27.02.2017 | Абмяркоўваем культуру Навіны "Будзьма!" Разам да справы! Ствараем культуру

Беларускі Твін Пікс: дзівосы і жахі Рудабелкі

Мець заапарк пашанцавала тром гарадам Беларусі: сталіцы, Гародні і Рудабелцы. У мястэчку, якога вы не знойдзеце на мапе, жыве “чалавек Павук”, які валодае магіяй ствараць аўтобусныя прыпынкі адным допісам у блогу. “Будзьма” завітала ў Рудабелку, каб адкрыць сабе і ўсёй Беларусі гэтую “тэра інкогніта”.

IMG_2708

24 лютага грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “Сімпа” зладзілі ў Рудабелцы жывую гутарку пад назвай “Блогерства на балоце: вялікая сіла маленькага мястэчка”. Спікерамі былі Андрэй Павук, Алена Луцковіч і Андрусь Такінданг, які ў канцы сустрэчы зладзіў для гледачоў невялікі выступ. Мадэраваў сустрэчу Андрэй Стрыжак.

Рудабелку вы не знойдзеце на карце з адной простай прычыны: у 1954 годзе замест трох вёсак — Рудабелкі, Рудні і Карпілаўкі — улады стварылі пасёлак гарадскога тыпу Акцябарскі. Сёння там жыве шэсць тысяч чалавек, працуюць хлеба- і маслазаводы, ёсць галоўная плошча з гарвыканкамам, заасфальтаваныя вуліцы і шматпавярховыя дамы, і нават, як мы сказалі ў пачатку, сапраўдны заапарк. Рудабелку, як яе па звычцы завуць мясцовыя жыхары, ніяк не назавеш глухой закінутай вёскай. Па ўсёй Беларусі раскіданы не адзін дзясятак такіх мястэчак. Аднак звычайна навіны з іх не выходзяць навонкі. Рудабелка ж выбіваецца з шэрагу: пра мястэчка ведаюць далёка за яго межамі.

Ток-шоў “Будзьмы” мела назву “Блогерства на балоце” і было прысвечанае мясцоваму феномену: блогу “Рудабельская паказуха”, які вядзе Андрэй Павук, грамадскі актывіст.

Сустрэча пачалася з простага пераліку дасягненняў блога “Рудабельская паказуха” за 2016 год. Спіс гэты ўражвае нават колькасцю пунктаў, а зместам і пагатоў: паляпшэнне якасці вады ў вёсцы Гаць, дадатковыя шафкі ў садку, запуск ЦЭЦ, якая стаіць без справы; зменены маршрут праходу кароваў па вёсцы Гаць; пабудаваныя пешаходны пераход і аўтобусны прыпынак; а таксама вернутыя ўладальнікам ключы і выгнанне ката з дзіцячага вазка.

Толькі на першы погляд праблема ката, які прыладзіўся спаць у чужым дзіцячым вазку, пастаўленым у пад’ездзе, здаецца смешнай. Абмеркаванні пад фотаздымкам жывёлы, размешчаным у “Рудабельскай паказусе”, дасягнулі настолькі высокага градусу, што гаспадыня ката дагэтуль крыўдуе на Андрэя Павука за тое, што ён размясціў выяву ў блогу. У выніку кот змушаны быў мяняць месца дыслакацыі, а рэакцыя ўдзельнікаў канфлікту паказала, наколькі адчувальныя людзі да публічнасці, нават мінімальнай.

IMG_2715

У Рудабелцы выбухова рэагуюць на публічнасць не толькі шараговыя ўладальнікі катоў і дзіцячых вазкоў: прадстаўнікі ўлады таксама чытаюць блог Андрэя Павука — і наступствы гэтага чытання добра заўважныя. Кожнага госця ток-шоў (а ў Рудабелку прыехалі людзі і з Мінска, і з Гомеля) цікавіла пытанне: якім чынам Андрэю Павуку і ягонаму блогу ўдалося паўплываць на будаўніцтва аўтобуснага прыпынку там, дзе раней людзі стаялі па калена ў пяску? Якія словы ён знайшоў, каб дыялог з мясцовымі ўладамі прывёў да стварэння ляжачага “паліцая”, як яго называюць у Рудабелцы?

Адказ Андрэя Павука аказаўся надзіва простым:

— Я размясціў пасты аб праблемах у блогу… І ўлады самі правялі патрэбныя змены —быццам з уласнай ініцыятывы.

Вось яна, звычайная вулічная магія! У вялікіх гарадах можна збіраць подпісы сотнямі, змяшчаць артыкулы ў незалежнай прэсе, прыходзіць на асабістыя прыёмы да кіраўнікоў гарвыканкамаў — і гэта зусім не гарантуе таго, што вас пачуюць. А ў Рудабелцы дастаткова проста змясціць допіс у блогу…

— Да мяне прыходзяць людзі як да апошняй надзеі, — распавядае Андрэй Павук. — Калі яны губляюць аргументы ў гутарцы з прадстаўнікамі ўлады, яны запалохваюць маім імем: маўляў, вось раскажу ўсё Павуку, і ён пра вас як напіша…

На гэтым месцы ўсе прысутныя смяяліся, але тут ёсць нагода не толькі для смеху. У магічнай сілы і шалёнай папулярнасці ёсць і адваротны бок. Андрэй Павук страціў працу і не здолеў удадкавацца на новую: супраць яго дзейнічае маўклівая змова. У невялікіх мястэчках магчымасці працаўладкавання вельмі абмежаваныя, таму “забарону на прафесію” проста рэалізаваць тым, хто валодае ўладнымі паўнамоцтвамі.

IMG_2719

Гэтую тэму — закрытасці мясцовых уладаў ад “народа” — працягнула наступная выступоўца, грамадская актывістка і палітык Алена Луцковіч, таксама добра вядомая на ўсю Рудабелку. Яна распавяла неверагодную гісторыю вулічнай апытанкі жыхароў мястэчка, якую ладзіла на камеру з Андрэем Павуком. Апытанка ішла добра, пакуль у камеру не трапілі тры працаўніцы гарвыканкама. У выніку Алена атрымала штраф па адміністратыўным артыкуле.

Аднак прыгоды Алены Луцковіч у Рудабелцы не абмяжоўваюцца штрафамі і пераследам: Алена распавяла і пра зладжаныя ёй юрыдычныя кансультацыі для рудабельцаў; на ток-шоў нарадзілася ідэя перанесці іх у анлайн-фармат, бо юрысту з Гомеля ў Рудабелку складана дабірацца.

Погляд звонку на ток-шоў забяспечваў госць з Мінска Андрусь Такінданг: на кантрасце са сталічнымі культурніцкімі праблемамі, якія часта ляжаць толькі ў эстэтычнай сферы, праблемы Рудабелкі выглядаюць значна больш сур’ёзнымі. І іх не вырашыш правядзеннем некалькіх ток-шоў.

IMG_2757

Андрусь Такінданг параўнаў “Рудабельскую паказуху” з іншымі папулярнымі блогамі, якія вядуць жыхары невялікіх мястэчак. У першую чаргу гэта, канечне, Андрусь Горват і ягонае “Радзіва “Прудок”. Шалёная папулярнасць аўтара з Прудка, аднак, зусім іншая, чым папулярнасць рудабельскага робінгуда: Горват папулярны сярод мінчукоў, якія купляюць ягоныя кнігі; а славутасць Андрэя Павука носіць крыху іншы характар… Цікава, што б адбылося, калі грамадскай актыўнасці адданага рудабельскага патрыёта дадаць горватаўскай папулярнасці і ўсенароднай любові? Ці змянілася б стаўленне да яго з боку мясцовых уладаў пад пільным наглядам чытачоў з усёй краіны?

“Гарадскіх”, як назвалі рудабельцы гасцей з Мінска і Гомеля, цікавіла літаральна ўсё:

— А ці маеце вы клуб? Ці бываюць у вас дыскатэкі?

Рудабельскія школьнікі, якія прыйшлі на сустрэчу, засмяяліся:

— У нас былі дыскатэкі ў клубе… Але яны спыніліся пасля таго, як іх аднойчы паздымаў для свайго блога Андрэй Павук!

Апанентам Андрэя Павука нечакана выступіў ягоны ж сябар, які знаходзіўся сярод гледачоў.

— Хіба ўсё так дрэнна ў нашай Рудабелцы, як ты пішаш? Канечне, цябе будуць баяцца, бо ты выдаеш суцэльны негатыў. А калі хаця б палова допісаў была пазітыўнай і распавядала пра добрыя бакі нашага жыцця!

Гутарка, якая завязалася на сустрэчы 24 лютага, выйшла далёка за межы сцэнару ток-шоў. Але тэма заставалася нязменнай: якімі шляхамі могуць пайсці людзі, каб змяніць да лепшага жыццё ў сваіх мястэчках?

На прыкладзе Рудабелкі бачна, наколькі выбуховы эфект маюць звычайныя допісы ў звычайным блогу, які вядзе адзін-адзіны чалавек. З іншага боку, раіць кожнаму рабіць па прыкладзе Андрэя Павука ніхто не мае права, бо аўтаматычна чалавек атрымае і ўсе праблемы, якія цягне статус блогера ў мястэчку: варожасць уладаў і страту працы. З іншага боку, такі стан можа змяніцца толькі тады, калі да Андрэя Павука пачнуць далучацца іншыя людзі. І сітуацыя зменіцца, калі ў кожным мястэчку так званая “народная журналістыка” стане масавай з’явай.

Югася Каляда

Фота: Аляксандр Кісялёў


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика