На сайце budzma.org прадстаўлены пяць кліпаў на песьні беларускамоўных выканаўцаў, зьнятыя ў межах майстар-клясы, якую даў польскі режысэр, прадусар і кіраўнік мэдыяагенцтва TOtamTO Media & TV Павал Квасьнеўскі. Задача стаяла няпростая — зьняць кліп бяз грошай зь мінімальнымі тэхнічнымі магчымасьцямі і ў сьціслыя тэрміны. Зьнялі за чатыры дні, змантавалі за 36 гадзін бесьперапыннай працы.
Спэцкурс польскага майстра ў Менскай кінашколе-студыі быў прысьвечаны здымкам музычнага кліпу. На пажаданьне госьця, песьні для відэаўвасабленьня мусілі быць беларускамоўнымі. Дзеля гэтага на інтэрнэт-партале «Тузін Гітоў» быў абвешчаны конкурс. Заявы на яго падалі ля 70 выканаўцаў розных стыляў. Сярод іх былі і такія вядомыя асобы, як Зьміцер Вайцюшкевіч, Тацяна Беланогая. Але абралі малавядомыя ці зусім невядомыя імёны. «Сярод тых, хто падаў заяву былі вельмі годныя выканаўцы. Зь некаторымі зь іх я ў добрых адносінах. Але хацелася, каб рэжысэры-пачаткоўцы зьнялі ролікі пачаткоўцам-музыкам», — патлумачыў свой выбар Павал Квасьнеўскі.
Задача перад удзельнікамі майстр-клясы стаяла няпростая — зьняць кліп бяз грошай зь мінімальнымі тэхнічнымі магчымасьцямі і ў сьціслыя тэрміны. На распрацоўку ідэі, здымкі і мантаж было дадзена ўсяго чатыры дні. Кожная група з трох-пяці чалавек працавала над сваім ролікам і збольшага ўсе з задачай справіліся. Праўда, спатрэбіўся дадатковы час, каб давесьці да розуму карцінку.
Група№1: Алег Дзьмітрыенка — Хопіць піць (рэж. Кацярына Лянкевіч)
Для маладога рэпэра гэта быў першы досьвед удзелу ў здымках відэа. Ён пажадаў, каб відэаўвасабленьне атрымаў твор пра шкоду алькаголю. «Гэта праблема кранула непасрэдна маю сям’ю і таму я вырашыў выказаць усё, што я думаю ў гэтым трэку», — кажа Алег. Здымкі адбываліся ў полі і на могілках, дзе здымачную групу ледзь не пабілі мясцовыя. Але ўсё абышлося. «Форма падачы была абраная добрая, цешыць пачатак, але трэба прыкласьці нямала высілкаў, каб ён сапраўды глядзеўся», — так адрэагаваў на відэа Павал Кваснеўскі, якога ўганаравалі пачэсным званьнем «кіраўнік фабрыкі».
Група№2: Sonika — Баляда (рэж. Аляксей Макараў)
Над гэтым відэа папрацавала нямала людзей: акром рэжысэра, апэратара і мантажора тут былі задзейнічаныя мастак, грымэр, выканаўчы прадусар, дырэктар пляцоўкі. І ўсё тое на поўным сур’ёзе. Музыкі былі ў захапленьні нават ад дэма-варыянту свайго роліка: «Вельмі прыемна глядзець на тое, што атрымалася», — прызналася вакалістка. А Павал Квасьнеўскі пажадаў яшчэ здымачнай групе набыць адчуваньне рытму і прызнаў чатыры сцэны ў кліпе вельмі добрымі.
Група№3: ZnaRock — Я эма, мама (рэж. Сяргей Пабягайла)
Гэтае відэа на момант здачы было гатова толькі часткова — здымачная група пасьпела зьняць карцінку толькі на куплет і прыпеў. Але «кіраўнік фабрыкі» адрэагаваў на гэты сыры ролік пазытыўна: «Я пабачыў і адразу ўлюбіўся ў яго», — заявіў польскі рэжысэр. Сяргей Пабягайла намагаўся перадаць празь відэа супярэчлівы ўнутраны сьвет юнака, які ўвайшоў у канфлікт з грамадзтвам. Працоўная група мусіла падчас працы пераадольваць сябе: песьня ім зусім не падабалася і яе ідэю яны не падзялялі. Таму і выканаўца галоўнай ролі ў кліпе пажадала, каб яе твар ня быў бачны.
Група№4: Amaroka — Сэрца ў Нью-Ёрку (рэж. Аляксандар Сьвішчанкоў)
Выканаўцы гэтай песьні на здымкі прыехаць ня здолелі, так што здымачнай групе прыйшлося выкручвацца самім. Песьня ім прышлася даспадобы, так што справа пайшла хутка. Як пераконваюць аўтары роліка, усё ў гэтым відэа было па-сапраўднаму. Хіба толькі ў пляшцы была ўсё ж гарбата. Павал Квасьнеўскі паўсьміхаўся разам з усімі, калі глядзеў гэтае відэа, але ўсё ж параіў адкласьці інтэлект і даць волю эмоцыям.
Група№5: Perfect Life — Надзея (рэж. Міхаіл Шпілеўскі)
У працы над гэтым кліпам паўдзельнічала рэкордная колькасьць людзей — 25 чалавек, уключна з самім кіраўніком майстар-клясы. Рэжысэр вырашыў даць папрацаваць ня толькі ўсёй здымачнай групе, але і акторам кінашколы. Галоўнаму герою роліка — 6 гадоў. Ідэя песьні простая і зразумелая — дабро перамагае зло. Па выніку Павал Квасьнеўскі налічыў пяць выдатных момантаў. «Астатняе — тэатар», — рэзюмаваў ён. Пакуль рэжысэр Міхаіл Шпілеўскі прадстаўляе працоўную вэрсію кліпа.
Удзельнікі майстар-клясы зрабілі калясальную працу і даказалі найперш самім сабе, што здольныя выканаць нават такое няпростае творчае заданьне, як здымкі відэароліка ў рэкордна кароткі тэрмін. Добры кліп як правіла робяць за месяц, а то і паўтара. Гэтыя людзі ўзялі добры старт і засьведчылі, што няма нічога немагчымага. Навучэнцы менскай кінашколы мяркуюць і надалей працягваць здымаць кліпы і запрашаюць ўсіх зацікаўленых беларускіх выканаўцаў да далейшай супрацы. Сайт кінашколы — filmschool.by.