17-гадовы случчак Віктар Лагун зрабіў камп’ютарную гульню-галаваломку пад назвай «Bel Gul» («Беларуская гульня»). Аўтар размясціў яе на адным з файлаабменнікаў.
Як расказаў карэспандэнту «IK» юнак, на стварэнне гульні сышло шэсць дзён.
«Ідэя стаць аўтарам галаваломкі нарадзілася сама па сабе. Шматлікія гульні надакучылі, захацелася чагосьці новага. «Bel Gul» — гэта гульня пра шарык, якому трэба перасоўваць прадметы і падарожнічаць па ўзроўнях, абыходзячы розныя перашкоды», — кажа Віктар.
Паводле яго словаў, галаваломка разлічаная на аўдыторыю, якая ўмее карыстацца камп’ютарам, — любую. За плячыма ў маладога чалавека некалькі праектаў, але, паводле яго словаў, ні адзін з іх праз недахоп часу і рэсурсаў не дайшоў да рэлізу.
«Я загугліў «хачу рабіць гульні». Інфармацыю зубрыў два гады. Калі шчыра, ствараць камп’ютарныя гульні вельмі цяжка: трэба ведаць тысячы рэчаў. А па інфарматыцы ў мяне ледзь сямёрка выходзіла за чвэрць», — адзначае случчак. Віктар Лагун родам з вёскі Вялікая Сліва. У гэтым годзе ён паступіў у Слуцкі каледж перапрацоўчай прамысловасці.
«Калі гульня спадабаецца людзям і будзе шмат водгукаў, зраблю другую частку. Яна будзе больш прасунутай і доўгай. А калі цікавасці ў карыстальнікаў інтэрнэту яна не выкліча, то пачну новы праект, які будзе кардынальна адрознівацца ад «Беларускай гульні».
Суполка гульні ў ВК: SDAGames
Вікторыя Капская, kurjer.info