Дзень горада стаўся вялікім святам для гасцей сталіцы. Што да карэнных мінчукоў, то яны аддавалі перавагу больш камерным забавам: калі і напіваліся, то па вядомых ім корчмах або проста па дамах. Прынамсі, да гэтага іх схіляла па-восеньску пахмурнае надвор’е. Масоўку на народных гуляннях складалі ў асноўным сем’і з дзецьмі — куды яшчэ павесці дзіця ў нашым горадзе — ды прыезжыя, у якіх яшчэ жыло жаданне «паглядзець Мінск».
Правінцыялы не надта вылучаліся з натоўпу вонкава — хутчэй, гэта сам натоўп мімікраваў пад правінцыю. «А я раней думала, мінчукі такія гламурныя!» — гучна дзівілася за суседнім столікам дзяўчына аднекуль з Мінскай вобласці. Што казаць, зборышча каля Нацыянальнай бібліятэкі выглядала акурат як Дажынкі ў гіганцкім райцэнтры, а не як кірмаш у горадзе з тысячагадовай гісторыяй. Бракавала хіба што таннай сельгаспрадукцыі — аднак у гандлёвых радах можна было пазнаёміцца з прадукцыяй гадзіннікавага завода і выбраць сабе жырандолю беларускай вытворчасці. Цвіком праграмы была выстава трактароў «Беларусь», матацыклаў «Мінск» ды размаітай прадукцыі МАЗу, уключаючы аўтобусы ды смеццявозы. Дзеці былі ў захапленні ад гэткіх гіганцкіх памаранчавых цацак, дарослыя лагодна пасміхаліся, іх фатаграфуючы.
Ад мерапрыемства такога фармату варта было б чакаць забароны алкагольных напояў, як гэта практыкуецца на буйных фестывалях ды канцэртах. Аднак міліцэйскі кардон, які прыдзірліва шманаў грамадзянаў на прадмет «алкаголю і зброі», быў чыста сімвалічнай маніфестацыяй улады: за кардонам ліліся ракой і беларускае піва, і танная гарэлка.
Трохі менш гнятлівай была атмасфера ў парку Горкага: вось сюды сапраўды мела сэнс прыходзіць сем’ямі. Калі, вядома, сям’я вам даражэйшая за алкаголь, якога ў дзіцячым парку не было і духу — можа, таму і людзей тут было паменей. Кардону не было, аднак адразу на ўваходзе — каб задаць законапаслухмяным грамадзянам патрэбны настрой — дэманстравала свае дасягненні Акадэмія МУС. Дзеці з цікаўнасцю назіралі за тым, як проста ў іх на вачах ствараюцца фотаробаты ды «адкатваюцца пальчыкі», знаёміліся з аднагодкамі-курсантамі ды вучнямі спартыўных школаў.
Атрымаўшы гэтыя неабходныя веды, яны ўрэшце пераходзілі да мірных забаваў — малявання, складання жураўлікаў, парыкмахерскага мастацтва ды народных танцаў. А ў далёкай частцы парку адбывалася найцікавейшае: сапраўдныя рыцары! Тут можна было ўбачыць, як дзяўчаткі з творчага калектыву (па дзіўным супадзенні — у амаль што эльфійскіх строях) вучыліся страляць з лука, а хлопцы-зухі весяляцца, атрымаўшы ў рукі найпрасцейшую сярэднявечную зброю — нешта кшталту аркана. «Глядзі, каб адзін аднаго не перабілі!» — змрочна жартавалі «рыцары», з трывогай сочачы за падрастаючым пакаленнем.