Трэці прэс-клуб кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшоў у Магілёве. Улічыўшы вопыт папярэдніх мерапрыемстваў, арганізатары вырашылі цалкам змяніць фармат сустрэчы. Першапачатковай мэтай прэс-клубаў было абмеркаванне новых прыёмаў і падыходаў у асвятленні культурніцкіх падзей, а таксама магчымасцяў і выклікаў для журналістаў, што прыносіць развіццё новых медыяў і што ўплывае на фармаванне густаў чытачоў. Не забыўшыся на гэтыя звышмэты, у Магілёве “Будзьма!” вырашыла зрабіць упор на тое, каб зразумець, чым увогуле жыве культурніцкая журналістыка ў рэгіёнах.
“У нас сёння будзе такі сабе Клуб ананімных антыалкаголікаў. А антыалкаголем нашым стане культурніцкая журналістыка, — распачаў Віктар Марціновіч, журналіст і культурніцкі аналітык, пісьменнік і мастацтвазнаўца, адзін з самых чытаных калумністаў сайта budzma.by. — Я прапаную пабудаваць сустрэчу ў форме размовы. Мне цікава пачуць вашыя меркаванні, таму я проста буду закідваць тэзы, здольныя, спадзяюся, выклікаць у вас згоду ці нязгоду. Калі ласка, выказвайцеся!”
Да кола “антыалкаголікаў” адразу далучыўся другі спікер — Віталь Рыжкоў, літаратар, рэдактар сайта budzma.by і, дарэчы, магілёвец. Такім чынам арганізатары не толькі пазбеглі падзелу на “публіку” і “лектара”, а, па сутнасці, і падзелу сустрэчы на дзве часткі (тэарэтычнай ад Віктара і больш практычнай ад Віталя). Усе тэзы абмяркоўваліся як факты развіцця сусветнай журналістыкі, і адразу ж звярталася ўвага на асаблівасці тых ці іншых тэндэнцый у беларускіх рэаліях.
Такі фармат сапраўды атрымаў большы водгук ва ўдзельнікаў. Размова атрымалася. Жывая, канструктыўная, з рознымі поглядамі і меркаваннямі. Прапануем самыя гарачыя, на нашую думку, выказванні ўдзельнікаў сустрэчы, размеркаваныя па тэматычных блоках, без аўтарства і персаналізацыі, згодна з правіламі клубу ананімных “антыалкаголікаў”. Заклікаем выказваць свае меркаванні ў каментарах!
Навошта пісаць пра культуру? Яна ў Магілёве ўвогуле ёсць?
“У пэўны момант я зразумеў, што ў беларускай палітыцы сёння нічога змяніць немагчыма. Адзіная крыніца зменаў у грамадстве — пісаць і казаць пра культуру. Так мы можам паўплываць на яе якасць і наўпрост на беларускае грамадства!”
“Культура ў Магілёве другасная. Магілёў — спальны раён для гастарбайтараў. Людзі працуюць дзе заўгодна — у Маскве, у Мінску, у Піцеры. А ў Магілёў прыязджаюць так… час ад часу паспаць, памыцца і сабрацца на новыя заробкі”
“Культурнае жыццё ёсць заўсёды. Пытанне: для каго? Я люблю джаз, але мне няма куды схадзіць у горадзе яго паслухаць. Я для сябе вырашаю — культурнага жыцця ў Магілёве няма. Але ж іншыя падзеі ў горадзе ладзяцца, людзі іх наведваюць, а з гэтага вынікае, што і культурнае жыццё агулам у горадзе ёсць!”
“Контркультура мусіць з’яўляцца ў адказ на мэйнстрым. Вось у Магілёве з’явіўся Віталь Рыжкоў, з’явіўся насуперак усяму, што ёсць у горадзе, а не дзякуючы нейкім магілёўскім фішкам. Але тут з’яўляецца пытанне — ці ёсць увогуле ў Беларусі мэйнстрым? Хіба ў нас ёсць фанаты музыкаў, кліпы якіх можна ўбачыць у метро? Не, няма. Дык, можа, Akute — гэта і ёсць беларускі мэйнстрым, а не тыя, хто скача на Славянскім базары”?
Ці варта гаварыць праўду?
“З культурніцкіх мерапрыемстваў мы публікуем часцей за ўсё проста фотарэпартаж, бо ён нікога не пакрыўдзіць. А тыя, хто наведаў мерапрыемства, будуць радыя сябе ўбачыць на фота ў СМІ. Калі мы напішам праўду, уважліва прачытае гэты матэрыял сам чалавек, яго родныя і ўсё! Яны пакрыўдзяцца, а больш ніхто не заўважыць. І ўвогуле, хто я такі, каб крытыкаваць тое, што зроблена арганізатарамі? Быў бы я крытыкам — іншая рэч. А журналіст мусіць проста асвятляць падзею”.
“Толькі напісаўшы праўду ў справаздачы пра культурніцкую падзею, мы можам паўплываць на якасць культурніцкага жыцця агулам. Прымусіць змяніць яе, спыніць гэты калгас.Дэні Дзідро ў часы Асветніцтва рабіў першыя ў свеце рукапісныя часопісы, у якіх расказваў пра салоны, што ладзіліся тады ў Луўры. У іх ён дэтальна апісваў кожны экспанат, каб расказаць пра іх тым, хто не можа наведаць выставу. Гэтыя часопісы лічацца пачаткам мастацкай крытыкі, але сёння гэта не крытыка. Я ўпэўнены, што сёння як крытыкі, так і журналісты мусяць даваць ацэнку таму, што адбываецца.Тэза пра “аб’ектыўнае адлюстраванне ў СМІ таго, што ёсць” засталася за савецкім часам”.
“Праўду можна сказаць па-рознаму. Неабавязкова ж крыўдзіць. Людзям заўсёды цікава чытаць чыёсьці меркаванне, а потым згаджацца з ім ці абурацца. Варта выказваць свой суб’ектыўны погляд, дзяліцца сваім уражаннем — тады матэрыял выкліча рэакцыю. Так, вядома, калі я фанабэрыста напішу, што апошні альбом Akute слабаваты, мне скажуць: “Ды ты хто такі ўвогуле?” А калі я напішу, што асабіста мне падаецца, што, пішучы тэкст вось да гэтай песні, Раман Жыгараў, відаць, перапіў крыху, то я толькі звярну ўвагу на тую песню, падбухтору людзей да выказвання сваёй думкі. І мой тэкст пачытаюць, і музыку лішні раз паслухаюць”.
“Ёсць яшчэ адзін цікавы момант, звязаны з крытыкай сёння. Па выніках даследавання вядома, што рэцэнзіі на фільмы і кнігі чытаюць зусім не тыя, хто шукае, што б паглядзець ці пачытаць, а тыя, хто ўжо паглядзеў і пачытаў! Людзі хочуць прачытаць чужое меркаванне пра твор і параўнаць свае ўражанні”.
“Чаму я мушу прасоўваць чарговы магілёўскі талент?“
“Існуе ў Беларусі тэндэнцыя да негатывізацыі ўсяго, што ў нас адбываецца. Зроблена ў Беларусі? Кепска апрыёры! Мне падаецца, што сёння як для Беларусі агулам, так і для рэгіёнаў асабліва вельмі важная штука — быць у сусветным трэндзе Glocal, падтрымліваць і прасоўваць сваіх мясцовых культурных герояў, звяртаць на іх увагу, а не ганьбіць. Сяргей Жадан знакаміты на ўсю Еўропу менавіта дзякуючы таму, што піша пра Харкаў. Калі ён пачне пісаць нават пра Кіеў, думаю, цікавасць да яго адразу зменшыцца”.
“А чаму я мушу прасоўваць нейкі чарговы магілёўскі талент? Нам кожны дзень прыходзіць больш за 20 просьбаў пра анонс мерапрыемства — нейкіх кватэрнікаў, канцэрцікаў з нікому не вядомымі імёнамі. Чаму я мушу ставіць гэтую інфармацыю? Ніхто пра іх нідзе нічога яшчэ не пісаў. Проста таленавіта спяваць, маляваць сёння недастаткова. Цяпер ёсць канкурэнцыя талентаў, і творца мусіць ведаць, як лепей сябе падаць, арыентавацца ў эканоміцы, трэндах і г.д.”
Парайце, што зрабіць беларускім творцам, каб іх у СМІ было больш
1. Калі гэта пачатковец, перш за ўсё не трэба маўчаць пра сябе. Станьце сваім першым крытыкам. Напрыклад, можна зрабіць першы матэрыял пра свой канцэрт самому, але каб ён быў пададзены зразумелай, сяброўскай мовай. Добры матэрыял — гэта ўжо падзея.
2. Калі гаворка пра музыкаў, то пачынаць прасоўванне сваёй музыкі самастойна. Хай вашыя сябры ці 5 чалавек, якія ўпадабалі вашую музыку на кватэрніку, распаўсюдзяць яе хаця б у сацыяльных сетках, потым распаўсюдзяць іх сябры і г.д.
3. Людзям падабаюцца гарачыя навіны. Скандалы заўсёды папулярныя. Станьце героем скандалу, і вамі зацікавяцца.
4. Культуру добрых паводзінаў таксама яшчэ ніхто не адмяняў. Сябруйце з рэдактарамі і журналістамі. На першым этапе гэта можа дапамагчы распаўсюду інфармацыі.
5. Знайдзіце бюджэт. Грошы ўсё ж шмат што вырашаюць. Маеце грошы? Калі ласка, выкупайце хоць усю першую старонку!
Як зрабіць матэрыялы пра культуру больш папулярнымі?
“А навошта? Тая колькасць чытачоў культурніцкіх сайтаў і навінаў, што ёсць у Беларусі, — нармальная, зусім не кепска”.
“Большасць сёння чытае не друкаваныя выданні і нават не сайты тых ці іншых газет і часопісаў, а сваю стужку ў сацыяльных сетках. Таму ніхто не ведае, колькі людзей насамрэч даведалася пра культурніцкую падзею, проста прабягаючы вачыма пасты сваіх сяброў. Цяпер кожны, хто дадае ў сябры тых ці іншых асобаў, чые пасты яму падаюцца цікавымі, а меркаванне важнае, сам фармуе сваю першую і другую паласу навінаў”.
“Тыя хай сабе 30 тысячаў чалавек, якія цяпер чытаюць навіны пра культуру, могуць выхаваць людзей, якія ў наступным пакаленні паўплываюць на мільёны!”
Спрэчныя меркаванні, шмат пытанняў і пажыва для роздуму — такой і мусіць быць канструктыўная дыскусія асобаў з рознымі меркаваннямі, але агульнымі памкненнямі зрабіць жыццё ў сваім горадзе і агулам у краіне лепшым! Кампанія “Будзьма беларусамі!” шчыра ўдзячная магілёўскім журналістам за ўдзел і агульны аптымістычны настрой. Выраз “Усё рэальна!”, які мы не раз чулі цягам дыскусіі ад розных яе ўдзельнікаў, сапраўды натхняе!
Шаноўныя чытачы, яшчэ раз заклікаем вас выказваць свае меркаванні ў каментарах!
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксей Сталяроў