Літаратурная сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Някляевым і паэткай Валярынай Куставай адбылася ў беларускамоўным летніку “Чароўны дом Еўрапейскіх сустрэч”, які знаходзіцца ля вёскі Залессе Камянецкага раёну Брэсцкай вобласці, 31 ліпеня.
Выступ адбываўся на прыродзе.
У. Някляеў апавядаў пра сваё станаўленне як паэта, разважаў, як знайсці сваё месца ў гэтым свеце.
Імпрэза доўжылася каля трох гадзін.
На сустрэчы прысутнічала каля 30 чалавек. У асноўным гэта былі студэнты ці тыя, хто толькі скончыў ВНУ.
Асабліва былі ўражаныя слухачы, якія спецыяльна прыехалі з найбліжэйшых вёсак Высокае і Камянец. Яны шчыра былі здзіўленыя, што так далёка ад “цэнтру Беларусі” ладзяцца такія неверагодныя і прыгожыя сустрэчы.
В. Кустава падзялілася сваімі ўражаннямі: “Гэта быў першы раз, калі я апынулася ў беларускай вёсцы, першы раз ночыла ў сапраўднай беларускай хаце і першы раз, калі мне давялося браць ваду з калодзежу. Атмасфера вёскі проста ўражвае. Калі ты выступаеш на вольным паветры, адчуваеш небывалаю прастору. Тут гусі ходзяць, там коні ржуць – не кожны верш прачытаеш у такой атмасферы. Хочацца чытаць нешта разняволенае, палётнае, што мае прастору. Урэшце я зразумела словы А.Сыса, які казаў, што паэт павінен нараджацца ў вёсцы”.
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота Валерыі Куставай.