Сустрэчы паэтэсы Веры Буланда ў Пліскай СШ перад вучнямі 5 класа і 9 класа 9 снежня 2015 года пачалася з размовы пра дабрыню, чуласць, што заўсёды хвалюе аўтара і павінна хваляваць кожнага. Не трэба стамляцца дзяліцца дабратой – сцвярджае спадарыня Вера ў сваёй творчасці:
Вы не стамляйцеся ніколі
Дабро тварыць і спагадаць,
І тое ўсё, што ў вашай волі,
Зямлі, радні, сябрам аддаць.
Вы не стамляйцеся дзівіцца
Жыццю, любові на зямлі,
Дзівіцца чысціні крыніцы
І ўзаранае зямлі…
Размова з вучнямі выклікала незвычайную цікавасць да творчасці паэтэсы, выхаванцы даведаліся, як узніклі асобныя вершы-прысвячэнні сваім настаўнікам, бацькам, сябрам, адначасова задумаўшыся над важнасцю і неабходнасцю несці ў сваіх сэрцах дабрату, чуласць, спагадлівасць, якія можна дарыць штодзённа – проста так, таму што любіш, таму што трэба
…Да сэрцаў каб людскіх дарога
І мной пракладзена была.
Спадарыня Вера прыгадала сваю суседку – настаўніцу Алену Кандратаўну Бузо
І ў гэтую чарговую сустрэчу я
Зноў прыгадала маладую постаць,
Не згорбленую, нават не старэчую,
Высакародную, прыгожую, як лотас,
Што вырастае чыстым і загадкавым
У самай забалочанай запрудзе,
Любімая Алёнушка Кандратаўна,
Тваёй сардэчнасці ніколі не забудзем,
Тваім навыперадкі ўсім і ўсякаму
Дабра і шчырасці, спагады і любові…
Вучні ўдзельнічалі ў конкурсе на складанне сказаў-таўтаграм, цікавіліся жыццём і творчасцю паэтэсы, самыя актыўныя ад культурніцкай арганізацыі “Будзьма беларусамі!” атрымалі ў падарунак торбачкі, майкі з выявамі цмокаў, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску!”