У дзень славянскай пісьмовасці ў Мінску з’явіўся “Пачатак кніжных дарог Беларусі”. Ён месціцца ля ўваходу ў кнігарню “логвінаЎ”. Адкрыццё нулявога кіламетра ўрачыста абвясціў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Уладзімір Арлоў
“Калі б у мяне ў руках быў які-небудзь келіх, я прапанаваў бы выпіць за дарогі, якімі беларускія літаратары павінныя заўсёды вяртацца на радзіму. Ну і за тое, каб усё-ткі не ўсё, што мы рабілі, ператварылася ў нуль”, — сказаў Уладзімір Арлоў і перарэзаў стужку.
“Нулявы кніжны кіламетр” уяўляе сабой невялікае кола. Унутры яго змяшчаюцца сляды, на якія — каб адчуць сваё дачыненне да кнігаробства і кнігалюбства — можа стаць кожны ахвочы.
Андрэй Хадановіч
У адрозненне ад традыцыйных “нулявых кіламетраў”, у кніжным пачатку каардынатаў Беларусі адлегласць пазначаная не да гарадоў свету, а да месца жыхарства выбітных літаратараў, сусветных і беларускіх (Борхеса, Вонэгута, Скарыны, Караткевіча). А вось адлегласць да пісьменнікаў, якія жывуць у Мінску, пазначаная ў кроках ды іншых мінскіх вымярэннях. Да прыкладу, адлегласць да Севастопальскага сквера, побач з якім жыве паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пазначаная ў 24-х тысячах беларускіх рублёў. Менавіта столькі каштуе таксоўка ад кнігарні “логвінаЎ” да дома літаратара. А да Беларускага калегіюма, дзе выкладае філосаф Валянцін Акудовіч, усяго адзін трамвайны прыпынак.
Валянцін Акудовіч
“Апошнім часам усе глядзяць на лічбы, а мы хацелі б, каб людзі звярнулі ўвагу на літары, — кажа арт-мэнэджар кнігарні “логвінаЎ” Павал Касцюкевіч. — Таму запрашаем усіх ахвочых дапісаць, наколькі блізка ці далёка жыве іх ўлюбёны паэт альбо празаік, наколькі моцна людзі сумуюць па іх творах”.
Падчас імпрэзы вядомыя беларускія літаратары Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч і Андрэй Хадановіч прадэкламавалі свае творы, а таксама выказаліся наконт з’яўлення такога ўнікальнага аб’екту.
Адам Глобус
Цягам усяго дня кожны ахвочы мог набыць у краме кніжкі з нечуванай зніжкай — 50%.
Пасля завяршэння цырымоніі мы вырашылі спытаць меркавання наведнікаў вечарыны, якіх аўтараў яны б хацелі дадаць да спісу.
Ігар Бабкоў
“У нас вартых прозвішчаў сапраўды шмат. Асабіста я дадала б выдатнага паэта Алеся Разанава, а таксама Дастаеўскага. Мажліва, яшчэ некалькі прозвішчаў вядомых філосафаў”, — кажа прадавачка кнігарні “логвінаЎ” Кацярына.
“Мне здаецца, што ў спісе не хапае Анатоля Сыса, — кажа аматар беларускай літаратуры Андрэй. — Таксама я б дадаў Коласа і Багдановіча, бо не трэба забываць пра нашых класікаў. З сучасных аўтараў не стае Юрыя Станкевіча. На маю думку, ён вельмі таленавіты празаік”.
Павал Касцюкевіч
Алесь Ёрш