Упершыню сусветны дзень «нетаропкай ежы» Terra Madre адзначаўся летась, 10 снежня 2009 г., калі па ўсім свеце, больш як у 120 краінах, прайшло больш за 1000 лакальных акцый, прысвечаных гэтаму дню. Чакаецца, што сёлета гэты вынік будзе істотна павялічаны і колькасна і якасна. Галоўная беларуская імпрэза сёлетняга дня Terra Madre адбылася ў фермерскай гаспадарцы «Васілёк», арганізаванай пад патранатам газеты «Гастраном».
«Цвіком» праграмы было выступленне адзінага на сённяшні дзень у нашай краіне кулінарнага крытыка, італьянца Рэната Кучынота, пра «рэстаран будучыні», якія, зрэшты, ужо можна паўсюль сустрэць у сучаснай Італіі. Гэтая канцэпцыя называецца «меню нулявога кіламетра» (menu a 0 km) — маецца на ўвазе, што ўсе асноўныя інгрэдыенты страваў вырашчаныя зусім побач, хаця, канечне, экспрэсіўныя італьянцы пагарачыліся з тым «нулём». У Брытаніі і Штатах больш рэалістычна кажуць пра ten mіle menu — г.зн. меню, што складаецца з прадуктаў, вырашчаных у 16-кіламетровай акрузе вакол рэстарана або паба. Няма звышдалёкіх перавозак, якія забруджваюць паветра і нават змяняюць клімат; няма ананімнасці і безадказнасці, бо шлях кожнай бульбіны або яйка да вашага стала можна прасачыць з дакладнасцю ледзь не да метра. Ну і ведаеш, з каго спытаць, калі ежа выявіцца няякаснай. Літаральна тое самае мы з калегамі абмяркоўвалі тыдзень таму на сустрэчы энтузіястаў арганічнага земляробства ў нашай сядзібе, спрабуючы высветліць, наколькі такія канцэпцыі рэальныя ў Беларусі. На жаль, у гэтым аспекце наша краіна адстае ад усіх суседзяў. Галоўная прычына — наша мадэль землекарыстання. Або монстры-калгасы з тысячамі гектараў, але монакультурных, або драбнюткія прыватныя «дзялкі», якія ну хіба што гарадскіх сваякоў кормяць. Дзе тут ніша для дробнага або сярэдняга, але таварнага вытворцы? У нас іх мізэрна мала, і тыя фактычна нелегальныя. Вы ведаеце хаця б адзін беларускі арганічны прадукт, афіцыйна зарэгістраваны?
Канечне, праблемы сельскай гаспадаркі і «харчовага ланцужка» ад поля ці фермы да нашага стала вельмі падобныя ва ўсім свеце. Усюды ідуць у наступ велізарныя аграфірмы са шматмільённымі абаротамі, якія масава прадукуюць танную прадукцыю, не шкадуючы пестыцыдаў, антыбіётыкаў і гармонаў. Але з іншага боку, дзе-нідзе ў спажыўца ёсць магчымасць і выбіраць на карысць драбнейшых, больш прыязных вытворцаў. Тут вылучаюцца дзве канцэпцыі: арганічная ежа, вырашчаная ў невялікіх колькасцях, пад строгім наглядам экспертаў, якія не дазваляюць выкарыстання ўсёй гэтай хіміі; і лакальныя прадукты, у якіх патрабаванні арганічнасці мо крыху мякчэйшыя, але затое гарантуецца адпаведнасць традыцыйным тэхналогіям перапрацоўкі, уласцівым менавіта гэтай мясцовасці. І тое, і другое вымагае адпаведнага заканадаўства. У нашых суседзяў з ЕС (Польшча, Літва і Латвія) такія законы былі прынятыя ў 2005—2008 гг., і цяпер іх мясцовыя прадукты паціху атрымліваюць прызнанне ў межах усяго ЕС. Але і ў нашых усходніх суседзяў, Расіі і Украіны, ідуць аналагічныя працэсы. Напрыклад, праект украінскага закона па арганічнай сельскай гаспадарцы ўжо распрацаваны, чакае парламенцкага чытання. У Расіі рыхтуюць закон, які абараняе традыцыйныя мясцовыя прадукты (напрыклад, валагодскае масла). І толькі мы, як зазвычай, нечага чакаем.
Ну што ж, налета паспрабуем мы, калі з Божае ласкі дажывем, зрабіць у гэтым кірунку свой першы сціплы крок. Недзе ў жніўні або верасні зробім шыкоўны абед «Адной літоўскай мілі», дзе ўсе інгрэдыенты будуць з акругі радыусам 8 км вакол нашай «Марціновай Гусі». Зеляніна з нашага сціплага гародчыка, мяса і кілбасы ад СПК «Першаі-2003» (на арганічнасць прашу не наракаць), бульба і гародніна ад буйнога фермера Нехвядовіча, малако, тварог, масла і яйкі — ад суседак Рэні і Ромы, малако казінае, садавіна і іншая экзатычная драбяза — ад яшчэ адных суседзяў, ідэйных уцекачоў з экапасёлка «Росы». Калі не спусцяць нашу Люцынскую сажалку, дык, мусіць, будзе і рыба. Праўда, не абяцаем мясцовай мукі, выбачайце: прыватныя млыны даўно ў краі звяліся, і гэта, мусіць, самае слабое звяно для любой будучай спробы зрабіць дзесьці ў РБ сапраўды арганічнае мясцовае меню… Ну хіба што ў радыусе 1 літоўскай мілі ад нашай улюбёнай «Лідскай»…