Вечары чытання пры свечках «Калі прыходзяць анёлы» пройдуць у Дзіцячай мастацкай школе мастацтваў у 18, 23 24 снежня, 5 і 6 студзеня. Кожнае дзіця, якое прыйдзе на такі вечар, атрымае ў падарунак кнігу.
Пра гэта Край.бай распавяла арганізатар вечароў, псіхолаг, кіраўнік клуба «Дыялог +» Марына Валасковіч. Па словах суразмоўніцы, літаратурныя сустрэчы пройдуць на базе адной з аўдыторый дзіцячай мастацкай школы. Зусім хутка там пачнуць мантаваць дэкарацыі.
– Чытаць для дзяцей будуць акцёры Мінскага абласнога драматычнага тэатра і выкладчыкі Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага, – падзялілася яна. – Гэта будуць душэўныя гісторыі і казкі, якія нясуць у сабе глыбокі чалавечы сэнс і нагадваюць нам пра тое, што цуды існуюць, пра тое, што трэба рабіць дабро. Усё будзе адбывацца ў паўзмроку, асвятляць аўдыторыю будуць жывыя свечкі, а ў самым цэнтры размесціцца чытальнік, – дадала псіхолаг.
Як адзначыла ў размове з парталам субяседніца, галоўны пасыл арганізатараў вечароў – вярнуць у жыццё ціхія перажыванні. І такая магчымасць, на яе думку, прадставіцца ўсім, хто прыйдзе на мерапрыемства.
– Мы прывыклі да шумным свята з хлапушкамі і феерверкамі, якія, як правіла, суправаджаюцца вострымі ўражаннямі. У выніку з нашага жыцця, – заўважыла Марына Валасковіч, – практычна зніклі ціхія перажыванні. А нам іх так не хапае, асабліва ў дзяцінстве. І вельмі важна знайсці час і месца для іх, – падкрэсліла яна. – Таму, перш за ўсё, на вечары мы запросім дзяцей з сацыяльнага прытулку і дзяцей з школ-інтэрнатаў. Але, вядома, прыйсці на наша мерапрыемства можа любы жадаючы.
18 снежня ў 16.00 у холе дзіцячай мастацкай школы адкрыецца аднайменная выстава выяўленчага мастацтва «Калі прыходзяць анёлы».
Пачатак вечароў чытання пры свечках «Калі прыходзяць анёлы» 18, 23 24 снежня, 5 і 6 студзеня аднолькавы – у 17.30. Калі вы хочаце наведаць іх групай больш за 10 чалавек, звяжыцеся папярэдне з Кацярынай Кісель па тэлефоне МТС (029) 701-79-29.
Кацярына Сушко, kraj.by