— Бацькі ў маім станаўленні беларусам ролі не адыгралі наагул. Але дзякуй ім за тое, што не перашкаджалі… Цяпер нават яны паціху пераходзяць на родную мову.
Быў цікавы выпадак з маім сябрам. Ён ішоў па пераходзе метро і нёс вялікія сумкі. Наперадзе сядзеў бомж, які адсунуўся з дарогі, каб даць яму магчымасць прайсці. Сябра падзякаваў: “Спасибо!”. А ў адказ пачуў пытанне: “А чаму не “дзякуй?” Гэта пытанне чалавека, які, мякка кажучы, апусціўся ніжэй за плінтус, прымусіла задумацца спярша майго сябра, а пасля і мяне…
Трэба яшчэ сказаць асобны дзякуй маёй настаўніцы беларускай мовы, якая паспявала выкласці і школьную праграму, і даць нам заданне прачытаць Быкава, Гартнага ды іншых, каго у падручніках не было… Гэта былі першае, праз што я пачаў думаць, што такое быць беларусам.
Адчуўшы сябе беларусам, я пачаў пісаць вершы. Пайшлі знаёмствы з літаратарамі і як вынік – амаль поўная нянавісць да існай сістэмы ў краіне. У мяне доўгі час над ложкам вісеў дзяржаўны сцяг РБ (чырвона-зялёны). Так сталася хіба праз тое, што дзядуля ў мяне быў зацятым камуністам.
У 16 гадоў я ўпершыню паехаў на Украіну. Там пабачыў, што сапраўдная Украіна і тая, якой яе нам паказвае БТ, зусім не падобныя. Быў у Львове цікавы выпадак. Нас ішло двое. Заблукалі мы, і сяброўка запытала ў мясцовых, як нам прайсці да вакзала. Але запытала чамусці па-расійску. Нам нічога не адказалі, проста паглядзелі на нас, як на нешта дзіўнае. Калі ж я запытаў тое ж самае, але па-ўкраінску, то адразу пачуў адказ… Ну як тут не задумацца?
Гістарычна наш край ніколі не сябраваў з Расіяй. Мы былі разменнай манетай для Расійскай імперыі, буфернай краінай для Савецкага Саюзу… Толькі дурны вучыцца на сваіх памылках, я вырашыў вучыцца на чужых – перачытаў гісторыю… Але не тую, што давалі нам у школе, а падручнікі пад рэдакцыяй Ермаловіча. Цяпер і на ўласнай шкуры адчуў, што быць беларусам – небяспечна… Але з радасцю і пачуццём выкананага абавязку іду на гэтую небяспеку.
Нарадзіўся і вырас я ў Маладзечне. Працую грузчыкам у дзяржаўнай краме, вучуся завочна на бухгалтара, спрабую змагацца за незалежнасць Краіны, люблю Беларусь… Быць беларусам – гэта не проста гаварыць па-беларуску, гэта ЖЫЦЬ Беларуссю, быць гатовым аддаць нават жыццё за краіну… Як сказаў Пятро Бітэль,
Любі чужое аж да пакланення,
Шануй сваё да самазабыцця!
Валянцін Цішко, грузчык