Органы дзяржаўнага пільнавання могуць спаць спакойна. 26 кастрычніка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі не лаяліся матам, не знеслаўлялі гонару кіраўніка дзяржавы, не заклікалі да звяржэння дзейнай улады, не раскідалі перад сцэнай прэзерватывы і нават не адкусвалі галовы кажанам. У гэты вечар у коле болей чым двухсот сяброў гурт “Палац” адзначаў сваё 20-годдзе.
Выступ “Палаца” — яўны прэтэндэнт на тое, каб звацца самым нервовым канцэртам года. У выніку ціску на адміністрацыю тэатра людзьмі, прозвішчы і пасады якіх чамусьці не раскрываюцца, мерапрыемства было адмененае, але пасля розгаласу ў прэсе яго ўсё ж дазволілі. Асобную ўдзячнасць з гэтай нагоды лідар гурта Алег Хаменка выказаў тым, хто набыў квіткі, потым здаў, а потым зноў набыў. Але ж крыві органы дзяржаўнага пільнавання папсавалі і гледачам, і адміністрацыі тэатра, і самім музыкам. Па выніку задуманую раней праграму “Палац” паказаць не здолеў, бо прыпыніў на пэўны час падрыхтоўку да канцэрту. Ад задумы запрасіць дзіцячы хор для выканання “Сямілеткі” давялося адмовіцца, як і ад некалькіх харэаграфічных нумароў, відэашэрагу ды іншых задуманых элементаў шоу. А да ўсяго, гітарыст каманды Сяргей Трухановіч з’ехаў выступаць у Маскву, калі стала вядома пра адмену.
Выблыталіся з няпростай сітуацыі “палацаўцы” з гонарам. У гурт часова ўвайшоў Аляксандр Вінакураў, прызнаны летась найлепшым гітарыстам на фестывалі Virage Guitar. Ён прыклаў проста нечалавечыя высілкі ды развучыў песні “Палаца” літаральна за суткі. Праграма была пабудаваная такім чынам, што новыя творы чаргаваліся са старымі хітамі ў новых аранжыроўках. Шмат якія песні на публіцы “Палац” выконваў упершыню. Сярод іх, напрыклад, “Ластаўка”. Аднак цікава, што большасць песняў з прэзентаванага ў гэты дзень дыска “Кола грукатала”, уключна з загалоўным трэкам , ужо атрымала шырокую вядомасць. Больш за тое, некаторыя з іх ужо цяпер прымаюць за народныя, хоць напісаныя яны былі не так і даўно самім Хаменкам. Як, напрыклад, “Праваджала маці сына”, прысвечаная касінерам Каліноўскага і створаная на падставе аднаго толькі вядомага радка з твора тых часоў: “Ой, лёлі, каліна, чырвань ягада горкая”. Працягу Алег так нідзе і не знайшоў, а таму вырашыў дапісаць яе сам. Нямала ўразіў Хаменка вельмі асабістым, шчымлівым нумарам “Спей мне”, які быў запісаны шэсць гадоў таму, але ніколі не выконваўся гуртом.
Сабраць ранейшых удзельнікаў гурта на 20-годдзе не атрымалася. Аднаго з заснавальнікаў “Палаца” Юрыя Выдронка так і не вызванілі, Зміцер Вайцюшкевіч выступаў у гэты час госцем на “Бардаўскай восені” ў Польшчы, Вераніка Круглова стала жыве ў Берліне, Аляксандр Старажук, экс-бубнач “Ляпіса Трубяцкога”, які доўгі час граў у “Палацы”, таксама не здолеў прыйсці. Але без гасцей імпрэза не абышлася. Каб засведчыць сваю павагу да музыкаў, на сцэну падняліся творцы, звязаныя з гуртом даўнімі сяброўскімі і творчымі адносінамі. “Калі мне вельмі сумна, або наадварот — надта весела, я заўжды слухаю “Палац”, — прызнаўся лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч, які падараваў Хаменку пляшку элітнага алкаголю. “Мы вельмі паважаем Алега і дзякуем за тое, што ён ёсць”, — заявіла Аляксандра Кірсанава і выканала чароўнага “Голуба” ў суправаджэнні гітары Канстанціна Драпезы. Блюзмэн Юры Несцярэнка вырашыў у якасці падарунку выканаць беларускамоўны кавер на песню Creedence Clearwater Revival «Have You Ever Seen The Rain?» (“Мару пабачыць гэты дождж”). Пасярод трэку да яго далучылася рытм-секцыя “Палаца”. Юры так захапіўся сам і захапіў астатніх, што вырашыў паўтарыць песню ад пачатку. Павесяліў публіку Алесь Камоцкі, які разам з Хаменкам напісаў колісь гімн для ХК “Дынама” (Мінск). У сувязі з гэтым Алесь з Алегам жартаўліва называюць сябе “гімнапісцамі”. Праўда, ад выканання гімна Алесь адмовіўся і зазначыў, што юбілеяў у сяброў з цягам часу робіцца ўсё больш, але хадзіць на іх хочацца ўсё менш: “А сюды прыйшоў, як толькі дазнаўся, што можна прыходзіць, хоць мяне ніхто і не клікаў, бо Алег з усіх маіх знаёмых музыкаў — самы шчыры”, — падсумаваў Камоцкі ды спеў песню вельмі да месца і да часу — пра тое, як “свет паступова атуляе зіма”. Вельмі эмацыйную кропку ў гасцявой частцы паставіла Наста Шпакоўская з клавішніцай Ірынай Кліменка, працяўшы прысутных да глыбіні душы песняй “Бяжы”. “Хацелася б пажадаць мужнасці гэтым маладым людзям”, — сказала спявачка на адрас музыкаў з “Палаца”.
У другім аддзяленні канцэрту Хаменка з калегамі парадавалі публіку т.зв. “вясёлым блокам”, куды ўключылі свае галоўныя хіты апошніх 20 гадоў. Прычым добра вядомыя песні былі істотна пераасэнсаваныя, як, напрыклад “Ой, долам” і “Русалкі” з нечаканым сола ў духу Pink Floyd. Падчас “Васілейкі” было вырашана наблізіць Каляды, у выніку чаго на сцэне пайшоў снег, праўда, штучны. Заззяла новымі фарбамі і песня “У лузе”, вядомая з саўндтрэку да фільма “Анастасія Слуцкая”, ну а скончылася трохгадзінная дзея масавым распяваннем “Канюшні” ды “Заенькі”.
Сяргей Будкін
Фота – Аляксандр Ждановіч
Аўдыё: “Тузін Гітоў”