Куст – архаічны святочны абрад абыходу сядзіб групай дзяўчат (“водыты куста”, “ходыты у куста”), распаўсюджаны на Пінскім Палессі. Здзяйсняецца на першы ці на другі дзень Тройцы. У гэтым абрадзе выразна праглядаецца культ продкаў і расліннасці, абрадавыя дзеянні заклінаюць рост раслін, іх развіццё, імкнуцца словам і песняй уздзейнічаць на ўрадлівасць зямлі, а таксама на лёс чалавека, яго долю.
Ой, Тройца-Тройца, прэсвятая Богородыца,
Да посію жыто, да ныхай зародыцца.
Да посію жыто, роды, Божэ, пшэныцу,
Да роды, Божэ, всякую пашныцу.
Мяркуецца, што “Куст” – гэта не назва формы расліны, а сімвал сукупнасці, родавага разгалінавання. Падчас выканання абраду здзяйснялася сімвалічнае злучэнне двух частак роду – пакаленняў, якія жывуць, з тымі, што памерлі – з продкамі. Зварот да продкаў, сімвалічныя дары павінны былі забяспечыць іх падтрымку ў зямных клопатах.
Варыянты назвы: Куста, Густ, Густа, Молодая Панна.
У мінулым арэал распаўсюджання абраду Куста знаходзіўся ў межах адзінага дзяржаўнага ўтварэння – Турава-Пінскага Княства, затым адзіных адміністрацыйна-тэрытарыялных утварэнняў – у Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай.
Сваімі вытокамі абрад звязаны з патрыярхальна-родавай супольнасцю.. На ролю Кусты выбіралі самую прыгожую дзяўчыну, у некаторых вёсках гэта павінна была быць сірата. Знакавым дрэвам свята быў клён (у песнях узгадваецца ліпа, якая магла ў старадаўнія часы быць парай жаночага роду да клёну). У адных вёсках лісце нашывалі на сукенку, у іншых – майстравалі ўбор з вялікіх галін клёну. Дзяўчыну вялі ў лес, убіралі яе ў кляновыя галінкі, на галаву вілі вянок з лісця або з кветак.
Часам Кусту стараліся ўбраць такім чынам, каб не было відаць твару дзяўчыны. Акрамя таго, Куста павінна была напрацягу ўсяго дзеяння захоўваць маўчанне. З нябачнасці і маўклівасці Кусты вынікае, што яна іграла ролю прадстаўніка іншасвету, персаніфікаванага ў святочны дзень у самай прыгожай дзяўчыне. Апрануўшы Кусту, вярталіся ў вёску, ладзілі ўрачыстае шэсце з абрадавымі песнямі. Група ўдзельніц (“войско дэвоцкэ”) на чале з Кустай абыходзіла падвор’і, пыталіся ў гаспадароў: “Чы позволытэ Кусту співаты?” Атрымаўшы дазвол, удзельніцы абраду віталі гаспадароў хаты:
Й у нашого дядька хорошэнько на дворы,
Стойіть чэрэшэнька по колінэчко в воді.
Да вышня-чэрэшня да на сад налегае,
З-под тое чэрэшні соловэй вылетае.
“Ну, вэночка зроблять, із клёну, з квіточкамы якымы. От белое платтечко наложать, усэ клёнікамы поўтыкають такымы, і вэдуть попэрод, а ззаду много людэй ідэ. Подыходымо до двора і співаем пісню.
Ой, мы булы й у вылыкому бору,
Ой, звылы Куста із зылёного клёну.
Повэдэм Куста дэ пшэнычэнька густа,
Дэ конопэлька – там травыца зэлэна.
Повыдэм Куста дай пуд тэмныйі ліса
Дай заплытэмо шовковэнькыйі косы.
Шчэ й пов’емо з білой лыпы выночкы
Прывылы Куста дай хорошы дівочкы.
Прывылы Куста дай до славного двору,
Просымо пана выйты з нового покою.
Ой, дэнь добрый, наш господар до хаты,
Чы дозволыш нашому Кусту статы,
Дай нашому Кусту пыты-йісты даты?
У нашого Куста нужэнькы нывылычкы,
Вынысь, пане, да й хоч на чырывычкы.
Нашому Кусту бочку мэдочку даты,
А нам молодэнькым хорошэ поспіваты.
Мы тобі, пане, Куста пісьні спывалы,
Здоров’я всім вам на всі літа жадалы.
Ныхай пшыныца й у в полю колышыцца,
Ныхай наша Куста всэ літо высылыцца.
Ныхай пшыныца й у в полю буяе,
Ныхай наша Куста дай по світу гуляе.
“На Труйцу куста водылы. Мынэ самую прыбіралы, нарвалы зілля такого, травы всякыйі попудвязалы мынэ ажно, шоб очыма бачыты, співалы пісню, вынка одівалы, платте білэнькэ, такэе хорошэ було і ходылы у дворы, і нам давалы хто яічка, хто грошэй”.
Заканчваўся абрад гуляннем з песнямі і танцамі ў чыёй-небудзь хаце. У пачатку ХХ стагоддзя дзе-нідзе захоўваліся старадаўнія элементы абраду – паход у поле, песні і скокі на мяжы, спальванне або разрыванне адзення куста.
Калі ў хаце былі нежанаты хлопец ці незамужняя дзяўчына, то ім спявалі песні з пажаданнем шлюбу.
У некаторых вёсках ролю Кусты павінна была выконваць сірата, у гэтым выпадку, магчыма, адна з мэтаў абыходу – сабраць пасаг сіраце, каб яна магла быць раўнапраўнай сярод іншых дзяўчат у якасці нявесты.
Куста, Куста, сочэвычэнька густа,
Ой хто тую сочэвічэньку скосыть,
Ой той мыне да й у братыка выпросыть.
Ой хто ж тую сочэвычэньку зожнэ,
Ой да той мынэ за сэбэ замуж возьмэ.
Абрад Куста і ў апошнія гады праводзіўся ў некаторых вёсках Пінскага і Столінскага раёнаў.
Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.
Фотаздымкі былі зробленыя Андрэем Лянкевічам у вёсках Сташаны і Парэчча Пінскага раёна 15 чэрвеня 2008 года.