7 красавіка кампанію “Пяцісотгоднасць” у Чэрвені прадстаўляў паэт і кінадакументаліст Уладзімір Мароз. Адбыліся дзве сустрэчы з чытачамі – у цэнтральнай раённай бібліятэцы і ў Чэрвеньскай гімназіі №1. У. Мароз з’яўляецца аўтарам сцэнарыя дакументальнага фільма “Першадрук”, якраз прысвечанага 500-годдзю першай беларускай друкаванай кнігі “Псалтыр”, з якой пачаў друкаваць кнігі Бібліі ў Празе Францішак Скарына. Карціна здымалася на студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і цяпер знаходзіцца на фінальнай стадыі вытворчасці. Уладзімір Мароз расказаў аб працы над фільмам, акцэнтаваў, што веліч постаці Скарыны нам яшчэ трэба асэнсоўваць, што дзейнасць асветніка і першадрукара перажыла свой час і накіравана ў будучыню. Паэт прачытаў вершы, прысвечаныя Францішку Скарыне і беларускай мове, а таксама прадставіў сваю новую паэтычную кнігу “Крыжы на ростанях”. Гучалі як лірычныя, так і вершы на гістарычную тэматыку, якіх у Уладзіміра Мароза даволі, як і дакументальных стужак аб беларускай мінуўшчыне, знятых па яго сцэнарыях. Прысутныя, якія давалі правільныя адказы на пытанні паэта, атрымалі суверніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Сум па Францішку Скарыне
Брат мой на месяц і зоры
Цяжкі пагляд не падніме.
Мякка агорне ў прасторы
Сум па Францішку Скарыне.
Тайна ж улоння Сусвету
Так і знікае загадкай.
Сонца ўзыходзіць над светам,
Хочаш – далоняй пакратай.
Дня сутыкненне і ночы
Толькі імгненне, не болей.
Годнасць глядзіць вочы ў вочы,
Цемры яе не зняволіць.
Праца, служэнне айчыне,
Сонца, і месяц, і зоркі.
Добра. І ўсё ж на чужыне
Сум не салодкі, а горкі.
Толькі паднебнае слова
З цемрадзі выведзе сына…
Брат мой, ускінься нанова!
Будзем,
Францішак Скарына!