку мяжа паміж гэтымі сферамі павінная была пралягаць аж па Вісле, а Літва безумоўна адыходзіла пад кантроль Германіі. Савецкі Саюз зусім не хвалявала пытанне “ўз’яднання” братніх народаў беларусаў і ўкраінцаў і аднаўленне гістарычнай справядлівасці, парушанай Рыжскай дамовай 1921 года, калі і адбыўся раскол Беларусі. У бальшавікоў была толькі адна справядлівая, на іх думку, мэта – пашырэнне сацыялістычнай рэвалюцыі. А нацыянальныя спадзевы і памкненні былі зручным сродкам для прапагандысцкіх маніпуляцый і ажыццяўлення выгадных палітычных крокаў.
Калі з падачы Германіі пачалася Другая сусветная вайны, Сталін бездакорна перайграў Гітлера, не нападаючы адразу на Польшчу, а вытрымаўшы паўзу. Яшчэ адзін удалы палітычны зігзаг – успамін пра “лінію Керзана” ўзору 1918 года, якая амаль што супадала з этнічнай мяжой рассялення беларусаў. На ёй і вырашыў спыніцца лідар Савецкай дзяржавы. Германія на момант 17 верасня 1939 года ў вачах сусветнай супольнасці выглядала бясспрэчным агрэсарам, а бальшавікам удалося схавацца за шырмай “вызвалення” братніх народаў, выстаўляючы наперад нацыянальныя аспекты. Гітлер быў вымушаны ісці на ўмовы Сталіна, бо быў ужо ўцягнуты ў вайну на захадзе еўрапейскага кантынента. 28 верасня 1939 года Савецкі Саюз і Германія зафіксавалі ўзаемапаразуменне наконт агульнай мяжы і лёсу Польскай дзяржавы. Усё адбылося надзвычай элегантна, без ценю спрэчак ці канфлікту паміж бакамі… Беларусь чарговы раз стала разменнай манетай у вялікай палітыцы, і самі беларусы мала ўплывалі на свой лёс.
Упершыню ў максімальным вымярэнні Беларусь была аб’яднаная пад крылом адзінага дзяржаўна-адміністрацыйнага ўтварэння. Здаецца, як гэтага можна не вітаць? Але давайце будзем шчырымі – з савецкага боку паход Чырвонай арміі таксама быў актам непрыхаванай агрэсіі супраць дзяржавы, з якой былі заключаныя ўсе патрэбныя міжнародна-прававыя дамоўленасці. Звярнуць увагу на маральны бок справы, г.зн. на палітыку прыгнёту беларусаў з боку Польшчы? Але адкуль узялося тое хуткае расчараванне і негатыўнае стаўленне да новай савецкай улады ўжо ў першыя месяцы яе прысутнасці? Можна лічыць, што ў тагачаснай сітуацыі савецкі рэжым уяўляў меншае зло, бо прынамсі дазваляў беларусам называцца беларусамі і заахвочваў да развіцця культуры і адукацыі на роднай мове. Але можна паставіць рытарычнае пытанне: чаму мы ідзем за вобразам польскага пана-прыгнятальніка і не можам сабе ўявіць, што ў пасляваенны час нацыянальная палітыка Польшчы павінная была змяніцца, і ад цёмнага мінулага яна мусіла б пазбаўляцца, як Германія і Італія. Прынамсі сёння мы маем дэмакратычную Польшчу, якая жыве згодна з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, а ўсходняя суседка дэманструе свой досыць непрывабны твар. І яшчэ: дзе быў голас той БССР, да якой далучалася Заходняя Беларусь? Ці адстойвалі ў савецкім Мінску нацыянальны беларускі інтарэс, няхай нават пракамуністычнага кшталту, уплывалі адтуль на ход палітычных дзеянняў Масквы?
У інтэрнэт-прасторы 75-гадовы юбілей адной з найважнейшых падзей ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі выліўся ў дыскусію вакол векавечнага пытання: уз’яднанне пад сталінскім дахам – гэта дабро, беручы пад увагу сам вынік для беларусаў, ці ўсё-такі зло – калі спыняцца на тым шляху і сутнасці рэжыму, які правёў “уз’яднанне”? Адзінай думкі няма нават сярод нашых інтэлектуалаў, сапраўдных патрыётаў. Для адных аб’яднаная Беларусь, няхай у форме савецкай рэспублікі, мела ўласную (хоць і вельмі абмежаваную) ідэнтычнасць. Далучэнне да БССР вырвала Заходнюю Беларусь з абдымкаў татальнай паланізацыі. З іншага боку апаненты сцвярджаюць, што паўнавартаснае існаванне Беларусі пад сталінскім рэжымам – гэта фікцыя. Беларусь была марыянеткай у чужых руках, а Заходняя Беларусь у выніку падзей 1939 года змяніла адну падуладнасць на іншую, яшчэ горшую па сваёй сутнасці.
Той факт, што ў гэтай дыскусіі бакі не могуць прыйсці да паразумення і пры тым кожны з іх цалкам мае рацыю, можа быць патлумачаны тым, што спрэчка насамрэч вядзецца пра рознае. Для прыхільнікаў станоўчага вобразу “ўз’яднання” аргументацыя на карысць магчымасцей для нацыянальнага развіцця спыняецца на культурных момантах. Так, у БССР існавалі праграмы на радыё і тэлебачанні, развівалася літаратура і фальклор, нават працавалі школы… Але на гэтым усё. Маюць рацыю тыя, хто сцвярджае палітычную сферу за СССР ніякая беларушчына не дапускалася. Нават не было, калі казаць метафарычна, кшталтавання беларускай палітычнай традыцыі на рускай мове. Як “уз’яднанне” ў 1939 годзе, так і здабыццё суверэнітэту ў 1991 годзе было хутчэй збегам абставін, чым унутраным высілкам саміх беларусаў. Таму калі падыходзіць з дзяржаўніцкіх пазіцый, то сапраўды, БССР, па вялікім рахунку, дазволіла захаваць вычварную, але ўсё ж нацыянальна-культурную ідэнтычнасць, але ў палітычным плане гэта фармальная, “пацёмкінская” да глыбіні сваёй сутнасці структура.
Няма адказу на пытанне наконт “уз’яднання” – добра гэта ці кепска. Як ёсць – так ёсць. Але задумацца, дзе ж былі беларусы, чаго яны хацелі і дамагаліся, якія ставілі мэты перад сабой, варта. Беларусь – занадта важная тэрыторыя, каб яе не заўважыць з боку суседзяў і абыходзіць бокам. Але ад гэтага “пракляцця тэрыторыі” трэба пазбаўляцца. Тут жывуць людзі, у якіх ёсць свой інтарэс, і без уліку яго ніхто не павінен сунуцца да нас у хату.
Андрэй Янушкевіч