Кніга Зьмітра Сасноўскага «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасьці да канца XVIII стагодзьдзя» выйшла ў выдавецтве «Харвест» накладам у адну тысячу асобнікаў. Кніга прэтэндуе на статус першага падручніка гісторыі нацыянальнай музыкі, хаця і ня мае адпаведных грыфаў Міністэрства адукацыі.
Знаны музыка, стваральнік і лідэр гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» прысьвяціў збору і сыстэматызацыі матэрыялаў для падручніка дзевяць гадоў свайго жыцьця. А рабіць гэта яго змусіла адсутнасьць у Беларусі падобнага выданьня. Зьміцер Сасноўскі чакаў, што такую кнігу напішуць айчынныя музыказнаўцы ці гісторыкі, але час ішоў, а студэнты па-ранейшаму ня маюць па чым вывучаць такі велізарны пласт нацыянальнае культуры.
«Вось наш гурт „Стары Ольса“ займаецца старадаўняй музыкай, і нам даводзіцца рэгулярна абгрунтоўваць, чаму мы зайгралі менавіта на гэтых інструмэнтах, якім чынам мы склалі аранжыроўкі, чаму мы выбралі гэта, тое, хуткасьць і ўсё астатняе. А падручніка па гісторыі беларускай музыкі няма ў нашых унівэрсытэтах».