У яе была мара, і яна яе рэалізавала. Вакалістка гурта ZM99 Зоя Сахончык у вялікім інтэрв’ю з жахам прыгадала свой дэбют на сцэне з песняй Ірыны Алегравай ды расказала, што яе змусіла стаць бас-гітарысткай і чаму яна дагэтуль не кідае альтэрнатыўную музыку, якой спявачка аддала палову жыцця.
Зоя Сахончык (у дзявоцтве Каральчук) — адна з самых заўважных і пазнавальных дзяўчат на беларускай рок-сцэне.
Яе гурт «Змяя» (цяпер ZM99) даволі хутка ўпісаўся ў тутэйшы альтэрнатыўны музычны кантэкст. Яшчэ ў 2005 годзе музыкі трапілі ў лік прызёраў “Басовішча”, запісалі два някепскія студыйныя альбомы, далі нямала паспяховых выступаў. Але так і не сталі зоркамі першага эшалону. Што цікава, асаблівай папулярнасці і шалёных ганарараў Зоя зусім не прагне. Яна мае досыць сціплы заробак ад фрылансерства ў сферы дызайну і жыве шчаслівым сямейным жыццём з дачкой Марыяй і мужам Уладзімірам Сахончыкам, гітарыстам ZM99 і Neuro Dubel. Спявачка кажа, што разумее: каб дасягнуць хоць якіх поспехаў у музычнай кар’еры, трэба з’язджаць за мяжу і шмат чым ахвяраваць, а яна робіць выбар на карысць сям’і. Тым не менш, думкі пакідаць свой гурт у яе не паўставала.
— Як пачалася твая кар’ера рок-вакалісткі?
— Калі я прыйшла ў гурт да хлопцаў, дык меркавалася, што Яўген Броўка будзе на вакале. А я была бас-гітарысткай. Але калі Жэня спяваў, немагчыма было трываць. А яму было немагчыма слухаць, як я грала. Таму мы і памяняліся. І ўсё стала на свае месцы. Дарэчы, якраз днямі падумалі над тым, каб мне вярнуцца да гітарнага мінулага і зноў узяць інструмент у рукі. Трэба прысвяціць час таму, каб засвоіць матэрыял.
— Што ў прынцыпе паўплывала на тваё захапленне цяжкай музыкай?
— З дзяцінства так склалася, што мне зусім не падабалася папсовая музыка. Калі мне было гадоў 11, я хадзіла ў музычны гурток пры Палацы піянераў. Мы там развучвалі песенькі кшталту “Чырвонага каптурка”, удзельнічалі ў конкурсах ды іншых мерапрыемствах. Памятаю, як мне тое было далёка. Аднойчы мяне абралі спяваць песню “Младший лейтенант” Ірыны Алегравай. Дагэтуль памятаю фанаграму гэтую жахлівую. Песня мне падавалася вельмі пошлай… А потым быў пераходны ўзрост, кампаніі, валасатыя хлопчыкі, тады прасякнулася цяжкай музыкай.
«Змяя» — відэа на першы беларускамоўны інтэрнэт-сінгл «Магнезія» (2004)
— Але часта здараецца так, што музычныя захапленні праходзяць, калі пачынаецца самастойнае жыццё. У цябе не той выпадак.
— У мяне гэта была мэта жыцця. Я бачыла сябе на сцэне. Прагнула быць рок-зоркай. Хоць такой і не стала, але мару сваю фактычна здзейсніла. Спачатку задумала стварыць дзявочую каманду. Дзяўчыну на бас знайшла, сама грала на гітары і спявала, нават свой матэрыял мелі. А потым прыйшла ў іншы гурт, які стаў звацца «Змяя». Разам мы ўжо 13 гадоў граем. Гэта ад таго часу, як сабраліся і пачалі рэпетыцыі, па гаражах гралі і нават не ведалі, як падысці да той сцэны. З гады тры толькі назву выдумвалі…
— Але што цябе трымае ў альтэрнатыўнай музыцы ўвесь гэты час?
— Мы ўвесь час выконваем шчырую і праўдзівую музыку, у якой няма фальшу. Яна спрыяе з’яўленню станоўчых эмоцый, якім ты даеш выхад на сцэне. Для мяне рок не нясе пратэсту, для мяне гэта пазітыўная з’ява. Хоць, натуральна, пачыналася ўсё менавіта з пратэсту. Ды і жывем толькі адзін раз, таму няма чаго замарочвацца, а лепей рабіць тое, што падабаецца.
Святлана Зелянкоўская, Зоя Каральчук і Вольга Самусік — Ведзьмы (супольны музычны праект “Такога няма нідзе”)
— А табе не карціць паспрабаваць рэалізавацца яшчэ па-за гуртом?
— Хацелася б, канечне. Ідэяў шмат. Але шмат часу забірае гурт, да ўсяго, сям’і трэба прысвячаць увагу. Для мяне сям’я — галоўнае ў жыцці. Чалавек можа доўга сябе падманваць наконт таго, што ён жыве дзеля сябе, але насамрэч мы жывем дзеля сваіх блізкіх.
— Але што б ты зрабіла, каб на тое быў час?
— Я б занялася яшчэ больш цяжкай музыкай, у класічным яе разуменні — дэз, трэш. Можа, нават у оперным стылі. Каб з гітарнымі рыфамі і дзвюма бас-бочкамі. Іншыя эксперыменты, як у праекце “Такога няма нідзе”, мне таксама цікавыя, але не хачу страціць адчуванне той музыкі, якая з юнацтва гучыць у маёй душы.
— Твае бацькі і родныя падзяляюць твае музычныя захапленні? Дачка твая як ставіцца да такіх спеваў?
— Бацькі заўжды былі не супраць. Маці ўвесь час сама марыла спяваць. Дзядуля меў гурт, граў у ім на скрыпцы. А для маёй пяцігадовай Марыі дык наогул свята, калі яна трапляе да нас на рэпетыцыі. Некаторыя песні яна нават ведае і падпявае. А як перапынак здараецца, дык яна сама сядае за барабан, бярэ палачкі і спрабуе спяваць у мікрафон. Прычым заўжды менавіта за барабаны сядае.
— У якім кірунку будзеце рухацца далей?
— Цяпер пішам новы альбом, ён будзе дзвюхмоўны. Па-беларуску чамусьці пачало меней пісацца. Рыхтуемся таксама зняць кліп. На найбліжэйшым канцэрце можна будзе пачуць нашыя новыя песні, якіх мы яшчэ нікому не паказвалі. Сыграем таксама старыя песні, якія даўно не выконвалі, тую ж “Магнезію”. Праўда, гэта ўпершыню будзе ў акустычным фармаце.
ZM99. Выступ на сцэне амфітэатра Маладзечна, жнівень 2011
Гурт ZM99 выступіць на сумесным канцэрце з гуртом Znich у межах праекту «Тузін.Unplugged» 24 лютага
Размаўляў Сяргей Будкін