Я ня маю ніякіх сэнтымэнтальных намераў выяўляць прыхаваную апазіцыйнасьць чалавека, які ў трыццатыя гады зьбіраў у сваёй шыкоўнай кватэры калекцыю жывапісу і зарабляў продажам копій з “Расстрэлу камісараў…”, у той час, як сотні і сотні тысячаў ягоных суайчыньнікаў у лепшым выпадку валілі лес, – але, далібог, некаторыя карціны Бродзкага ўва мне выклікаюць прынамсі блытаныя пачуцьці. Напрыклад, гэты аўтапартрэт з дачкой (1911), напісаны, верагодна, ў гасьцёх у Горкага на Капры: сонечнае дзіцянятка спажывае шчодрыя дарункі, і перад ёю – адно кветкі і цёплыя фарбы; затое бацька, на чыіх каленах яна так утульна і трывала разьмесьцілася, знаходзіцца ў цені, і за сьпінаю ў яго – цень, і пазірае ён – спадылба і без усьмешкі; а ў сонечнай частцы карціны валяецца, задзершы ногі, згвалтаваная лялька.