19 чэрвеня, у цудоўны сонечны дзень, ў пасёлку Зялёны Бор Смалявіцкага раёна, адбыўся канцэрт барда Таццяны Беланогай у межах грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У гэты гарачы час, калі дзень падаецца занадта маленькім ад колькасці запланаваных спраў па гаспадарцы, на канцэрт завітала прыблізна трыццаць прыхільнікаў беларускай музыкі! Распавядае спадарыня Таццяна: “Я другі раз выступаю ў пасёлку Зялёны Бор і мне вельмі прыемна, што на канцэрт прыйшлі тыя слухачы, якія пазнаёміліся з маёй творчасцю летась, а таксама тыя, хто толькі першы раз сустэўся з маёй творчасцю.
Гэта значыць, што песні становяцца часткай жыцця і культуры. На канцэрце паміж песнямі слухачы і я разважалі над самім паняццем культура, ідэнтычнасць. Я правяла конкурс на лепшае пытанне , усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі” – майку, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”. Асабліва актуальныя новыя паштоўкі былі для маленькіх дзяўчатак, што вучацца ў першым класе. Аказалася, яны зусім не ведаюць беларускай мовы і мы дамовіліся, што наступны раз я прыеду і праверу іх веды па беларускай мове. Канцэрт атрымаўся вельмі цёплы. Мне падаецца, што зараз людзям не хапае размоў па душах з акцёрамі, мне падаецца, што зараз акцёр вельмі блізка да слухача. Яшчэ такую цудоўную атмасферу стварае спадар Валеры, дырэктар Дома культуры, за што я і слухачы вельмі ўдзячныя яму за працу і адданасць”.