Не ведаю, наколькі прыбытковым для гміны Супрасль і для Падляшскага ваяводства ёсць той чэмпіянат. Можа быць, ён цалкам стратны. Але ў такім разе выклікае павагу тая настойлівасць і паслядоўнасць, з якой ён праводзіцца, — ужо 12-ы раз запар. Прытым гуляюць у тую гульню не толькі выпадковыя лайдакі-адзінаасобнікі, але і камерцыйныя фірмы.
Кішка — само слова гэтае беларускае, не польскае. Па-польску адпаведны орган стрававання чалавека і жывёлаў называецца jelіta, а кішка – гэта толькі страва. Лагічна меркаваць, што польскае «крэсовае» слова пазычанае з беларускай мовы. У прынцыпе, кішку робяць і з мяса, і з пячонкі, і з крупаў, але ў сучасным польскім ужытку слова выклікае асацыяцыі найперш з бульбянай кішкай. Можа быць, гэта сведчыць пра адносную беднасць нашага традыцыйнага стала ў параўнанні з больш заможным польскім, на якім мясныя кілбасы гасцявалі часцей. Але — хвала і гонар падляшцам, якія здолелі з гэтых меркаваных беднасці і адсталасці зрабіць «фішку», брэнд. Не пасаромеліся. А вось на нашым кулінарным фэсце «Мотальскія прысмакі» пасаромеліся нават самога слова – кішка. У каляровым буклеце фэсту гэтая страва называецца общепонятно – «картофельная колбаса», верагодна, з далікатнай павагі да постмадэрнісцкай аўдыторыі, каб не траўмаваць яе намёкамі на амнезію і нецікаўнасць.
Я не разумею нашай пазіцыі ў чэмпіянаце свету па бульбянай кішцы. Можа быць, мы яго не прызнаем, лічым самазванскім або кепска арганізаваным і рыхтуем свой, адзіна сапраўдны? Напрыклад, чэмпіянат Сусвету. Я б гэта зразумеў. Калі ж мы пагаджаемся, што лепшага арганізаваць не здолеем, тады дзе нашы нацыянальныя, абласныя, раённыя, аматарскія, фірмовыя — якія хочаце — каманды на Супрасльскім чэмпіянаце? Не, чарговым разам мы абіраем сваю ўнікальна-самабытную пазіцыю, што выклікае асацыяцыю з моцнай і хутканогай афрыканскай птушкай: праігнараваць выклік, зрабіць выгляд, што няма і не было ніколі ў свеце ані бульбянай кішкі, ані чэмпіянату па яе выпяканні, што ўсе гэтыя выбрыкі паноў-лайдакоў нас як людцоў сур’ёзных і паважных не датычаць, і што калі ўжо зусім нам «прыспічыць», ну, напрыклад, калі прыедуць нейкія яшчэ больш сур’ёзныя каменнатварыя чыноўнікі з ААН ці АБСЕ, мы зробім ім, у парадку выключэння, картофельную колбасу, каб адчапіліся і паставілі нам заслужаную «птушачку» ў адпаведнай графе. Залік нам, шчырым беларусам, моцная троечка! І перавод на наступны курс незалежнасці і суверэнітэту.