Працяг прыгодаў легендарных Саўкі і Грышкі, якія “ладзілі дуду”, прадставіў Лявон Вольскі 28 чэрвеня на сольным канцэрце ў Loft-клубе.
Адразу хочацца сказаць пра тую цудоўную атмасферу творчай свабоды, нязмушаных зносін, саўдзелу гледачоў у тым, што адбываецца, уласцівую ўсім без выключэння канцэртам Лявона. Дух рок-н-ролу (і няхай гэта прагучыць пафасна) — бунтарскага, свабодалюбівага, жывога, сапраўднага — быў гэтым вечарам не дзе-небудзь, а менавіта ў Loft-клубе.
Канцэрт быў камерны, такі цёпла-кулуарны і складаўся з дзвюх частак. Першая была адведзеная пад творы розных гадоў, пачынаючы з песняў “Мроі”, знакавай “Я нарадзіўся тут”, твораў на вершы беларускіх паэтаў Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, не абышлі бокам “Народны альбом” і знакамітую трылогію пра Юзіка і Казіка, а скончылі “Простымі словамі”.
“Расея — зараза, не хоча падзяліцца газам”, рэфлексія на газавыя войны паміж Беларуссю і Расіяй, задала сацыяльную арыентаванасць другой частцы.
І вось прыспеў час для гісторый пра прыгоды Саўкі ды Грышкі — сатырычныя замалёўкі пра палітычныя падзеі беларускай сучаснасці, якія карыстаюцца ў інтэрнэце такой папулярнасцю, што было вырашана выдаць іх асобным дыскам. Спяваць весела пра журботнае — характэрная рыса творчасці Вольскага — у гэтым праекце раскрылася ва ўсёй прыгажосці.
З пяцідзесяці песняў публіцы былі прадстаўленыя “Маналог Саўкі”, махровага наменклатуршчыка сярэдняй рукі са стажам, які ўхітрыўся заляцець на пятнаццаць сутак падчас снежаньскіх падзей, і блатняк па матывах “Канатчыкавай дачы” Высоцкага — “Грыша не выйшаў з турмы”, дзе той жа Саўка перажывае за свайго антыпода Грышу, бо іх палітычныя погляды вельмі адрозніваюцца.
Цягам канцэрту прысутныя мелі магчымасць спытаць Лявона пра заўгодна. І пісалі цыдулкі на чым заўгодна (ад сурвэтак да дваццацірублёвак) з самымі рознымі пытаннямі пра нашую сучаснасць: “Ці бераце вы ўдзел у Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі?”, “Хто такія ліцвіны?”, “Чаму адрубілі ТНТ?”, “Колькі гітараў у вас было?”, “Калі чакаць канцэрту ў Ленінградзе?”, “Ці можна слухаць дзецям песні пра алкаголь?”, “Куплю валюту дорага”.
Пра новы альбом:
“Новы альбом, які выйдзе ў верасні, — гэта традыцыйныя еўрапейскія песні, іх дванаццаць, на мовах арыгіналаў і ў перакладзе на беларускую. Нават калі я праспяваў песню на шведскай мове, Стэфан Эрыксан сказаў, што ўсё зразумеў”.
Праз усе адказы Вольскага (жартоўныя і сур’ёзныя) гучаў рэфрэнам пазітыў: “Нас чакае светлая будучыня, і ўсё будзе добра”.
А потым пайшла ў ход “цяжкая артылерыя” з любімых твораў праекту “Крамбамбуля”, якія зала падхоплівала на раз. Апафеоз (што заканамерна) прыпаў акурат на “Паветраны шар” і “Ты не чакай”, калі не засталося ніводнага чалавека, які б не заспяваў іх на ўсю моц. Шчаслівыя твары, палымяныя вочы, светлая радасць і вера ў тое, што ўсё яшчэ наперадзе, — у гэтым тыя, хто быў на канцэрце, цяпер не сумняюцца. І вы не сумнявайцеся.
Зарына Кандрацьева, фота Аляксандра Ждановіча