У гэты дзень нарадзіліся Станіслаў Сільвястровіч, Алесь Гурло, Анатоль Грыцкевіч, заснаваны Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі…
1833: нарадзіўся Станіслаў Сільвястровіч, удзельнік паўстання 1863—1864.
1892: пабачыў свет Алесь Гурло, паэт.
Алесь Гурло нарадзіўся 31.01.1892 у Капылі (цяпер гарадскі пасёлак Менскай вобласці) у сялянскай сям’і.
Скончыў Капыльскую чатырохкласную вучэльню (1908). Рабіў на лесапільні, зарабляў падзённай працай. У 1909 г. уступіў у рады Капыльскай арганізацыі РСДРП. Пасля працаваў на заводзе “Вулкан” у Пецярбургу. З 1913 служыў на Балтыйскім флоце — спачатку матросам на крэйсеры “Богатырь”, а ў першую сусветную вайну — унтэр-афіцэрам на мінаносцы “Забияка”. Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў браў удзел у штурме Зімняга палаца, у здушэнні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921 вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовы АН БССР. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Полымя”, “Пробліск”. З 1934 — сябра СП СССР.
У 1930 рэпрэсаваны. Высланы на 5 гадоў у Самару. Вярнуўся ў Менск. Памёр 04.02.1938. Рэабілітаваны ў лістападзе 1957.
Першы верш надрукаваў у 1907 г. у газеце “Наша ніва”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Барвёнак” (1924), “Спатканні” (1925), “Сузор’і” (1926), “Зорнасць” (1927), “Межы” (1929), “Выбраныя творы” (1950), “Вершы” (1953), “Вершы” (1972). У 1947 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей “Нашы птушкі”. У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму “Любоў усё змагае”.
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх пісьменнікаў А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, У.Стаўскага і інш.
1918: утварэнне Беларускага нацыянальнага камісарыята.
1929: нарадзіўся Анатоль Грыцкевіч, гісторык.
Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 г. у Менску. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (1996), доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987).
У 1950 скончыў Менскі медычны інстытут, у 1955 — Менскі педагагічны інстытут замежных моваў, у 1958 — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1959 працаваў у інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1975 — загадчык кафедры ў Менскім інстытуце культуры, дырэктар Беларускага інстытуту Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (1996).
Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўласніцкія месты, гістарыяграфію. Аўтар публікацыяў па гісторыі шляхецкага стану, генеалогіі шляхты і выбранцаў. Вывучае рэлігійныя праблемы ў Вялікім Княстве Літоўскім, становішча праваслаўнай царквы, уніяцтва.
1930: памёр Бенедыкт Дыбоўскі, заолаг, прыродазнаўца, лекар (нар. 11.5.1833)
1957: у Мінску заснаваны Дзяржаўны музей Беларусі (цяпер Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі).