This movie requires Flash Player 9
14.12.2016 | Кірмаш праектаў Навіны "Будзьма!" Разам да справы! У краіне

“Кірмаш праектаў для Маладзечна”: вызначаныя пераможцы!

У канцы лістапада ў Маладзечне грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” арганізавалі публічную прэзентацыю праектаў, якія цягам кастрычніка збіраліся і абмяркоўваліся на платформе Talaka.by у межах конкурсу крэатыўных ідэй “Кірмаш праектаў”.  Грамадскія аб’яднанні, суполкі і асобныя ініцыятары прэзентавалі сваё бачанне таго, што варта зрабіць у родным горадзе ці яго наваколлі: ад парковак для ровараў да аналізу наступстваў меліярацыі.

Кірмаш праектаў для Маладзечна

На гарачае абмеркаванне было прапанавана 14 валанцёрскіх праектаў. Сярод іх былі і амаль цалкам гатовыя да рэалізацыі, і тыя, што пакуль існуюць выключна як ідэя. Экспертная рада адабрала 6 найбольш цікавых, якім кампанія “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА” акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый па дапрацоўцы да рэалізацыі. Дарэчы, меркаванне экспертаў з Мінска не разышлося з меркаваннем саміх маладзечанцаў: гэтыя ж праекты набралі найбольшую колькасць народных галасоў падчас самога “Кірмашу праектаў”.

Падаем спіс пераможцаў:

1.“Здаровы горад!” (Андрэй Буслаўскі) – ідэя стварэння велаінфраструктуры ў Маладзечне.

2. “Папулярызацыя міжваеннай архітэктуры Маладзечна” (Уладзімір Садоўскі) – раскрыццё малавядомых старонак гісторыі Маладзечна на прыкладзе міжваеннай архітэктуры горада.

3.“Прыхаванае вякамі” (Алеся Каролік) – відэапраект пра дзейнасць выбітных асобаў Маладзечна.

4. “Праспект “РГ” (Наталля Тур) – новы фармат культурнага адпачынку і знаёмства з мясцовымі навінамі”, праект “Рэгіянальнай газеты” Маладзечна.

5. “Танцавальны тур па грамадскіх месцах Маладзечна” (Воля Трубач) – арганізацыя танцавальных вечарын у грамадскіх месцах.

6. “Горад майстроў” (Павал Хаванскі) – серыя майстар-класаў па народных рамёствах для ўсіх зацікаўленых.

Шчыра дзякуем аўтарам усіх праектаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе! Публічная прэзентацыя ідэі – гэта першы крок да здзяйснення сваёй задумы і пошуку новых знаёмстваў і новых магчымасцяў!

З аўтарамі праектаў-пераможцаў арганізатары “Кірмашу праектаў” звяжуцца ў найбліжэйшы час для абмеркавання далейшых дзеянняў.

І яшчэ раз нагадваем, што “Кірмаш праектаў” – гэта месца, дзе лягчэй і прасцей знайсці аднадумцаў для сваіх справаў, дзе можна атрымаць прафесійныя кансультацыі і дапамогу. Калі вам хочацца зрабіць жыццё свайго населенага пункта хоць трошкі лепшым, не чакайце, пакуль мы самі да вас даедзем. Пішыце на razam@budzma.org, і мы дапаможам арганізаваць такое мерапрыемства

*Кірмаш праектаў” – фармат публічных мерапрыемстваў, які ўяўляе сабой конкурс ідэй, здольных вырашыць культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы. Кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика