Кожны дзень яны чакаюць сваю бабулю: яна сышла, засмучаная паводзінамі сваіх хлопчыкаў. І вось яны чакаюць яе, баючыся, што бабуля больш ніколі не вернецца. Мілыя, няўцешныя дзеткі — Ілля Чарапко-Самахвалаў, Аляксандр Ліберзон і Сяргей Сакалоў. Насамрэч гэта ніякі не ўступ да чарговага матэрыялу праекту «Захапленні». Немагчыма апісаць словамі тое, што адбывалася на здымках сюжэта пра гурт «Касіяпея». Таму заклікаю вас глядзець відэа і не ўчытвацца асабліва ў суправаджальны тэкст.
Аляксандр. Мы жывем утрох, і ў нас адна бабуля. Але апошнім часам мы яе вельмі часта нервавалі, вось, мабыць, таму яна не хоча больш да нас прыходзіць.
Ілля. Калі хтосьці з вас бачыў яе, патэлефануйце па тэлефоне 105, мы будзем удзячныя.
Аляксандр. І скажыце ёй, што мы выправіліся. Бабуля, родная, няма таго, што раньш было!
Сяргей. А можа, яна на «Лайф» перайшла?
Ілля. Ой, скажаш таксама! Не слухайце, гэта наш малодшанькі: трэці дурань быў зусім.
Аляксандр. А я ўжо ніколі не пасталею, таму што я — чалавек са шкла. Як і мае калегі. Хоць яны гэтага ўпарта не заўважаюць.
Сяргей. Мы не са шкла, а проста вельмі закрытыя людзі, таму апранаемся шчыльненька.
Аляксандр. Галоўнае, каб не дзьмула, каб душу не выдзімала.
Аляксандр. Нас часта пытаюць, адкуль усё гэтае цудоўнае барахло, гэтыя касцюмы выдатныя. Кажуць, быццам мы абкрадаем тэатры або што з намі працуе наш асабісты касцюмер — усё гэта не так. Насамрэч гэта ўсё засталося нам ад бабулі. Гэта яе касцюмы, яе гардэроб і рэквізіт. Адзенні прыбраныя, маскарадныя, жалобныя, танцавальныя і нават вясельныя. На танцулькі хадзіла часта: ой, ну і гуляка ж была наша бабуля!
Аляксандр. Вось у гэтым касцюме бабуля шосты раз выходзіла замуж. А гэта касцюм чацвёртага жаніха. Не пажыў зусім: як пайшоў на вайну, так і не вярнуўся. Дарэчы, дзядуляў мы і не заспелі зусім, таму што бабуля мяняла іх як пальчаткі. Хутка пазбаўлялася ад іх. У яе нават мянушка была: Бабуля — Сіняя барада.
Ілля. Вось гэта — вусікі трэцяга мужа. Добра захаваліся, праўда, пасівелі зусім.
Ілля. А вось і барада!
Аляксандр. А гэта — партрэт сабачкі нашай бабулі. Нядоўга пражыў сабачка — гадоў 30, можа. Бабуля на памяць зняла з яго скальп. Праўда, з вушэй сабачых халадзец зварыла: пасля вайны былі вельмі халодныя і галодныя часы. Але тое, што засталося ад сабачкі, па-мойму, да гэтага часу вельмі прывабнае.
Аляксандр. Якога рэквізіту тут толькі няма! У гардэробе бабулі ёсць штаны для спакушэння, штаны для прасвятлення, а таксама штаны для самапрыніжэння.
Сяргей. Модніца тая яшчэ была бабуля: любіла рэчы з люрэксам насіць.
Аляксандр. А яна, дарэчы, здымалася ў ролі пажа ў фільме «Папялушка». Сур’ёзна! Наша бабуля тады яшчэ маладая зусім была. Памятаеце пажа? Дык вось, гэта яна здымалася!
Сяргей. Мы ў яе пайшлі, яе ўнукі, і лічым, што самым вычварным было б надзець касцюм і прывязаць да яго вяровачку з кансервавай бляшаначкай.
Ілля. Не-не! Мы аддаем перавагу мундзірам.
Аляксандр. І гонару пры гэтым не маем. Гонару не маю!
Ілля. У дзяцінстве мая мама не лезла да мяне, што насіць, а што не. Проста выдавала рэчы, якія купіла, і ўсё. Сваіх грошай у мяне не было. Выбару, адпаведна, таксама. Насіў, што мама давала.
Сярожа. А мне мама дапамагала. Я яшчэ ў дзіцячым садку захацеў 18-ы нумар, і мама тут жа жаданне выканала. Як цяпер памятаю: кладуся спаць, а яна ўсю ноч з паперы выразае і прышывае мне да паліто лічбы 1 і 8. Мне ж трэба было і тут, і тут, і на рукаве, і на спіне вялікімі літарамі.
Аляксандр. А ў мяне не было такіх добрых бацькоў. Я насіў тое, што мама аднасіла ў мінулых сезонах. Смяяліся, вядома, з мяне. Тады не было такога слова, як трансвестыт. Проста гаварылі, што ненармальны.
Ілля. Пачуццё густу ў вопратцы наўпрост звязанае з рэцэптарамі, размешчанымі ў роце.
Усім ясна, што салёны агурок, напрыклад…
Аляксандр. Салёны агурок не кожнаму да твару. А вось морква — гэта модны прадукт. І мы самі — модныя хлопцы. Моркву ямо. А што рабіць? Творчыя людзі.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч