Русальным (Граным, Праводным, Духвым, Крывым) тыднем, або Русальніцай называецца наступны тыдзень пасля свята Тройцы (Сёмухі). Ён завяршаў сабой вясновы перыяд, прыпадаў на час маладога вяснова-летняга буяння расліннасці.
У традыцыйных уяўленнях беларусаў русалкі прадстаўляюць сабой душы памерлых, наўяў. Узнікаюць у выніку пераўтварэнняў маладых тапельніц-самазабойцаў, дзяцей, праклятых яшчэ ў мацярынскім улонні, немаўлят, што нарадзіліся мёртвымі, ці згубленых (задушаных, утопленых) адразу пасля нараджэння. Часцей за ўсё гэта істоты жаночага роду – неапранутыя дзяўчаты з распушчанымі доўгімі валасамі, русымі ці зялёнымі накшталт водарасцяў, амаль празрыстым пяшчотным целам, вялікімі грудзямі. Блакітныя прыгожыя вочы калі-нікалі становяцца нерухомымі, шклянымі, як у нябожчыкаў. Русалкі насяляюць азёры, рэкі, сажалкі. З вады могуць выйсці на кароткі час, пакуль высахнуць іх валасы. Толькі на восьмым тыдні пасля Вялікадня, на Русальным тыдні, русалкі могуць хадзіць на паверхні зямлі, гуляць (“граць”, таму “Граны тыдзень”) па лугах, нівах, гаях, гушкацца на галінках бяроз, прыходзіць у паселішчы людзей.
На Граной нядзелі русалкі сядзелі, Русалкі сядзелі, на дзевак глядзелі.
– Дзевачкі-сястрыцы, падайце вадзіцы,
3 халоднай крыніцы ды з-пад той вярбіцы,
Падайце вадзіцы душу прычасціці:
Душа прычасціцца – жыццё вараціцца,
Тады будзем з вамі краскі сабіраці, Краскі сабіраці, песенькі пяяці.
Персанаж русалкі суадносіцца з уяўленнем пра паміраючае і ўваскрасаючае боства прыроды тыпу антычнай Персефоны. Старажытныя русаліі накіраваны на стымуляцыю росту расліннасці і, у прыватнасці, збажыны. З іграннем русалак па палях людзі звязвалі лёс будучага ўраджаю збожжа: лічылі, што яны, гуляючы, апыляюць жыта, спрыяюць росту каласоў. У канцы русальнага тыдня ладзілі спецыяльны абрад “Провады русалкі”, калі яе урачыста праводзілі за межы вёскі: у жыта, да броду, або ў лес(“з двору да бору”).
У даўнейшыя часы абрад здзяйснялі паўсюдна па Беларусі. Рытуал мог выконвацца ў нядзелю на Русальным тыдні (наступную пасля Тройцы) або ў “русальны панядзелак” ці аўторак. На Гомельшчыне, пераважна ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці, русалку праводзілі на Купалле, напярэдадні Івана Купалы. У некторых месцах засталіся толькі сляды гэтага абраду: адзін з дзён пасля Тройцы называецца “Провады”, “Розгулі”, “Розыгры”. На тэрыторыі Усходняга Палесся людзі 70-80-гдавага ўзросту ахвотна распавядаюць, як гэты абрад праходзіў у пасляваенны перыяд, у часы іхняй маладосці. У Любанскім раёне пры ініцыятыве Выскваркі Сяргея гэты абрад аднаўляецца як рэгіянальнае свята некалькіх вёсак.
Абрад Провадаў русалкі досыць разнастайны, у кожнай мясцовасці мае свае асаблівасці. У ролі персанажу можа быць дзяўчына; жывую русалку можа замяняць чучала, маглі быць адначасова і дзяўчына, і чучала. Сустракаецца такасама парная персаніфікацыя – адна дзяўчына ўвасабляла русалку, а другая – яе дачку. У некаторых мясцінах абрад набыў характар абыходу двароў.
Абрад звычайна ладзілі пасля захаду сонца. На русалку выбіралі дзяўчыну з доўгімі валасамі. Распускалі ёй косы, здымалі адзежу, апраналі толькі кашулю або белую сукенку. Плялі вялікі вянок з васількоў, хмелю, зорачак. У пляценні вянка павінна была ўдзельнічаць кожная дзяўчына. Іншы раз плялі некалькі вянкоў – на галаву, на шыю, на рукі. Часам плялі даўжэнную касу з крапівы. Строй русалкі нагадваў строй маладой: “Адзенем бела плацце, зробім ёй вянка, фату белу і вядом, і спеваем увечары”.
Русалку ўрачыста вялі за межы вёскі, у жыта. Шэсце суправаджалі спевамі, барабанілі ў дошкі, у заслонкі, палілі агні. Прывядуць яе к жыту і піхнуць у жыта; вянок знімаюць, андарак разрываюць і бягуць уцякаць. А яна кідаецца за імі, і ў ладкі плешча, стараецца каго-небудзь злавіць.
Са дня Провадаў русалкі ўжо не турбавалі людзей да наступнага году.
Калісьці людзі верылі, што злоўленая і прыведзеная ў хату русалка можа служыць гаспадару цэлы год, да наступнага Гранога тыдня, не размаўляючы і не ўжываючы ежы, жывячыся толькі парай з гаршкоў, як і ўсякія жыхары іншасвету.
Ёсць павер’і, што русалка, якая паяўляецца з дзіцем на руках, узнагароджвае таго, хто праявіць клопат пра яе немаўля. “Збіраючы ў лесе грыбы, жанчына ўбачыла, што на дрэве вісіць вялікі кавалак бяросты, а на ім спіць голенькае немаўля. Пашкадаваўшы дзіця, яна адвязала свой фартух, прыкрыла ім соннага дзіцёнка і пайшла прэч. Хутка яе дагнала русалка – голая жанчына з распушчанымі валасамі – і дакранулася да яе рук, сказаўшы:”спор табе ў рукі”. З гэтага часу жанчына стала так працаваць, што ўсе здзіўляліся, скуль у яе бяруцца сілы”.
Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.
Фотаздымкі былі зробленыя Андрэем Лянкевічам у вёсцы Выскваркі Любаньскага раёну 21 чэрвеня 2008 года.