27-га кастрычніка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Наша “Пяцісотгоднасць” ў сценах Літаратурнага музею імя Пятруся Броўкі адбылося тэатралізавана-яркае святкаванне юбілею Якуба Коласа. Выступаў пісьменнік і літаратуразнаўца Васіль Дранько-Майсюк, які падрыхтаваў змястоўную лекцыю пра аўтара “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі”. Гледачы, а гэта юнакі і дзяўчаты з самых розных школ і навучальных устаноў сталіцы, слухалі на адным дыханні. Былі тут навучэнцы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і многія іншыя. Маленькая ўтульная зала ледзьве змясціла прысутных. Усяго было каля 50 чалавек. На сустрэчы гучалі цікавыя, нечаканыя факты пра Якуба Коласа, ён быў пададзены некананічна, як жывы, жарсны, эмацыйна-рамантычны чалавек, які кахаў, пакутваў, змагаўся, памыляўся, ствараў. Паводле Васіля Дранько-Майсюка, напрыканцы жыцця асабліва шкадаваў Якуб Колас пра тое, што не напісаў паэмы пра аднаго са сваіх любімых герояў Францыска Скарыну.