Экспедыцыі бываюць розныя: фальклорныя, этнаграфічныя, геалагічныя… А ці чулі вы пра экспедыцыі танцавальныя? Ужо трэцяя такая экспедыцыя ў межах праекта “У пошуках традыцыйнай танцавальнай культуры” адбылася 7 лютага 2014 года. Гэтым разам працоўная група на чале з харэографам Аленай Прохаравай выправілася ў пошуках танцаў на Магілёўскае Падняпроўе. У экспедыцыі бралі ўдзел сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Святлана Клепікава, Раман Яраш і Юлія Літвінава, а таксама музыкі Аляксей Крукоўскі і Вераніка Анцілеўская.
З мэтай знаёмства з захаванымі ў памяці мясцовых жыхароў асаблівасцямі арганізацыі танцавальных вечарынаў, а таксама актуалізацыі і пераймання традыцый экспедыцыя прыбыла ў Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці.
Першая сустрэча адбылася ў вёсцы Клічаўскія Пасёлкі, дзе мінскіх гасцей чакаў 81-гадовы гарманіст Уладзімір Іосіфавіч Александровіч – чалавек многіх прафесіяў: і пчаляр, і шавец, і кравец, а ў далёкіх 50-х гадах яшчэ і завадатар на вясковых танцах. За доўгім векам і хатнімі справамі яму ўжо асабліва й не да музыкі, але набыты паўстагоддзя таму майстровы гармонік і зроблены ўласнаручна бубен дагэтуль чуюць гаспадаровы рукі.
Разам з павесялелым ад увагі і ўспамінаў музыкам госці накіроўваюцца ў вёску (аграгарадок) Бацэвічы, у тамтэйшы Дом рамёстваў, дзе мае адбыцца танцавальная вечарына. У грамадзе – і старэйшыя людзі з Клічава, вёсак Востраў, Калбчанская Слабада, і моладзь – танцоры Змітраўскага дома культуры пад кіраўніцтвам Анжалікі Барадзіной.
Танцы пачаліся! Акампанемент прыезджых музыкаў чаргуецца з традыцыйным гучаннем мясцовых гармонікаў – да капэлы далучаецца гарманіст з Клічава, 74-гадовы Дзмітрый Патапавіч Русецкі. Ён у выдатнай тэхнічнай форме і мае багаты рэпертуар тутэйшых мелодый. Акурат пад ягоную, “клічаўскую” польку і ажыўляюцца вяскоўцы, паступова згадваючы на пляцоўцы напаўзабытыя рухі традыцыйнага танца.
Цягам імпрэзы тутэйшыя варыянты танцаў (“Каробачка”, “Страданія”, кракавяк, падэспань) чаргуюцца з аповедамі ўдзельнікаў пра этыкетную культуру вясковых вечарынаў, стаўленне да іх розных пакаленняў вяскоўцаў, спосабы навучання танцам і ролю музыкаў. Спявачкі з мясцовых гуртоў выконваюць улюбёныя песні, дэманструюць захаваныя элементы традыцыйнага строю.
Зоя Іванаўна Самец з Калбчанскай Слабады паказвае грамадзе мясцовую “Лявоніху ў тройках”, Аляўціна Мікалаеўна Сідарэнка – “старадаўні” вальс з пераходамі. Маладыя мясцовыя танцоры з вёскі Востраў паказваюць свае ўменні ў танцы “Лысы”, сталая ўжо сямейная пара Нікіціных з Клічава – у мясцовай польцы. Васіль Мікалаевіч Нікіцін навучае мужчынскаму полькаваму кроку. Польку з вёскі Востраў дэманструюць Валянціна Якаўлеўна Баярава і Зінаіда Мікалаеўна Любчык. Тым часам клічаўскія гарманісты дапамагаюць адно аднаму і мінскім гасцям, падбіваючы на бубне.
Экспедыцыя выказвае вялізную падзяку за дапамогу ў арганізацыі сустрэчаў сябрам Студэнцкага этнаграфічнага таварыства – мясцоваму работніку культуры Жанне Ачыновіч і Алене Ляшкевіч з Мінска.
Праект “У пошуках народнай танцавальнай культуры” стаў пераможцам другога этапу конкурсу культурніцкіх ідэй ад “Будзьма!” і пры арганізацыйнай дапамозе кампаніі ладзіць майстар-класы і танцавальныя вечарыны ў розных рэгіёнах Беларусі з мэтай вывучэння і адраджэння традыцыйнай танцавальнай культуры. Сачыце за навінамі на сайце ГКК “Будзьма беларусамі!”. Раптам наступным пунктам экспедыцыі стане менавіта ваш горад ці вёска!
Фота – Алена Ляшкевіч, Святлана Клепікава