Ці можа Дзень горада быць сапраўдным святам для гараджан? Можа! Калі гараджане робяць яго самі! І, безумоўна, калі гэты горад — Віцебск!
Кампанія “Будзьма беларусамі!” чарговым разам сабрала неабыякавых, актыўных віцяблянаў, прадстаўнікоў мясцовых СМІ і гарадской адміністрацыі пад адным дахам для прэзентацыі крэатыўных ідэй. Тэмай “Кірмашу праектаў” 10 чэрвеня стала святкавання Дня горада ў Віцебску 27 па 29 чэрвеня.
“Святкаваць мы любім усе, але ці любім святкаваць усе разам? Калі ў горадзе свята, ці ў горадзе мы самі? Што б нам хацелася дадаць, каб адчуць сваю далучанасць да яго? — распачаў “Кірмаш” каардынатар кампаніі “Будзьма!” па Віцебскім рэгіёне Уладзімір Булаўскі. — Дзякуючы адкрытасці аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама да грамадскіх прапановаў культурніцкіх святочных ідэй, мы маем выдатную магчымасць задумацца і зразумець уласныя патрэбы і інтарэсы!”
Павітала ўсіх удзельнікаў і загадчыца аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок: “Мне вельмі прыемна бачыць у зале ўсіх вас – гараджан, якія шануюць беларускую мову, культуру, хочуць бачыць яе сучаснай і запатрабаванай!”
Галоўнай жа мэтай сустрэчы 10 чэрвеня для кампаніі “Будзьма!” стала высвятленне магчымасцяў уключэння грамадскіх прапановаў у фармаванне праграм гарадскіх святаў на адміністрацыйным узроўні, перспектыў супрацы паміж крэатыўнымі гараджанамі і ўладай.
Танцуй, Віцебск, танцуй! Танцы — цудоўны спосаб адпачыць, павесяліцца, а можа, нават і пазнаёміцца з дзяўчынай або хлопцам вашай мары! Асабліва калі танцы простыя ў выкананні і засваенні, а пляцоўка — віцебскія вуліцы і паркі. На чым і сышліся аўтаркі адразу двух танцавальных праектаў: Ганна Архіпенка і Святлана Вакула (“Традыцыйныя танцы для ўсіх”); Кацярына і Наталля Курыленка (“Танцавальны Open Air”).
Дзяўчаты прапанавалі фармат беларускага сацыяльнага танца (у адказ на “імпартаваныя” нам самбу, бачату ці мярэнгу), накіраваны на ўзаемадзеянне і зносіны паміж людзьмі: “Галоўнае, што мінакі могуць не проста спыніцца і паглядзець, як танчаць прафесіяналы, але і далучыцца, затанчыць разам!”
Зала прапанавала аўтаркам аб’яднаць свае праекты і рэалізаваць іх на адной пляцоўцы ў розны час, а з боку гарадской адміністрацыі паступіла і прапанова па месцы правядзення — тэатральная пляцоўка Дня горада.
Далучыцца да “Турніру па футбольным фрыстайле” ў шараговага віцябляніна, канечне, не атрымаецца, а вось паназіраць за спрытнымі красунчыкамі-футбалістамі — лёгка! Што такое футбольны фрыстайл, распавёў аўтар праекта Андрэй Хіхіч: “Фрыстайл — гэта прыгажосць, лёгкасць і відовішчнасць. Праект гэты для Беларусі даволі новы і можа стаць штуршком да развіцця альтэрнатыўных спартыўных напрамкаў”.
Заля актыўна падтрымала ідэю Андрэя, пасыпаліся прапановы па пляцоўках і ўхвальныя прамовы: “Андрэю не варта быць такім сціплым! Ён –з пачынальнікаў футбольнага фрыстайла ў Беларусі! Мы мусім ганарыцца тым, што цяпер Андрэй вучыцца і жыве ў Віцебску!”
Прадстаўнікі гарадской адміністрацыі таксама не засталіся ўбаку ад абмеркавання і прапанавалі некалькі пляцовак і святочных нагодаў для правядзення турніраў такога кшталту.
Правесці Гарадскую фотасушку (праект Дзмітрыя Лася) дамовіліся ў скверы Маякоўскага. “Сушка — цудоўная нагода для фатографаў надрукаваць свае працы і ўсім нам атрымаць асалоду ад іх і бясплатна забраць тыя, што спадабаліся сабе!”
З ініцыятывы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва да Дня горада або да “Славянскага базару” абавязкова будзе адноўлены роспіс па эскізе Малевіча “Смерць шпалераў”. Такі роспіс ужо два разы з’яўляўся на тарцовай сцяне аднаго з будынкаў у цэнтры Віцебска, але пасля нядаўняй рэстаўрацыі зноў знік. На “Кірмашы праектаў” быў абвешчаны збор сродкаў на фарбы, а гарадскія ўлады паабяцалі пасадзейнічаць у прадстаўленні аўтавышкі.
Пачытаць свае вершы і заспяваць песні змогуць віцебскія творцы-пачаткоўцы на Музычна-літаратурнай пляцоўцы. Такі праект прэзентаваў публіцы Алесь Замкоўскі.
А ўзяцца за выхаванне ў віцяблянаў культуры буккросінгу вырашыў Яўген Камінскі. Калі ўсё атрымаецца, то ў хуткім часе па Віцебску з’явяцца кабінкі-палічкі, у якіх кожны зможа ўзяць кнігу пачытаць, а на яе месца паставіць сваю. На пытанне пра імаверны вандалізм аўтар адказаў упэўнена: “Мы гатовыя рамантаваць кабінкі столькі разоў, колькі будзе трэба! Будзем выхоўваць гараджан!”
Арганізатары праманіторылі ўсе публікацыі пра “Кірмаш праектаў” у сеціве на наяўнасць крэатыўных прапановаў у каментарах і прапанавалі іх для разгляду таксама. Некаторыя з ідэй ужо ўзятыя на ўзбраенне гарадскімі ўладамі і будуць рэалізаваныя ў Віцебску 27-29 чэрвеня (пункты, вылучаныя ў прэзентацыі чырвоным):
“Але патрэбныя яшчэ і талковыя арганізатары, якія б кіравалі ўсім працэсам!” Гэтая думка часта прасочвалася ў каментарах і яшчэ раз упэўніла ў актуальнасці праекта па стварэнні “Клуба арганізатараў”, прапанаванага Інай Якаўлевай на папярэднім “Кірмашы” ў Віцебску. Клуб гэты будзе найперш камунікацыйнай пляцоўкай для прафесійных арганізатараў (для абмену вопытам і каардынацыі па сферах дзейнасці), а таксама адукацыйнай для тых, хто хацеў бы працаваць у гэтай сферы (школа маладых арганізатараў, лекцыі, семінары ад спецыялістаў у розных сферах дзейнасці). Заклікаем усіх зацікаўленых віцяблянаў актывізавацца на яго стварэнне!
Падвесці вынікі сустрэчы мадэратар прапанаваў загадчыцы аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталлі Шыянок: “Галоўнае, што мы тут убачылі, — сучасная моладзь мысліць зусім інакш. Вы думаеце, як самастойна вырашаць праблемы, рэалізоўваць праекты, аб’ядноўваць высілкі і знаходзіць спонсараў. Ніхто з вас не прасіў у нас грошай! Не трэба баяцца, што недзе ў выканкаме ці ва ўстанове культуры альбо адукацыі сядзяць закамплексаваныя людзі…Тое, чым можа дапамагчы Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, мы абавязкова зробім! Усе вашыя праекты рэальныя! Частку з іх ажыццявім найбліжэйшым часам, частку — пазней. Жыццё доўгае… Вялікі дзякуй, што вы захавалі жаданне жыць творча, крэатыўна і ў плыні часу!”
Кампанія “Будзьма беларусамі!” спадзяецца, што пасля гэтага “Кірмашу” супрацоўніцтва паміж гарадскімі ўладамі Віцебска і крэатыўнымі гараджанамі наладзіцца і стане звычайнай справай.
Паглядзець прэзентацыі праектаў, даць парады і паўдзельнічаць у іх удасканаленні можна тут. Далучайцеся да абмеркавання!
Ці будзе працяг? Усё залежыць толькі ад вас! Выказвайце свае прапановы, будзьце актыўнымі і неабыякавымі, і ўсё атрымаецца! А кампанія “Будзьма беларусамі!” заўсёды гатовая дапамагаць. Хацелі б зладзіць “Кірмаш” у сваім горадзе? Пішыце на [email protected]!
Тэкст -Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч