06.02.2017 | Літаратура

Андрусь Горват як пачатак беларускага цуду

Я спяшалася па кнігу Андруся Горвата “Радзіва “Прудок” так, як імкнуцца да ратавальнага круга. Але набывала хутчэй не для сябе – многія фрагменты ўжо прачытала ў фэйсбуку. Найперш для сваякоў. Дзесьці падсвядома лунала надзея: “Можа быць, вось ён, ключ? Тая сцежка, якая прывядзе нас да цуду?..”

Андрусь Горват “Радзіва “Прудок”

Беларуская мова атачала маіх родных з самага іх дзяцінства. І цяпер, прыязджаючы на малую радзіму, яны толькі на ёй і размаўляюць. Але дзесьці ў “цывілізаваным” грамадстве гаварыць па-свойму неяк не прынята.

Нядаўна родзічы цікавіліся ў мяне: “Дык нашто табе тая беларуская мова? Чаму ты пішаш на ёй? Грошай хочаш зарабіць ці проста каб яна адрадзілася, была папулярнай?” “Другое”, – ціха адказвала я, бо ў палеміку і тлумачэнні ўдавацца не хацелася.

…І ў гэты самы момант на гарызонце з’явіўся Андрусь Горват і яго “Радзіва “Прудок”. Гэта тая літаратура на роднай мове, якая можа спадабацца людзям, далёкім ад культурніцкіх тусовак. Яна не занудная, не сумная, не дэпрэсіўная. Не занадта вычварэнская і не пошлая. Гэта кніга пра жыццё. Найперш я дам яе пачытаць маме. Хаця мама і так адразу чытае ўсё, што праходзіць праз мае рукі. Пасля адвязу “Радзіва” бабулі на вёску. Бо мы з ёй ужо абмяркоўвалі, што ёсць у “камфютары” чалавек, якія піша пра тое, як доіць казу і як з-пад сваёй хаты пазірае на зорнае неба. “Пра тое, як доіць казу, я б таксама пачытала!” – узрадавалася бабуля.

Мая братавая ніколі не бярэ кнігу, калі ведае, што там нешта “страшнае” ці “вельмі сумнае”. Напрыклад, чуе ад некага, што ў канцы гераіня зробіць аборт ці нейчы лёс складзецца трагічна – не адгарне нават першай старонкі. Прыхільніца здаровага ладу жыцця, у харчаванні, спорце і ў спажыванні інтэлектуальных прадуктаў яна таксама выбірае тое, што лічыць карысным для розуму і душы. Горвата ёй можна! Кніга мае агульны пазітыўны настрой.

Я не пагаджуся з тымі, хто кажа, што так шмат упадабанняў у “Радзіва “Прудок” праз тое, што твор – пра вёску. Гэта больш, чым нізка назіранняў чалавека, які жыве ў глыбінцы. Гэта хутчэй аповед пра тое, як аўтар не скарыўся абставінам і літаральна ілбом прабіваў уласны шлях, нягледзячы ні на якія выпрабаванні. Скончыў журфак – і, як і многія гуманітарыі, думаў, што ўвогуле ні на што не здольны, хадзіў па кватэрах, гандлюючы кухоннымі прыладамі. Працаваў дворнікам Купалаўскага тэатра – каб абраць такую працу чалавеку з вышэйшай адукацыяй, патрэбная пэўная смеласць. З’ехаў у дзедаву хату – і не ўцёк адтуль, калі даводзілася начаваць пры тэмпературы плюс восем і есці адны кабачкі. Памятаю, прачытала ў фэйсбуку, што ў яго мала ежы, падумала: мо даслаць што?.. Але намер так і застаўся нерэалізаваным. Гэтым многія з нас і адрозніваюцца ад Андруся Горвата: так шмат думаем і так мала робім… А ён перамяшчаецца і здзяйсняе свае досыць маштабныя праекты хутчэй, чым мяняюцца сезоны за акном.

Горват жыве ў тым жа грамадстве, але своечасова зразумеў, што калі сістэма табе нічога не дае, варта знайсці ў ёй маленькі вольны пляц і пабудаваць на ім падворак сваёй мары. Тады і ўся краіна зменіцца – калі ў кожнага будзе па астраўку свайго шчасця. Аднойчы яны злучацца ў адно і ўтвораць цэльную светлую прастору.

Горват не сыпле праклёнамі ў наваколле і не займаецца бясконцым абурэннем, а дзякуе жыццю за кожны пражыты момант і новы дзень. Як кажа ён сам, “людзі для мяне падзяляюцца на дзве катэгорыі, адных я люблю, а другіх не ведаю”.

Спачатку Андрусь не верыў у свой пісьменніцкі талент – быў сарамлівым, як і ўсе беларусы, схільныя сябе недаацэньваць. Але ўсё-такі паспрабаваў і выдаў уласную кнігу. Калісьці дворнік, цяпер – пісьменнік. Дадатковы тыраж выдання склаў 1000 асобнікаў – вельмі сур’ёзная лічба для Беларусі. 750 з іх прадаў адразу, падчас аўтограф-сесіі ў Купалаўскім тэатры. Чарга да яго амаль не спынялася. І я там была.

Калі ехала з нованабытай кніжкай у метро, адразу прачытала анатацыю: “Гэта кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, саджаць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэта кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе. Можа быць, яна пра тое, як вярнуцца да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды. А, можа, пра тое, як стаць сваім для самога сябе”. Па маіх шчоках цяклі слёзы. Напаўразбураная нацыя. І мы, якія яшчэ не знайшлі саміх сябе…

Ніна Лістота

Глядзіце таксама:

Космас, Вольскі, кабачкі. Андрусь Горват і квіткі ў мінулае

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

4 Каментаў у “Андрусь Горват як пачатак беларускага цуду”

  1. Крытык says:

    Ці не занадта гучна – “пісьменнік”? Хутка любога блогера ў пісьменнікі залічваць пачнуць.

    Што тычыцца асобы Горвата, нельга пагадзіцца, што ен уяўляе сабой прыклад чалавека, які не скарыўся абставінам (што, мабыць, павінна быць прыкладам для ўсіх нас). Наадварот, чалавек не здолеў знайсці сабе ў жыцці і праз уласную інфантыльнасць (праца дворнікам замест пошуку нечага больш вартага) абраў шлях найменшага супраціву: з’ехаць у якое-ніякае жытло далей ад праблем, дзе можна няспешна плыць па цячэнню без змагання.

    • Ola says:

      Вашыя словы – нібы крывое люстэрка да артыкула.
      Дапусцім, не кожны пакліканы вяртацца са сталіцы назад у вёску. Але калі ты адчуваеш такое вялікае ўнутранае жаданне, то пачаць яго рэалізоўваць, не баючыся таго, што замест цёпленькага здымнага пакойчыка атрымаеш +8 узімку і іншыя побытавыя “сюрпрызы” – на такое здольны толькі моцны чалавек. Таму не выдумвайце. *)

    • Sotnieks says:

      Ды з’ехаў з гораду – і добра! Менш калхознікаў у Менску будзе.

  2. Лявон says:

    Андрусь – доўгачаканая нечаканасць, з’ява ў жыцці сучаснага беларускага грамадства! Ці паспяховы ён, кожны вырашае для сябе сам. Але пасля каментару Sotnieks стала зразумела, што “калгаснікаў” у Менску не паменьшала. (Ніякім чынам не хачу пакрыўдзіцы працаўнікоў вёскі, якія кожны дзень кормяць і мяне, і Sotnieks). Зайздроснікі былі і ёсць ва ўсіх паспяховых людзей, і ашчэраныя зубы з-пад брамы – таксама не навіна.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика